Напярэдадні Новага года думкі аб адным – як найлепей яго сустрэць. Гэтую ноч святкуюць усе: увесь народ радуецца надыходу Новага Года, каталікі калядуюць і ў іх Шчодрая куцця, а праваслаўныя смачна посцяць, бо іх канефсійнае свята – Раство – яшчэ наперадзе.
У народзе час, блізкі да сонцавароту, лічылі незвычайным і амаль штодня пільна сачылі за прыродай, каб прадбачыць стан надвор’я наперад. Гэта было важна, бо ад гэтага залежыў не толькі будучы ўраджай, але і жыццё і здароў’е свойскай жывёлы. Каб яна не хварэла, 31 снежня ўшаноўвалі памяць святога Мадэста – апекуна свойскай жывёлы.
Свойскія козачкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вельмі чалавечая гісторыя
Чаму ў народзе ніколі не забываліся шанаваць святых? Святымі лічаць людзей, якія сваімі ўчынкамі, мудрасцю, дабрынёй, справядлівасцю паказалі, што могуць быць прыкладам для іншых. Дзякуючы іх выключнай веры ў Бога ім часта прыпісвалі валоданне звышнатуральнымі якасцямі. Так, напрыклад, яны маглі малітвай уваскрашаць памерлых і ацаляць хворых, змагацца "голымі рукамі" з дзікімі звярамі, прадбачыць і спыняць стыхіі, ды здзяйсняць яшчэ шмат розных цудаў. Нездарма іх гераічныя ўчынкі памятаюць і перадаюць ад пакалення ў пакаленне, бо цяжкасці, якія прапаноўвае нам жыццё, магчыма пераадолець абапіраючыся на вопыт мінулых стагоддзяў!
А як жа іначай? І зараз многія сучасныя беларусы, маючы розныя прафесіі, працягваюць дбаць аб зямлі, любіць сваё ды звяртацца да якога-небудзь святога. Так, у прадчуванні свята гаспадары на вёсцы ідуць, як і раней, у хлеў, каб асабліва паклапаціцца пра свойскую жывёлу: даць казе яблык, падкінуць карове духмянага сена, расчасаць грыву каню і ўкласці ў мяккія губы хлебны сухарык, не забываючыся пры гэтым узгадаць з падзякай святога Мадэста.
Куцця
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Святы Мадэст, якога ўшаноўваюць як каталікі, так і праваслаўныя, жыў у Палесціне у часы працяглай вайны паміж Персіяй і Візантыяй. У 614 годзе Іерусалім быў захоплены персамі і амаль знішчаны разам з насельніцтвам. Шмат хрысціян і іх святыні загінулі, у тым ліку быў спалены і Храм Труны Гасподняй. Але архімандрыт Мадэст пазбег выгнання, і лёсу было так наканавана, што ён дзякуючы сваім уласным якасцям змог на акупіраванай напрацягу 14 гадоў тэрыторыі аднавіць і гэты Храм, і іншыя хрысціянскія цэрквы.
Будучы добрым дыпламатам і смелым чалавекам, у варожым атачэнні ён хаваў целы загінулых і нават дамогся таго, каб яму даручылі кіраваць аднаўленнем ушчэнт разбуранага Іерусаліма. Магчыма гэта сталася толькі таму, што не ўсе персы хацелі разбурэння горада і прасілі за хрысціян свайго цара Хасраву ІІ. Мабыць, адумаўшыся, што хапіў лішку, ён дазволіў аднаўленне святынь – і 14 гадоў Мадэст працаваў. Вядома ж не адзін, а разам з іншымі хрысціянамі і, як не дзіўна, на грошы персаў, якія таксама дасылалі ахвяраванні з Персіі.
Паралельна святы лекаваў людзей і ствараў цуды, адзін з якіх звязаны з выратаваннем свойскай жывёлы. Аднойчы да архімандрыта Мадэста ў роспачы звярнуўся жыхар Іерусаліма, у якога здарыўся паморак свойскай жывёлы. Паданне сцвярджае, што быццам бы змей атруціў калодзеж з вадой, якую пілі жывёлы. Святы Мадэст ачысціў калодзеж і ажывіў той статак. З тых часоў жывёлаводы, сяляне пачалі маліцца святому, просячы ў ацаленні жывёл і ахове ад паморку. Гэта падзея была адлюстравана на абразах, але з часам Святы Сінод асаблівым указам забараніў менавіта так адлюстроўваць святога. З цэркваў выдалілі ўсе абразы, дзе Мадэст быў намаляваны з жывёламі, як не кананічныя. Але сяляне працягвалі захоўваць іх у сябе і маліцца святому, як найлепшаму памагатаму пры хваробах мілых сэрцу авечак, коз, кароў і коней. Такая вельмі чалавечая гісторыя!
Мадэст дапамагае ў ацаленні свойскіх жывёл
© Pixabay / greb
Гатуем з поспехам
Гаспадарка гаспадаркай, а ўвечары – свята! Сям’я збярэцца, ды могуць завітаць калядоўшчыкі, а значыць трэба гаспадыні пастаяць каля печы, каб прыгатаваць святочную вячэру!
Рыхтуемся да Багатай куцці з Новым годам і мы з дапамогай старадаўніх, правераных часам рэцэптаў. Лічыцца, што ў такой вячэры павінна быць не менш за 11 страў. Святочны стол вельмі разнастайны: заедкі, гарачы суп, мяса, птушка або рыба, гарнір з капусты, морквы або бульбы, марынаваная гародніна, грыбы, абавязковая куцця з панцаку, дэсерты, разнастайныя напіткі і інш. Але няхай кожная гаспадыня ўзважыць свае сілы. Бяром у рукі фартух, памятаем пра добры настрой і пачынаем!
Рыхтуемся да Багатай куцці з Новым годам!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У залежнасці ад фармату свята гаспадыня стварае меню адпаведна колькасці гасцей. Вядома ж загадзя гатуюцца заедкі ў выглядзе мясных або рыбных рулетаў, проста сушаных ці вэнджаных каўбас і салёнага сала. Гатуюць і разнастайныя сыры, ды таўкуць масла. Яны абавязковыя на калядным стале, як і куцця. Гатуючы гарачы суп, не робяць яго густым. Гэта звычайна мясны булён з дадаткамі. Вось варыянт падобнага булёну, які здаўна гатавалі ў Беларусі яўрэі і які, меркавана, мог бы есці і святы Мадэст.
Булён курыны з выпускнымі яйкамі
З чаго гатаваць:
1,5 л курынага булёну,
4 яйкі.
Наварысты булён
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У курыны булён, які кіпіць, апусціць сырыя яйкі, акуратна раскрыўшы іх з вострага канца. Яйкі важна не пераварыць, каб жаўток застаўся амаль сырым. Для гэтага іх дастаюць шумоўкай і кладуць па яйку кожнаму ў талерку.
Гусь або качка з грыбным соусам
Калядны стол можа быць без гусі, але калі яна ёсць, то гэта класіка! Мяса гусі даволі жорсткае, і яго трэба доўга гатаваць. Запякаць гусь з яблыкамі або надзяваць яе блінамі і вантробамі – складаная задачка. Ды ёсць больш выгадны рэцэпт: можна прыгатаваць маладую гусь з грыбным соусам. Дарэчы, калі няма гусі, то нятлустая індакачка, прыгатаваная па гэтым рэцэпце, будзе самае тое!
З чаго гатаваць:
1 гусь,
1 морква,
1 корань пятрушкі,
1 парэй,
1 цыбуліна,
5-8 зярнят духмянага перцу,
8-10 сухіх грыбоў,
1 ст. л. масла,
1 ст. л. мукі,
4-5 ст. л. смятаны,
соль.
Нятлустая індакачка, прыгатаваная па гэтым рэцэпце, будзе самае тое!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Падрыхтаваную маладую гусь парэзаць на кавалкі і зварыць да мяккасці ў падсоленай вадзе з морквай, пятрушкай, духмяным перцам і сушанымі грыбамі (лепей – баравікамі). Растапіць масла, падрумяніць у ім вялікую лыжку мукі, перамяшаць, уліць некалькі лыжак смятаны, прыкладна 40-100 мл юшкі ад гусі, добра ўзбіць, закіпяціць, працадзіць, дадаць нашаткаваныя грыбы і заліць гэтым гусь пры падачы.
У старажытным рэцэпце пазначана, што булёну трэба ўліць паўкварты. Кварта адпавядае 0,75 л. Калі хочацца, каб соусу было больш, трэба рэгуляваць колькасць вадкасці.
Зразы з грыбамі
З чаго гатаваць:
500 г ялавічыны (мякаць) або нетлустая свініна,
150 г сала,
40 г сушаных грыбоў,
1 ст. л. сметанковага масла,
3 цыбуліны,
2 ст. л. тоўчаных сухароў,
1 яйка,
100 г тлушчу для смажання,
перац,
соль.
Грыбы для стравы трэба замачыць загадзя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Загадзя замачыць грыбы, адварыць, нарэзаць саломкай, змяшаць з абсмажанай на масле нашаткаванай цыбуляй.
Мяса нарэзаць упоперак валокнаў, кожны кавалак адбіць драўляным малатком, пасаліць, паперчыць. На сярэдзіну пакласці брусочкі салёнага сала і грыбны фарш, скруціць у выглядзе каўбасак, замацаваць завостранай драўлянай палачкай ці абкруціць ніткамі. Каўбаскі змачыць у яйку і ўкачаць у сухары. Смажыць у вялікай колькасці тлушчу да ўтварэння румянай скарынкі. Затым паставіць у гарачую духоўку на 10-15 хв.
Бурачкі посныя
З чаго гатаваць:
2-3 бурачкі,
1-2 ст. л. цёртых сухарыкаў,
2-3 ст. л. воцату,
1-2 ст. л. алею,
1 цыбуліна,
1 ст. л. мукі,
1 жменька дробных разынак,
2-3 ч. л. цукру,
соль.
Гатуем посныя бурачкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Спячы або зварыць патрэбную колькасць бурачкоў, пачысціць і старкаваць. Пасмажыць на алеі дробна пасечаную і адціснутую цыбульку, дадаць у бурачкі разам з разынкамі. Дадаць солі і воцату на смак. Тушыць, памешваючы, каб страва не прыгарэла.
Падаючы на стол, абкласці кавалкамі смажанай рыбы або адваранымі грыбамі, абсыпанымі мукой і падсмажанымі ў аліўкавым алеі.
Дадаткі да мяса могуць быць разнастайныя, але беларусы вельмі любяць бульбу. Таму наступны варыянт бульбяной кашы вельмі добры.
Таўчонік
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
1 шк. ячнай мукі,
100 г алею,
соль.
Бульба ў мундзірах
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць бульбу ў мундзірах, аблупіць, стаўчы гарачай, пасаліць і перамяшаць з мукой. Цеста выкласці на разагрэтую і змазаную алеем патэльню, якую можна абсыпаць тоўчанымі сухарамі. Запякаць 30-40 хв. да ўтварэння скарынкі.
Морс з журавін
З чаго гатаваць:
1 шк. журавін,
0,5 шк. цукру,
1 л вады.
Журавіны на морс
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Журавіны перабраць, памыць, расцерці драўляным таўкачыкам у керамічным або шкляным посудзе і адціснуць сок. Дадаць крыху гатаванай вады і працадзіць. Жамерыны заліць вадой, закіпяціць і працадзіць. У адвар усыпаць цукар, давесці да кіпення, астудзіць, перамяшаць са свежым сокам.
Смачных і вясёлых свят!
Цацкі на ёлку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Таксама на Sputnik:
Навагоднія прыкметы і смачныя стравы на святочную вячэру
"Дзед цукеркі раздае ды смяецца ў вусы…": вершы пра Новы год
Навагодняя елка ад А да Я: што сімвалізуе, каго абараняе і як лечыць
Час казак у тэатрах: што паглядзець у Мінску на канікулах
Зімовы квасок для смачнага посту, або Перадкалядны гірос