Артыкул за заклікі да "мер абмежавальнага характару (санкцый)" у беларускі КК ужо дададзены і да адказнасці па ім могуць прыцягнуць. Максімальнае пакаранне – 12 гадоў пазбаўлення волі.
Такі тэрмін суд можа прызначыць за заклікі да ўвядзення санкцый супраць нашай краіны ў СМІ, або праз Інтэрнэт, або калі заклікала службовая асоба і выкарыстоўвала свае паўнамоцтвы для гэтага.
Яшчэ адна ўмова, пры наяўнасці якой чалавек можа атрымаць 12 гадоў за заклікі да санкцый, - калі яго дзеянні выклікалі цяжкія наступствы.
Канфіскацыі сярод пакаранняў, якія можа прызначыць суд па гэтым артыкуле, няма, і гэта не дзіўна, бо ў дзеючым КК прадугледжана толькі "спецыяльная канфіскацыя", канфіскацыю як пакаранне выключылі з кодэкса некалькі гадоў таму.
Калі ўжываецца "спецыяльная канфіскацыя"?
"Спецыяльнай" у законе канфіскацыю называюць таму, што ў даход дзяржаве пераходзіць не ўся маёмасць асуджанага, а толькі:
тое, пры дапамозе чаго ён учыніў злачынства;
тое, што куплена на даходы ад супрацьзаконнай дзейнасці;
даходы ад карыстання маёмасцю, купленай на даходы ад супрацьпраўнай дзейнасці.
Пры гэтым рэчы не канфіскуюцца, калі па законе яны павінны быць вернуты іншаму чалавеку. Напрыклад, украдзены мабільны тэлефон не канфіскуюць у даход дзяржавы, а вернуць законнаму ўладальніку.
Гэта значыць, калі казаць пра выпадак з санкцыямі, калі дзяржабвінавачанню ўдасца даказаць, што да санкцый асуджаны заклікаў не бескарысліва, а за плату, то ўсё, што ён купіў за гэтыя грошы, могуць канфіскаваць.
Адсюль вынікае, што дом ці кватэру, якія чалавек купіў да таго, як яго асудзілі за заклікі да рэстрыкцый, канфіскаваць не могуць, але варта сказаць, што ёсць іншыя падставы для іх адабрання.
Кампенсацыя страт
Уся справа ў тым, што пацярпелыя ад злачынства маюць права на кампенсацыю тых матэрыяльных затрат, якія яны панеслі з-за дзеянняў злачынцы. Спаганяецца такое пакрыццё ў рамках грамадзянскага іску ў крымінальным працэсе.
І, напрыклад, калі прадпрыемства, якое трапіла пад санкцыі, даказвае, што з-за санкцый, якія ўвялі па закліках асуджанага, яно пазбавілася пэўных сум, якія, напрыклад, арыштавалі на яго рахунках за мяжой, яно мае права спагнаць гэтыя грошы з таго, хто прызываў да санкцый.
Пастанову суда аб спагнанні сум будуць прыводзіць у жыццё судовыя выканаўцы, а яны маюць права апісаць і прадаць для пагашэння даўгоў маёмасць даўжніка, калі ў яго няма грошай на пагашэнне сумы.
Не могуць прадаць за даўгі, напрыклад, адзінае жыллё чалавека і іншую маёмасць, якая забяспечвае мінімальныя патрэбы чалавека. Усё, што пакінуць, уключана ў пералік, які прыкладаецца да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Лукашэнка адобрыў увядзенне крымінальнай адказнасці за заклікі да санкцый
Дэпутаты прынялі праект аб адказнасці за заклікі да санкцый
Пратасевіч прызнаў віну ў закліках да пратэстаў у Беларусі
Раскрыты дэталі праекта закона аб адказнасці за заклікі да санкцый
Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэнне па пакеце заходніх санкцый