Юбілейны саміт кіраўнікоў дзяржаў-удзельнікаў АДКБ пройдзе ў Маскве

На палях маскоўскага саміту чакаецца двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
Sputnik
МІНСК, 12 мая – Sputnik. Саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) адбудзецца ў расійскай сталіцы 16 мая, паведаміў у чацвер у Маскве журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
"16 мая з нагоды 30-годдзя АДКБ адбудзецца саміт дзяржаў-членаў арганізацыі ў Маскве. Гэта будзе і сустрэча лідараў, і іх асобныя зносіны ў фармаце рабочага снедання", - паведаміў Пяскоў.
Паводле яго слоў, па выніках юбілейнага саміту заявы для СМІ зробяць генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась (ён раней быў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі - Sputnik) і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.
Раней паведамлялася, што на маскоўскай сустрэчы лідараў краін АДКБ можа быць закранута ў тым ліку тэма сітуацыі ва Украіне. Акрамя гэтага, падчас саміту чакаецца двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў РФ і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
АДКБ – міжнародная арганізацыя па пытаннях бяспекі, удзельнікамі якой цяпер з’яўляюцца шэсць дзяржаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія і Таджыкістан. Старшынства ў ёй мяняецца кожны год, у 2021 годзе была Беларусь, у бягучым годзе – Арменія.
Дакументы аб стварэнні АДКБ былі падпісаны 15 мая 1992 года ў Ташкенце. Тады іх падпісалі прэзідэнты Арменіі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана (гэтая краіна выйшла з АДКБ у 2012 годзе). У 1993 годзе да арганізацыі далучыліся Азербайджан і Грузія (абедзве краіны пакінулі АДКБ у 1999 годзе), а таксама Беларусь.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Беларусь ратыфікавала пагадненне аб аказанні прававой дапамогі ў рамках АДКБ
Увосень войскі АДКБ вернуцца ў Казахстан на вучэнні
НАТА стварае пагрозы не толькі для Беларусі і Расіі, але і ўсёй АДКБ – Зась
У АДКБ можа з'явіцца расійска-беларуская міратворчая брыгада
МЗС РФ ацаніў вопыт міратворчай місіі АДКБ у Казахстане