Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага адзначылі ў Віцебску, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Сцяг і герб з’яўляюцца галоўнымі атрыбутамі нашай дзяржаўнасці, увасабленнем нацыянальнай ідэі Беларусі. Яны служаць крыніцамі фарміравання патрыятызму, глыбокай павагі да мовы, культуры і традыцый нашага народа", - заявіў на мерапрыемстве старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч.
Ён падкрэсліў, што ў розны час "знакі нашай краіны" былі рознымі, але заўсёды служылі аднаму – згуртаванню беларускага народа, які стагоддзямі ішоў да свабоды, абараняючы сябе і родную зямлю ад фізічнага і духоўнага заняволення.
Бялевіч адзначыў, што напярэдадні Дня Перамогі з асаблівай падзякай успамінаюць тых, хто аддаў сваё жыццё за вызваленне беларускай зямлі, так і не ўбачыўшы ўзнятага над Рэйхстагам флага перамогі.
"У 50-я гады я служыў на Балтыйскім флоце, калі падчас вялікіх свят над караблямі развіваліся сцягі саюзных рэспублік, мы, беларусы, заўсёды знаходзілі свой родны сцяг, які і тады быў такой жа расфарбоўкі, як і зараз", – падзяліўся ўспамінамі ветэран дзяржаўнай службы, уладальнік ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў "Знак Пашаны" Пётр Сусалка.
Ён пажадаў добрых перамог пад "нашым сцягам і нашым беларускім гербам".
Герб і сцяг – галоўныя сімвалы незалежнасці, "якія перадаюць гісторыка-культурную спадчыну нашага народа", лічыць студэнтка ВДУ імя Пятра Машэрава Анастасія, якая таксама прыйшла на мерапрыемства. Паводле яе слоў, дзяржаўныя сімвалы падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць беларускіх грамадзян, таму іх трэба несці і захоўваць з гонарам.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь