Пашынян адмовіўся падпісаць дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі АДКБ

Армянскі прэм’ер звярнуў увагу на тое, што адсутнасць дакладнай палітычнай ацэнкі сітуацыі Азербайджан можа інтэрпрэтаваць як зялёнае святло з боку АДКБ для далейшай агрэсіі супраць Арменіі.
Sputnik
МІНСК, 24 ліс – Sputnik. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што адмовіўся падпісаць дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Саміт АДКБ прайшоў у сераду, 23 лістапада. Пасля ў Пашыняна адбыліся двухбаковыя перагаворы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

З чым не згодзен Пашынян

Як растлумачыў Пашынян, Арменія прапануе рашэннем савета АДКБ паскорыць правядзенне неабходнай палітыка-дыпламатычнай работы з азербайджанскім бокам, каб забяспечыць "неадкладны і безумоўны" вывад азербайджанскіх войск на зыходныя пазіцыі па стане на 11 мая 2021 года.
Паводле яго слоў, гэта важна, каб аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі, а таксама не дапусціць далейшых агрэсіўных дзеянняў Азербайджана. Пры гэтым Пашынян нагадаў, што аб захаванні рызыкі новай агрэсіі з боку Азербайджана ў кастрычніку гэтага года дакладваў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась.
Армянскі прэм’ер звярнуў увагу на тое, што адсутнасць дакладнай палітычнай ацэнкі сітуацыі Азербайджан можа інтэрпрэтаваць як зялёнае святло з боку АДКБ для далейшай агрэсіі супраць Арменіі. Што, паводле слоў Пашыняна, "супярэчыць не толькі літары, але і духу і сэнсу асноўных дакументаў АДКБ".
У сувязі з чым Пашынян палічыў праект "Дэкларацыі СКБ АДКБ і аб сумесных мерах па аказанні дапамогі Рэспубліцы Арменія" недастаткова дапрацаваным і адмовіўся яго падпісваць у такім выглядзе.

Прыгранічны канфлікт

На мяжы Арменіі і Азербайджана перыядычна адбываюцца перастрэлкі. Апошняе сур’ёзнае абвастрэнне адбылося ў ноч на 13 верасня. У Ерэване заявілі, што азербайджанскія вайскоўцы абстралялі прыгранічныя тэрыторыі Арменіі, выкарыстаўшы пры гэтым артылерыю і беспілотнікі. У сваю чаргу ў Баку заявілі, што армянскія вайскоўцы абстралялі пазіцыі азербайджанскіх войск на мяжы і абвінавацілі Ерэван у намеры сарваць мірны працэс.
Абодва бакі паведамілі аб стратах сярод сваіх вайскоўцаў. Да раніцы бакі дамовіліся аб спыненні агню.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Пуцін распавёў аб рашэнні канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам
Лукашэнка сказаў, хто можа стаць пасрэднікам паміж Ерэванам і Баку
Мінабароны Азербайджана абвінаваціла Арменію ў парушэнні рэжыму спынення агню