Юбілей праваслаўя ў Жыровічах адзначылі "Манастырскім забегам"

У маштабным спартыўным мерапрыемстве актыўны ўдзел прынялі свяшчэннікі, а тыя, хто не бегаў, акрапілі атлетаў святой вадой.
Sputnik
МІНСК, 24 мая – Sputnik. "Манастырскі забег", арганізаваны Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі на чале з яе старшынёй Іванам Ціханам, прайшоў у Жыровічах. Мерапрыемства было прымеркавана адразу да трох юбілейных дат, паведамілі Sputnik у Беларускім экзархаце.
"У гэтым годзе адзначаецца 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях, а таксама да 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі і 75-годдзя першага адраджэння Мінскай духоўнай семінарыі", - распавялі Sputnik у БПЦ.
Там адзначылі, што падобны "Манастырскі забег" у Навагрудскай епархіі, да якой адносіцца Жыровіцкі мужчынскі манастыр, прайшоў упершыню.
У ім прынялі ўдзел каля чатырох тысяч чалавек, у тым ліку свяшчэннікі Навагрудскай епархіі, удзельнікі маладзёжнага клуба "Сімфонія" пры Свята-Троіцкім саборы Слоніма, студэнты Мінскай духоўнай семінарыі.
"Дыстанцыі па працягласці былі розныя – тры, дзесяць і дваццаць шэсць кіламетраў. Усе беглі па сілах, а на фінішы ўсіх удзельнікаў чакалі прызы", - распавялі ў экзархаце.
У залежнасці ад выбранай дыстанцыі ўдзельнікі прабеглі міма купелі, лёгкаатлетычнага стадыёна, манастырскага заапарка "Эдэмскі сад", вадохрышчанскай крыніцы, храма Кірылы Тураўскага і бліжэйшых вёсак.
Тыя свяшчэннікі, якія не бралі ўдзел у лёгкаатлетычным забегу, акрапілі святой вадой яго ўдзельнікаў. "Манастырскі забег" быў асаблівым па форме – замест стартавага сігналу прагучаў святочны звон званоў, акрамя гэтага свяшчэннікі рушылі ўслед за атлетамі хросным ходам.
"Хросны ход прайшоў па мінімальнай дыстанцыі забегу працягласцю тры кіламетры", - расказалі ў экзархаце.
Па выніках забегу яго арганізатары і ўдзельнікі вырашылі, што "Манастырскі забег" стане традыцыяй.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Лукашэнка павіншаваў Патрыярха Кірыла з днём тэзаімянінаў
Нябесная заступніца Беларусі: сёння свята Жыровіцкага абраза
Лукашэнка адкрыў помнік мітрапаліту Філарэту