Адмена спрашчонкі і рост падаткаў: якія змены чакаюць бізнес у 2023 годзе

З 2023 года ІП і самазанятых чакаюць чарговыя змены ў падаткаабкладанні. Якіх новаўвядзенняў чакаць і наколькі вырастуць падаткі?
Sputnik
МІНСК, 4 сту – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання", дакумент №230-3 ад 30 снежня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў сераду.
Асноўныя змены, якія закрануць бізнес, набываюць моц з 1 студзеня. Паглядзелі, што зменіцца для тых, хто плаціць падаткі.

Бывай, спрошчаная сістэма

Самае вялікае расчараванне ў прыватнага бізнесу выклікала адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Улады такое рашэнне прынялі яшчэ год таму, меркавалася адтэрміноўка да 2023 года.
Нагадаем, адзіная стаўка пры "спрошчанай сістэме" была ўстаноўлена на ўзроўні 6%. Цяпер жа ў ІП ёсць два рэжымы падаткаабкладання – падаходны падатак і адзіны падатак. Але і тут ёсць змены.

Падаткі вырастуць

Падаходны падатак (вылічваецца ад розніцы паміж атрыманай выручкай і панесенымі расходамі) з 1 студзеня 2023 года павялічваецца з 16% да 20%. А спісак відаў дзейнасці, згодна з якім ІП маглі плаціць адзіны падатак (фіксаваная стаўка, розная для кожнага віду дзейнасці), істотна скарочаны.
Напрыклад, прыбралі з такога спіска работы па рамонце і тэхабслугоўванні аўтамабіляў, вытворчасць адзення і абутку, стаматалогію. Або, напрыклад, для тых ІП, хто здае жыллё ў кароткатэрміновую арэнду, пакінулі магчымасць прымянення толькі адзінага падатку. Аналіз паказаў, што выручка ў такіх прадпрымальнікаў не адпавядала попыту.
Стаўкі адзінага падатку і для прадпрымальнікаў, і для фізічных асоб у гэтым годзе зноў істотна вырастуць. Нагадаем, з 2022 года іх ужо падымалі – у 1,5-2 разы. З 2023 года адзіны падатак зноў вырас у 2 разы.

Новы падатак для самазанятых – на выбар

З 1 студзеня 2023 года для фізічных асоб уводзіцца новая сістэма падаткаабкладання – падатак на прафесійны даход. Яго памер складае 10% ад штомесячнай выручкі. Пераход на яго – справа добраахвотная.

Новаўвядзенні для рамеснікаў і аграсядзіб

Пакуль што спісак відаў дзейнасці, па якіх можна быць рамеснікам, не чапалі. Але з 1 ліпеня 2023 года па новым заканадаўстве фізічныя асобы змогуць прымяняць рамесны збор толькі ў тым выпадку, калі будзе рашэнне мясцовых органаў улады, што дзейнасць плацельшчыка адносіцца да рамеснай.
Што гэта значыць? Калі кагосьці перастануць лічыць рамеснікам у канкрэтным горадзе ці раёне, яму трэба будзе перайсці на падатак на прафдаход.
Акрамя таго, рамесны збор з 2023 года будуць плаціць крыху інакш. З 1 студзеня трэба плаціць не гадавую суму ў 60 рублёў, а ўносіць па 6 рублёў штомесяц.
Новаўвядзенні чакаюць і аграсядзібы. Яны будуць плаціць па 37 рублёў у месяц (было 31 руб.), калі не пяройдуць на новы падатак на прафдаход. Але выбару не будзе, калі мясцовыя ўлады не далі спецыяльнага дазволу. Тады застанецца толькі другі варыянт.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Віды рамеснага бізнесу скароцяць у Беларусі
Мінск і Масква створаць наднацыянальны падатковы камітэт
Чым закрыюць дэфіцыт бюджэту ў Беларусі ў 2023 годзе
Ніякага атэльнага бізнесу пад выглядам аграсядзіб: Лукашэнка падпісаў указ
Лукашэнка ўхваліў праект дагавора з РФ па падаткаабкладанні ўскоснымі падаткамі