Расіяне раскупілі ўсе паляўнічыя туры на дзікую качку на "Браслаўскіх азёрах"

На гэтых выхадных у нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" адкрыецца сезон палявання на вадаплаўную дзічыну. Паляўнічыя туры на дзікую качку праводзяцца тут з 2014 года і за гэты час сталі вельмі папулярныя сярод паляўнічых з Расіі.
Sputnik
Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" Сяргей Танана распавёў карэспандэнту Sputnik Вользе Дземянчук аб тым, наколькі папулярна паляванне на качку сёння і чаму яно так прыцягвае расійскіх турыстаў.

Калі і пры якіх умовах можна паляваць на дзікую качку?

Танана адзначае, што, згодна з "Правіламі палявання" на тэрыторыі Беларусі, сезон палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну адкрываецца з другіх выхадных жніўня (з 13 жніўня сёлета). Завершыцца ён у другія выхадныя снежня. Дзікае качка – першая, на каго дазваляецца паляванне ў гэты досыць працяглы перыяд, крыху пазней можна будзе паляваць на гусі, рабчыка і курапатку.
"У нацыянальным парку загадзя пачынаюць падрыхтоўку да палявання на дзікую качку. Ужо вясной на балотах устанаўліваюць штучныя гняздоўі для таго, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для вывядзення птушанят дзікай качкі. Гэта неабходна, у тым ліку і для таго, каб абараніць носку птушкі ад драпежнікаў – лісы, янота, а таксама драпежных відаў птушак. Перад пачаткам палявання ў месцы пасялення птушак егеры прывозяць збожжаадходы і такім чынам падкормліваюць птушак. Да сярэдзіны жніўня дзікія качкі ўжо паспяваюць вывесці новае патомства. Менавіта таму ў гэты час на яе ўжо можна паляваць", – тлумачыць Сяргей Танана.

Наколькі папулярна паляванне на качку?

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" пачаў арганізоўваць паляўнічыя туры на качку пасля таго, як у 2014 годзе было забаронена паляванне на дзіка.
"Гэты дастаткова актыўны від палявання адразу выклікаў вялікую цікавасць у турыстаў. Паляванне на дзікую качку чымсьці нагадвае загонны від палявання, калі ў працэсе задзейнічаны адразу сем-восем паляўнічых. У паляванні бяруць удзел і сабакі (курцхары, дратхары, ягдтэр’еры), якія дапамагаюць шукаць здабычу. Трэба сказаць, што тыя паляўнічыя, якія хаця б раз паспрабавалі папаляваць на качку, потым кожны год вярталіся зноў”, – адзначае суразмоўца.

Чаму паляванне на качку так прываблівае турыстаў з Расіі?

Найбольшую цікавасць гэты від палявання выклікае ў расіян. Штогод колькасць расійскіх паляўнічых, якія прыязджаюць папаляваць на дзікую качку, складае амаль 100%. Напрыклад, у 2019 годзе за сезон у парк прыязджалі 40 чалавек, у 2020 годзе, у сувязі з кавіднымі абмежаваннямі, колькасць паляўнічых знізілася ўдвая. У гэтым жа годзе ўсе паляўнічыя туры на дзікую качку раскуплены расійскімі турыстамі, і можна казаць аб выхадзе на ранейшы ўзровень наведвальнасці.
"Турыстаў з Расіі на Браслаўскіх азёрах прыцягвае камфартабельнае размяшчэнне, прафесійнае егерскае абслугоўванне, наладжаная транспартная лагістыка і, безумоўна, прывабны кошт. За два-тры дні паляўнічага тура на качку расіяне гатовы заплаціць каля тысячы долараў. Дарэчы, кошт аднаго дня палявання для беларуса складае 12 рубляў, а для замежніка – 200", - падсумаваў Сяргей Танана.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Чаму было звольнена каля трэці супрацоўнікаў Дзяржінспекцыі, расказаў Церцель
Беларусь і Расія зарыбяць Днепр сцерляддзю
Папуляцыя беларускага зубра падрасла за год, па колькасці лідзіруюць самкі