Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Як беларусам паступіць у ВНУ Расіі – пакрокавая інструкцыя

Да канца навучальнага года пытанне аб паступленні ў беларускіх школьнікаў становіцца ўсё больш актуальным. Большасць працягвае вучобу ў айчынных ВНУ і ССНУ, а некаторыя з’язджаюць за мяжу. У гэтым плане абітурыенты часцей выбіраюць расійскія ўніверсітэты.
Sputnik
Зараз у ВНУ Расіі навучаецца каля 12 тысяч беларусаў. Больш за ўсё суайчыннікаў вучыцца ва ўніверсітэтах Масквы і Санкт-Пецярбурга. Яшчэ за новымі ведамі едуць у Казань, Смаленск, Цвер, Новасібірск, Уладзівасток, Екацярынбург, Краснаярск і іншыя гарады неабсяжнай і шматнацыянальнай Расійскай Федэрацыі.
Варыянтаў паступлення ў расійскія ВНУ прама зараз – адразу некалькі. Сабралі для вас зручную пакрокавую інструкцыю: якія здаваць экзамены, колькі павінна быць дакументаў і ў якія тэрміны іх будуць прымаць.

ЦТ, АДЭ або экзамен

Першы і, мабыць, самы папулярны варыянт паступлення ў расійскія вну, - па агульным конкурсе. Дастаткова здаць АДЭ (для гэтага трэба ехаць у Расію) або ЦТ (у Мінску і любым абласным цэнтры) і падаць дакументы на любую з праграм бакалаўрыята або спецыялітэта. Прыём адкрываецца 20 чэрвеня.
Калі вы не хочаце здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне або адзіны дзяржэкзамен – альбо і тое, і іншае – можна выпрабаваць сябе ва ўнутраным экзамене, які ВНУ праводзяць самастойна. Фактычна гэта аналаг АДЭ – здаць трэба будзе рускую мову (абавязковы прадмет) і два профільныя прадметы (у залежнасці ад выбранай спецыяльнасці).
Экзамен праходзіць у дыстанцыйным фармаце ў сістэме практорынг: у анлайне ідэнтыфікуецца асоба абітурыента, пасля выдаюцца заданні, а сам працэс здачы кантралююць практоры, якія з дапамогай вэб-камеры бачаць, што адбываецца на маніторы камп’ютара экзаменуемага. Такое выпрабаванне праходзіць пазней за тэрміны АДЭ і ЦТ – з 8 па 25 ліпеня.
Пры гэтым камбінаваць ЦТ і АДЭ нельга: можна прадставіць прыёмнай камісіі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па двух прадметах і здаць у ВНУ самастойны экзамен па астатнім прадмеце.

Па квоце

Другі варыянт паступлення ў расійскія ВНУ – па квоце Рассупрацоўніцтва. Самы просты і бесклапотны, на думку многіх абітурыентаў і бацькоў. Квоты на бясплатнае навучанне штогод выдзяляе расійскі ўрад для замежных абітурыентаў. Акрамя вучобы на бюджэце, яна прадугледжвае стандартную стыпендыю 2500 рублёў (105 беларускіх), месца ў інтэрнаце і многія іншыя прэферэнцыі.
З добрымі ацэнкамі за семестр можна прэтэндаваць на павышаную стыпендыю – гэта яшчэ плюс 10 тысяч расійскіх рублёў. А за пэўныя навуковыя праекты ўніверсітэты могуць штомесяц налічваць дадатковыя 15 тысяч – з фонду імянных стыпендый.
У гэтым годзе для беларусаў выдзелена 1100 месцаў на бясплатную вучобу ў Расіі. Праўда, паступіць па квоце сёлета ўжо не атрымаецца. Звычайна набор пачынаецца ў верасні за год да паступлення і заканчваецца ў лютым-сакавіку.
Падаваць заяўку на навучанне трэба на гэтым партале, сам адбор праходзіць у два этапы: першы – у прадстаўніцтве Рассупрацоўніцтва ў Мінску (у лістападзе за год да паступлення), другі – непасрэдна ў расійскіх ВНУ (тэрміны вызначаюцца навучальнымі ўстановамі). У якасці ўступнага экзамену абітурыенты праходзяць тэсціраванне ў фармаце практорынгу па профільных прадметах будучай спецыяльнасці.
У наступным навучальным годзе (2023/2024) колькасць месцаў для беларусаў будзе істотна павялічана.

Конкурс партфоліа

Яшчэ адзін варыянт паступлення ў РФ – самастойны адбор, які праводзяць ВНУ. Прасцей кажучы, конкурс партфоліа. Улічваюцца ўсе школьныя дасягненні: атэстат з адзнакай, даследчыя работы, удзел у міжнародных алімпіядах, адзнака "Гатоў да працы і абароны". Пры гэтым праходзіць іншыя адборачныя выпрабаванні накшталт ЦТ або АДЭ не трэба.
Яшчэ адна важная дэталь: з 2023 года ў расійскія ўніверсітэты можна паступаць без экзаменаў пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд у Беларусі, такое новаўвядзенне ўвяло Мінадукнавукі РФ.

Якія патрэбны дакументы і куды іх несці?

Для паступлення па агульным конкурсе і конкурсе партфоліа неабходна ўсяго толькі некалькі дакументаў: пашпарт, атэстат пасля 11 класа, заява аб прыёме і, калі ёсць дасягненні, то іх пералік.
Усе дакументы падаюцца дыстанцыйна праз асабісты кабінет на сайце ВНУ. Рэгіструемся ў сістэме, загружаем сертыфікаты ЦТ (калі здавалі тэсціраванне) і дасягненні (калі маюцца). Вынікі АДЭ загружаць у сістэму не трэба, да прыёмнай камісіі ВНУ яны паступаюць напрамую ад Расабрнагляду. У асабістым кабінеце неабходна толькі ўказаць, па якіх прадметах вынікі дзяржэкзамену ёсць. Прыёмная камісія ўважліва адсочвае ўсе матэрыялы, калі чагосьці не хапае, наўпрост звязваецца з абітурыентам.
Для паступлення па квоце Рассупрацоўніцтва патрэбны наступныя дакументы:
пашпарт,
выпіска адзнак за 10-ы клас,
вынікі тэсціравання,
індывідуальныя дасягненні (алімпіяды, навучальныя канферэнцыі, уласныя вынаходкі).
Дыстанцыйна падаць дакументы ў прыёмныя камісіі можна ў некалькі ВНУ РФ запар, чаго нельга зрабіць у Беларусі. У цэлым жа, амаль увесь працэс уступнай кампаніі ў Расіі праходзіць выдалена: падача дакументаў – праз асабісты кабінет на сайце, здача ўнутранага экзамену – праз сістэму практорынгу. Даведацца, паступіў ці не паступіў, таксама можна анлайн на сайце ВНУ. Там жа можна паглядзець прахадныя балы ў мінулым годзе і кошт вучобы.

Якія ВНУ РФ зараз у топах у беларусаў?

Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт – бадай, самы папулярны сёння ў беларускіх абітурыентаў. На ўсіх узроўнях адукацыі там вучыцца каля 500 суайчыннікаў. Толькі па квоце ўрада РФ сёлета залічваецца каля 80 абітурыентаў.
У топе ў нашых абітурыентаў традыцыйна Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут, у ім навучаецца каля 300 беларускіх студэнтаў. Далей у рэйтынгу, па даных Мінадукнавукі РФ, Санкт-Пецярбургскі політэхнічны універсітэт Пятра Вялікага, дзе рыхтуюць будучых інжынераў, нафтавікоў, будаўнікоў, аэрамеханікаў і біятэхнікаў.
Каціруюцца таксама Расійскі эканамічны ўніверсітэт імя Г.В. Пляханава, Нацыянальны даследчы ўніверсітэт "Вышэйшая школа эканомікі", Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт "МІФІ", Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў і іншыя.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Новыя філіялы расійскіх ВНУ могуць з’явіцца ў Беларусі – Грызлоў
Расійскія ВНУ ў разы павялічаць набор беларусаў на бясплатную вучобу
ЦТ-2022: якім абітурыентам не трэба здаваць тэсціраванне
Беларускія ВНУ пачнуць прымаць дакументы на паступленне з 18 ліпеня
Мінадукацыі расказала, калі можна даведацца аб прахадных балах ў ВНУ