Відэа

Не плот, а жалезная сцяна: што будуюць палякі ў Белавежскай пушчы - відэа

Жалезную сцяну даўжынёй 186 кіламетраў будуе Польшча на мяжы з Беларуссю. Як выглядае гэтая сцяна, як яе будуюць і чаму б'юць трывогу эколагі, глядзіце ў відэарэпартажы журналісткі Sputnik Іны Грышук.
Sputnik
Белавежская пушча - гэта лясны масіў, які асабліва ахоўваецца ў Беларусі і Еўропе і ўнесены ў спіс Сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Работы ідуць у той частцы пушчы, якая знаходзіцца пад строгім рэжымам аховы, тут забаронены ўсе віды дзейнасці. Нават санітарную чыстку лесу нельга рабіць.
У апошнія тры месяцы тут разгарнулася маштабная будоўля. Частка жалезнай сцяны на мяжы ўжо стаіць, на іншых участках ідуць актыўныя працы, якія пастаянна пад'язджаюць грузавікі з будматэрыяламі. Спецыяльна для гэтых мэт сярод пушчы прабілі дарогу, высеклі частку дрэў. Яшчэ адна дарога пралягае ўздоўж усёй сцяны, раней яе таксама не было.
Загараджальную канструкцыю з бетону і металу, якую ўжо пабудавалі ў Белавежскай пушчы, складана называць плотам. Гэта масіўная капітальная сцяна. Падмурак абсталяваны так званай абаронай ад падкопаў. Праз кожныя пяць-шэсць метраў у зямлю ўбіты чатырохметровыя палі, запоўненыя арматурай і бетонам, паміж імі - на глыбіню прыкладна метр укапаныя бетонныя пліты. Надземная частка падмурка - каля паўметра. Зверху ўстанаўліваюцца металічныя пралёты вышынёй пяць метраў, яны будуць увянчаны кольцамі калючага дроту.
Рашэнне аб будаўніцтве пагранічнай сцяны на беларуска-польскай мяжы было прынята ў канцы мінулага года. Праект распрацоўваўся ў найкароткія тэрміны, экалагічная экспертыза па ім не праводзілася. Яна патрэбна, каб навукоўцы маглі ацаніць, ці не нашкодзіць плот прыродзе.
"Памежны плот, які будуе Польшча - гэта нож, які падзяляе на дзве часткі нашу агульную еўрапейскую каштоўнасць, наш агульны ізумруд - Белавежскую пушчу. Наша мэта - звярнуць увагу на гэтую праблему, спыніць гэтае будаўніцтва і дамагчыся таго законнага кроку, які тут чамусьці забыліся правесці - трансгранічных грамадскіх абмеркаванняў, у якіх маглі б выказаць сваё меркаванне як простыя грамадзяне, так і прадстаўнікі навукі", - адзначыў беларускі экаактывіст, старшыня ГА "Экаманіторынг" Яўген Філімонаў.
Першымі на праблему будаўніцтва памежнай сцяны на беларуска-польскай мяжы ў Белавежскай пушчы звярнулі ўвагу польскія эколагі. Яны напісалі калектыўны зварот у Еўракамісію па Бернскай канвенцыі. Гэта арганізацыя павінна сачыць за выкананнем экалагічнага заканадаўства, асабліва на асабліва ахоўных у Еўропе прыродных аб'ектах. Такі ж зварот адправілі і беларускія экаатывісты. Рэакцыі пакуль не было.
Яшчэ адна важная праблема, на якую зважаюць эколагі - гэта парушэнне звыклых шляхоў міграцыі дзікіх жывёл, якія жывуць у Белавежскай пушчы.
“Гэта сцяна стане той перашкодай, якую не зможа пераадолець ні адна жывёла. І гэты бар'ер у пушчы, на жаль, ствараюць нашы суседзі для ўсяго жывога. Сёння мы ўжо бачым той механізм, які запушчаны і дзейнічае. Гэта ізаляцыя, якая ствараецца разрытай глебай, работай і пастаянным рухам тэхнікі і вышынёй самога плота. Ні адна жывёла да гэтай тэрыторыі, дзе праводзяцца будаўнічыя работы, не падыходзіць. Пачаўся працэс фрагментацыі арэалаў жывёл у гэтым самым ядры Белавежскай пушчы", – адзначыла Вольга Янчурэвіч, кандыдат біялагічных навук, загадчык кафедры факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
>>> Больш актуальнай інфармацыі – у Telegram-канале Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Дзяржкантроль ацаніў урон ад плота ў Белавежскай пушчы
Два ласі загінулі з-за "калючкі" на мяжы з Літвой
Навукоўцы патрабуюць у Польшчы спыніць будаўніцтва агароджы на мяжы