МІНСК, 21 чэр – Sputnik. Краінам ЕАЭС трэба паскорыць пераход на ўласныя міжнародныя фінансавыя механізмы, заявіў прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін на пашыраным пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў аўторак, перадае карэспандэнт Sputnik.
Кіраўнік урада чарговы раз падкрэсліў, што ціск калектыўнага Захаду на асобныя краіны "пяцёркі" ўзмацняецца, гэта адбіваецца на ўсіх удзельніках саюза. Эканомікі дзяржаў-членаў ЕАЭС цесна звязаны, таму, паводле слоў расійскага прэм’ера, эфектыўна адказваць на заходнія рэстрыкцыі можна толькі разам.
"Асноўная задача – мінімізаваць уплыў санкцый на грамадзян, умацаваць эканамічную стабільнасць", - адзначыў Мішусцін.
Паводле яго слоў, важна забяспечыць і далейшае паступальнае развіццё еўразійскай інтэграцыі. Перш за ўсё, у бягучай сітуацыі важна наладзіць працу для нармальнага функцыянавання бізнесу. Для гэтага ў тым ліку карэкціруюцца правілы адзінага мытнага, мытна-тарыфнага, нетарыфнага і тэхнічнага рэгулявання.
"Прапануем паскорыць пераход на ўласныя міжнародныя фінансавыя разліковыя механізмы, пашырыць практыку выкарыстання нацыянальных валют у знешнегандлёвых аперацыях паміж намі – з тымі краінамі, якія зарэкамендавалі сябе надзейнымі партнёрамі", - заявіў расійскі прэм’ер.
Фармацэўтыка і авіябудаванне
Ён дадаў, што краінам-членам Еўразійскага саюза неабходна нарошчваць кааперацыю ў сферах імпартазамяшчэння, размова ідзе аб прыярытэтных высокатэхналагічных галінах прамысловасці. Акрамя таго, лічыць кіраўнік расійскага Кабінета міністраў, трэба знізіць залежнасць ад замежных паставак, запусціць уласныя інавацыйныя праекты па распрацоўцы запатрабаванай прадукцыі.
"Перспектыўным лічым узаемадзеянне ў сферы авіябудавання, фармацэўтыкі. Прапануем актывізаваць узаемадзеянне і па лічбавым парадку дня. (…) Адзін з перспектыўных напрамкаў у гэтым плане – развіццё сістэмы лічбавай маркіроўкі на тэрыторыі ЕАЭС. Яна прадэманстравала ўжо сваю эфектыўнасць", - адзначыў Мішусцін.
Барацьба за транзіт
У сваім выступленні прэм’ер-міністр закрануў тэму харчовай бяспекі. Паводле яго слоў, дзяржавы саюза поўнасцю забяспечваюць сябе ключавымі відамі харчавання.
"Пры гэтым мы і ў далейшым будзем абараняць інтарэсы нашых вытворцаў, стымуляваць імпартазамяшчэнне, ствараць агульныя рынкі аграпрамысловага комплексу", - падкрэсліў кіраўнік расійскага ўрада.
Ён нагадаў, што санкцыйная палітыка недружалюбных краін прывяла да парушэння лагістычных і гандлёвых ланцужкоў ва ўсім свеце. Гэта ставіць новыя задачы перад дзяржавамі "пяцёркі".
"Цяпер важна паскорыць развіццё інфраструктуры, якая стане часткай міжнародных транспартных калідораў па кірунку Усход-Захад і Поўнач-Поўдзень. Гэта неабходна для звязанасці Еўропы і Азіі. Вольнае перамяшчэнне тавараў унутры саюза, адсутнасць унутраных мытных меж, інтэграцыя ў сферы транспарту і наяўнасць развітой інфраструктуры могуць стаць ключавымі перавагамі ў глабальнай канкурэнцыі за транзіт", - сказаў на заканчэнне Мішусцін.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Беларусь павялічыла тавараабарот з краінамі ЕАЭС на 10%
Квоты на цукар і пошліны: у Мінску праходзіць пасяджэнне Савета ЕЭК
ЕАЭС трымае абарону ў глабальнай эканамічнай вайне – Галоўчанка