Згодна з народнымі традыцыямі Спас святкуюць тройчы, пачынаючы з 14 жніўня.
Першы – Мядовы Спас або Макавей (14 жніўня); другі – Вялікі ці Яблычны Спас, свята Праабражэння Гасподняга (19 жніўня); трэці – Малы, або Хлебны ці Арэхавы Спас (29 жніўня).
Сёння ж – сапраўды салодкая нядзелька з нагоды пачатку старажытнага земляробчага свята, звязанага з выспяваннем пладоў. Гэтае свята здаўна было прынята адзначаць смачна ў коле сям’і і сяброў, а таму прапаную далучыцца да даўніх традыцый.
Магія "макавых традыцый"
Як і большасць значных свят, Макавей пачынаўся са святочнага набажэнства ў царкве, дзе ў гэты дзень асвячалі мёд, ваду, садовыя кветкі, моркву, сланечнік.
У гэты дзень было прынята есці пірагі з мёдам, морквай і макам. Таксама ў народзе захавалася памяць пра "макавыя традыцыі", калі імкнуліся не толькі ўволю наесціся маку але і правесці з ім пэўныя абрады.
У любоўнай магіі мак не на апошнім месцы. З-за вялікай колькасці зярнятак у макаўцы мак быў сімвалам урадлівасці. Таму, каб у маладых было шмат дзетак, існавала традыцыя ўпрыгожваць вясельны стол букетамі з кветак маку.
Квітнеючы мак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аднойчы чула гісторыю, як жанчына, пакрыўджаная на дзяўчыну, якая адмовіла яе сыну, падсыпала зерне маку да яе парогу, жадаючы, каб тая ніколі не мела пары.
Аб замужжы ў ноч на Макавей дзяўчаты варажылі:
"Макавею, Макавею,
Я на цябе канапелькі сею!
Скажы мне, Макавею, дзе мая пара,
Каб я з ім у гэту ноч канапельку брала?"
Выкарыстоўвалі мак і ў якасці зачура:
сыпалі ў чаравікі нявесце,
абсыпалі навокал сябе, калі ішлі на суд,
сыпалі ў калодзеж, каб выклікаць дождж падчас засухі,
макам, асвечаным у царкве, абсыпалі на Макавей хату і хлявы ад нябожчыкаў (на Тураўшчыне).
Карысталіся макавым зернем і ў народнай медыцыне. Макавае малачко давалі дзецям, каб лепей спалі і як супрацьгельмінтны сродак. "Як маладая была, то многа маку ела, то саліцёр вышаў" (Браслаўшчына).
Народная мова і мак
Першы Спас лічыўся провадамі лета. У гэты дзень назіралі за надвор’ем і верылі, што калі на Макавей ідзе дождж, то будзе шмат грыбоў. Калі ж суха, то трэба асцерагацца пажараў. Прыкмячалі, што ад Першага Спаса халодныя росы і хутка надыдзе восень. Радаваліся першаму ўраджаю гародніны, неслі яе асвячаць у царкву і пачыналі ласавацца "маладой" бульбай, прыгаворваючы: "Святы Макавей бульбы накапаў, рабят накарміў".
Дарэчы, макавыя завядзёнкі глыбока ўвайшлі ў побыт беларусаў, што стала асобнай культурнай і моўнай з’явай.
Так, таму, каму трэба было сцішыцца, не капрызіць, прапанавалі "сядзець макам". А пра таго, хто занадта засядзеўся, казалі: "Пайшоў і макам сеў там".
Калі хлопец дужа заляцаўся да кагосьці, пра яго можна было пачуць: "Сцелецца перад ёй макам".
У выпадку, калі было вельмі мала ежы, заўважалі: "Хоць бы макава зярно з’есці, капялётачку".
І нават, прадчуваючы сваю пагібель, продкі прамаўлялі: "Ну, гэта ўжо дык макам" ці "Загінуў я макам".
Смак макавай кухні
Не было той гаспадыні, якая б не сеяла мак на сваім агародзе. Ён здаўна выкарыстоўваецца ў кулінарыі і асабліва ў кандытарскіх вырабах у многіх народаў свету. Спелы мак зразалі і сушылі ў пучках, пасля чаго старанна вытрасалі і ссыпалі для захоўвання ў палатняныя мяшочкі бліжэй да печы. Калі ж мак не ўдаваўся, то моцна не гаравалі: "Не ўрадзіў мак, перабудзем так". Галоўнае, каб маку хапіла для Велікоднай выпечкі!
Наперадзе двухтыднёвы пост, празваны ў народзе "спасаўкай-ласаўкай", а напярэдадні яго казалі: "Калі хочаш – гавей, а назаўтра – Макавей".
Што ж гатавалі продкі на Макавей? Пірагі з начынкай з гародніны, варэнікі, кашы з макам, стравы, ў якія можна было макаць, і шмат чаго яшчэ.
Бульбяны пірог з макам па-семежаўску
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Бульбяная каша з макам па-семежаўску
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
200 г маку,
соль.
Як гатаваць. Абабраць і зварыць бульбу, добра адцадзіць, стаўчы. Асобна сцерці мак. У форму пакласці бульбы (2 часткі), затым слой маку (1 частку), накрыць бульбай. Даць астыць і нарэзаўшы на кавалкі падаць да стала.
Заўвага: як церці мак? Прамыць мак у цёплай вадзе, затым двойчы абліць крутым варам. Першы раз кіпень хутка зліць, другі раз – патрымаць не болей за 1 хвіліну, каб не страціць алей. Потым мак адціснуць праз марлю, складзеную ўдвая, і, перамяшаўшы з цукрам (або без яго), перацерці ў ступцы або ў адмысловым гліняным посудзе "макацёры". Калі макам хочуць пасыпаць выпечку, то дадаюць у яго крыху сіропу або варэння, каб ён пасля не асыпаўся.
Макотра - старажытны керамічны посуд
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ігрушы з мёдам
З чаго гатаваць:
ігрушы (па патрэбе),
мёд (па смаку).
Як гатаваць. Салодкія, але не пераспелыя ігрушы нарэзаць, як вам хочацца. Мне падабаецца кружочкамі. Цяпер паліце іх мёдам і ў хуткім часе падавайце на стол.
Для гэтага ласунка лепш браць сакавітыя летнія (раннія) ігрушы. Але скурка ў іх вельмі далікатная, таму і падаваць на стол іх трэба амаль толькі зрабіўшы.
Аладкі з морквы
З чаго гатаваць:
125 г морквы,
15 г масла,
1 яйцо,
1/3 шк. мукі,
соль.
Як гатаваць. Памыць і абабраць моркву, дробна натаркаваць. У маркоўную масу дадаць яйцо, муку, соль, перамяшаць і выпякаць на масле або сланечнікавым алеі.
Падаваць са смятанай або мёдам.
Смачна есці!
Таксама на Sputnik:
Стаміліся ад мядовікаў? Арыгінальныя рэцэпты страў з мёдам
Сёння праваслаўныя адзначаюць Мядовы Спас
Фотафакт: паломніцтва на Макавей да Блакітнай крыніцы