У складаным становішчы апынуліся вадзіцелі вялікагрузаў з чаргі да пункта пропуску "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы. У апошні месяц тут сабралася так шмат машын, што стаяць ім даводзіцца ў два рады, займаючы дзве абочыны двухпалоснай дарогі. Паміж імі – вузкі калідор, праз які можа праехаць толькі адна грузавая машына.
"Злева – фуры, справа – таксама фуры. Тут проста няма куды спіхваць снег. Коўш спіхваў яго на колы фур, яшчэ больш іх закопваючы", - растлумачыў кіроўца аднаго з вялікагрузаў з чаргі.
Пасля вялікага снегападу тут не змагла працаваць снегаўборачная тэхніка. Цяжкія машыны на працягу ўсяго дня перыядычна захрасалі ў снежнай кашы. Іх даводзілася адкопваць і выцягваць з дапамогай іншых грузавікоў.
Па словах вадзіцеляў, на такой заснежанай і слізкай дарозе фуры цяжка даецца нават самы малы ўздым. Не дапамагаюць і ланцугі, якія апранаюць на колы вялікагрузаў. Каб хаця б часткова ачысціць дарогу, вадзіцелі ўвесь дзень працавалі рыдлёўкамі. Але і гэта не асабліва дапамагло. Да канца панядзелка наспела рашэнне. Яго прапанаваў адзін з дальнабойшчыкаў з чаргі.
"Я патэлефанаваў у дарожную арганізацыю, якая адказвае за гэты ўчастак, і папрасіў, каб яны прыгналі сюды МАЗ. Мы дамовімся з іншымі кіроўцамі з чаргі і цалкам вызвалім участак дарогі каля 1,5 км бліжэй да мяжы, дарожнікі яго пачысцяць, пасыпяць, потым вызвалім наступны ўчастак і гэтак далей", - распавёў дальнабойшчык Павел.
Паводле яго слоў, калі ўсе вадзіцелі пойдуць насустрач і снегапад не ўзмоцніцца, такімі тэмпамі да раніцы яны змогуць пачысціць дарогу.
Усяго каля пункта пропуску "Прывалка" ўезду ў Літву чакаюць больш за 500 фур. Тут няма электроннай чаргі і стаянкі з зонай чакання. Тут машыны проста стаяць уздоўж узбочыны. Усяго іх дзве – платная пачынаецца на 8-м кіламетры ад мяжы, тут стаяць вялікагрузы, якія маюць платныя пропускі на прыярытэтнае перасячэнне мяжы, даўжыня другой – каля трох кіламетраў, у яе становяцца ўсе астатнія фуры. Тэрмін чакання ў чэргах – больш за пяць сутак.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Вялізныя чэргі: больш за 2,2 тысячы фур чакаюць выезду з Беларусі ў Літву
Казахстан зняў забарону на перачэпку для фур з Беларусі і Расіі
Беларусь і Кітай абмяняліся "дазволамі" на перавозку грузаў