Фота

Навагодні Гомель: лепшыя месцы для святочных сэлфі

Менш за тыдзень засталося да Новага года, і Гомель ужо на ўсю моц свеціцца святочнай ілюмінацыяй. Традыцыйна яна ярчэйшая ў цэнтры, але і ўскраіны імкнуцца здзівіць.
Sputnik
Кожны раён творыць па-свойму, прадпрыемствы і арганізацыі спаборнічаюць, у каго пышней ёлка, мудрагелістей светлавая кампазіцыя і даўжэй гірлянда. Вашай увазе – пераднавагодняя фотасправаздача з вячэрніх вуліц Гомеля ад рэгіянальнай рэдакцыі Sputnik.
На плошчы Леніна тысячамі агнёў ззяе галоўная ёлка Гомельшчыны. Апранутая ў "піксельную сукенку" зялёная прыгажуня 32 метры ў вышыню і ідэальна роўнай геаметрычнай формы.
А побач з галоўным сімвалам Новага года адкрыўся "Музычны сад" з беласнежнымі дрэвамі-лаўкамі. Месца рэлаксацыі і самых удалых навагодніх сэлфі займае больш за 400 квадратных метраў. Музычная праграма ў гэтай зоне адпачынку суправаджаецца светлавымі эфектамі – як і на галоўнай ёлцы, яны мяняюцца ў такт музыцы.
Тут жа, на цэнтральнай плошчы, устаноўлены ўжо знаёмыя гамяльчанам элементы ілюмінацыі – знакі задыяка і чароўныя аркі, да будынка абласнога драматычнага тэатра са святочнай каробкі "выкаціліся" вялізныя ёлачныя шары, а ў скверы імя Тураўскага "распусціліся" лотасы.
Новыя фігуры засвяціліся на Савецкай і сумежных вуліцах – Ірынінскай, Жаркоўскага, Сялянскай. Калі паглядзець уверх, можна ўбачыць парасоны і сэрцы, якія параць у небе. А на бульвары Перамогі нават цэлае зорнае неба. На Кірава і яшчэ некалькіх вуліцах над праезнай часткай уключыліся "люстры".
Да стварэння навагодняга настрою прыклалі руку практычна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі горада. Водаканал разам з гарсвятлом, напрыклад, на месцы фантанаў сканструявалі іх зімовы варыянт. Мусіць, дарагое задавальненне? У Гомельскім гарвыканкаме адказваюць, што не, і нават гавораць аб эканоміі.
"Мы знайшлі спосаб зэканоміць на ілюмінацыі. Закупляем святлодыёдныя стужкі, а не канструкцыі ў гатовым выглядзе. Прыдумляюць і ўвасабляюць праекты ў жыццё рабочая група гарвыканкама, гарадскія архітэктары, работнікі гарсвятла", - растлумачыў нюансы начальнік аддзела ЖКГ Павел Млынарчык.
Галоўны ж сюрпрыз чакае гамяльчан і гасцей горада на вуліцы Савецкай ля гарадской Дошкі гонару. Тут "прызямліўся" паветраны "Шар шакаладных жаданняў". У адзін з мяшочкаў кошыка можна апусціць запіску са сваім запаветным жаданнем і дачакацца 27 снежня. Менавіта ў гэты дзень Дзед Мароз і Трус дастануць па адной запісцы з кожнага мяшочка, каб павіншаваць іх аўтараў з Новым годам.
1 / 11

Галоўная ёлка Гомельшчыны ўстаноўлена на цэнтральнай плошчы.

2 / 11

Паветраны "Шар шакаладных жаданняў" на вуліцы Савецкай.

3 / 11

Ёлачныя шары "выкаціліся" са скрынкі з цацкамі на цэнтральную плошчу.

4 / 11

Ідэю "Музычнага сада" гомельскія архітэктары падгледзелі ў Маскве.

5 / 11

У садзе размешчаны казачныя беласнежныя дрэвы-лаўкі, арганізіваны фотазоны, гучаць навагоднія мелодыі.

6 / 11

Каля галоўнай ёлкі працуе рэзідэнцыя Дзеда Мароза. За расказаны вершык дзеці атрымліваюць падарунак і фота на памяць.

7 / 11

У Гомелі перад Новым годам ужо некалькі гадоў запар "распускаюцца" лотасы.

8 / 11

Арыгінальныя святочныя кампазіцыі гамяльчане змогуць знайсці і ў скверы імя Грамыкі.

9 / 11

Святочнае падсвятленне ўдала падкрэслівае архітэктурныя дэталі старых будынкаў.

10 / 11

Парасоны ў небе на вуліцы Жаркоўскага.

11 / 11

Навагодняя прыгажуня на плошчы Паўстання. Усяго ў абласным цэнтры ўстаноўлена больш за 20 ёлак.

>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Мінск успыхнуў навагоднімі агнямі – паглядзіце, як выглядае галоўная ёлка
Пераднавагодні настрой у зімовых вершах: "Дзеда лепім мы са снегу!"
Вандроўкі на Новы год – 2023: куды паехаць беларусу і колькі гэта каштуе
Час казак у тэатрах: што паглядзець у Мінску на канікулах
Як будуць працаваць бальніцы і паліклінікі на Новы год і Каляды