Асабісты фатограф Філарэта: Уладыка заўсёды мне ў камеру махаў рукой

Аксана Кнаўс была асабістым фатографам кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы з 2016 года да самай яго смерці, менавіта яна зрабіла апошнія прыжыццёвыя фота мітрапаліта Філарэта, самага вядомага і самага любімага ў Беларусі праваслаўнага архіпастыра.
Sputnik
Нагодай для сустрэчы з Аксанай паслужыла выстава, якая адрылася ў мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага, прымеркаваная да двухгоддзя з дня смерці Уладыкі Філарэта. Аксана Кнаўс, як аказалася не толькі куратар выставы, але і аўтар шматлікіх фатаграфій прадстаўленых на экспазіцыі.
Пра тое, якім быў мітрапаліт Філарэт перад фотакамерай, каго называў на "ты" і хто, акрамя прэзідэнта Беларусі, дарыў яму белыя ружы, Аксана Кнаўс расказала ў эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту Sputnik Тамары Бяляевай.

Знакавая сустрэча

Аксана Кнаўс стала асабістым фатографам мітрапаліта ў 2016 годзе.
"Гэта было вельмі адказна для мяне. Да таго, як я зрабіла першае фота Уладыкі, я не была з ім знаёмая. Але ад многіх чула, што мітрапаліт Філарэт стаў для іх родным і блізкім чалавекам", - кажа яна.
Спачатку гэта здавалася дастаткова дзіўным, але потым яна зразумела, чаму людзі лічаць важнай у сваім жыцці такую ​​асобу, як мітрапаліт Філарэт.
"Да Уладыкі можна было заўсёды прыйсці па параду. Ніхто не адыходзіў ад яго без дапамогі, без падтрымкі, нават калі яна была сціплай. Але часцей за ўсё, яна была самай важнай – таму што яна была малітоўнай падтрымкай", - распавяла Аксана.

Першае фота

Адна з яе першых фатаграфій Уладыкі Філарэта была зусім будзённай – мітрапаліт, як звычайна, ішоў на богаслужэнне.
"Я яго бачыла першы раз і была ўражана прыгажосцю гэтага чалавека. Ён выйшаў – прыгожы, статны, з густой доўгай барадой. Я потым заўсёды заўважала, што ён яшчэ толькі заходзіць у храм, але ўжо адчуваецца яго малітоўны настрой на богаслужэнне", - распавяла Кнаўс.
Паводле яе слоў, нічога асаблівага ў гэтай першай здымцы не было – акрамя асаблівага эмацыянальнага настрою.
"Я ўспамінаю гэтую здымку з вялікай цеплынёй у сэрцы. Для мяне гэта быў адзін з найважнейшых дзён у жыцці – знаёмства з Уладыкам Філарэтам", - сказала яна.

Дазваляў фатаграфаваць у келлі

"Я фатаграфавала не толькі богаслужэнні, але і прыватныя сустрэчы ва Уладыкі – нейкія моманты келейнага жыцця, калі ён нешта чытаў, быў чымсьці заняты, працаваў з дакументамі", - успамінае Аксана.

Махаў рукой у аб’ектыў

Перад тым як пачаць фотаздымку, фатограф заўсёды старалася браць благаславенне.
"Але бывалі такія моманты, калі перад здымкай не атрымлівалася ўзяць благаславенне, - да прыкладу, госці да мітрапаліта заходзілі раней, чым я. Уладыка глядзеў вельмі ўважліва на ўсіх і, калі бачыў мяне, заўсёды махаў мне ў камеру. Гэта было вельмі кранальным момантам, і ў мяне атрымлівалася шмат фота, дзе Уладыка махае ў аб’ектыў", - распавяла Кнаўс.
Фатограф мітрапаліта Філарэта Аксана Кнаўс на выставе, прысвечанай Уладыку

Любіў разглядаць фота

Мітрапаліт Філарэт вельмі ўважліва і з павагай ставіўся да тых людзей, якія забяспечвалі яго паўсядзённы побыт.
"У мяне быў такі нязначны послух як фатограф, але ўсё роўна ён з увагай ставіўся да маіх работ", - распавяла Аксана.
"Калі ў мяне былі прыгожыя фатаграфіі, я іх скідала на планшэт і магла падысці да мітрапаліта і паказаць, што атрымалася. Ён жа з увагай разглядаў, глядзеў на сябе. Але гэта не было самалюбаваннем. Ён глядзеў на фатаграфіі як на працу творчага чалавека, даваў парады", - кажа фатограф.

Гэта хто на фатаграфіі?

Паводле яе слоў, мітрапаліт сачыў за тым, наколькі яго асабісты фатограф арыентуецца ў грамадскім і царкоўным жыцці, мог паказаць на фота чалавека і спытаць – хто гэта.
"Правяраў, ці ведаю я людзей, якія былі з ім на афіцыйных фота", - сказала Кнаўс.

Пра белыя ружы

Ёсць шмат вядомых фатаграфій мітрапаліта Філарэта з кветкамі, часцей з ружамі. Усе ведаюць, што прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заўсёды дарыў яму букеты белых руж.
Аксана падводзіць да фота, дзе мітрапаліт адлюстраваны з адной белай ружай.
"На дзень нараджэння да Уладыкі Філарэта заўсёды прыходзілі з кветкамі, як правіла, з белымі ружамі. І ён мог з букеціка выцягнуць кветачку, узяць і хадзіць з ёй – як на гэтым фота, дзе ён у адной руцэ трымае і посах, і кветку", - распавядае фатограф.
Паводле яе слоў, у хрысціянстве кветкі – гэта сімвал уваскрэсення, а белыя кветкі – гэта і сімвал чысціні.
"Уладыка вельмі любіў белыя ружы, усе пра гэта ведалі: і прэзідэнт, і простыя прыхаджане", - адзначае Аксана.
"Некаторыя бабулі спецыяльна вырошчвалі белыя кветачкі і прыходзілі ў храм з невялікімі сціплымі букетамі. І гэтыя сціплыя букецікі белых кветак для Уладыкі Філарэта былі важныя, ён іх заўсёды прымаў, потым хадзіў з кветачкамі, благаслаўляў прыхаджан", - расказала яна.

Звяртаўся як бацька і брат

Асабісты фатограф расказала, што мітрапаліт Філарэт па-бацькоўску звяртаўся да яе на "ты", клікаў па імені.
"Ва Уладыкі была асаблівасць – ён да многіх звяртаўся на "ты". Гэта быў жэст даверу да чалавека, што яго, мітрапаліта, можна ўспрымаць як старэйшага брата, як бацьку", - распавяла фатограф.
Паводле яе слоў, на "ты" мітрапаліт Філарэт мог часта звяртацца і да сваіх сабратаў архірэяў.
"Вядома, былі дзяржаўныя чыноўнікі, да якіх ён па пратаколе звяртаўся на "вы", але ў нейкіх асабістых гутарках ён мог перайсці ўжо на "ты", - расказала яна.

Апошнія фота

У Аксаны Кнаўс за гады працы назапасіўся вельмі вялікі архіў фатаграфій мітрапаліта, але самай запамінальнай здымкай, на яе думку, стала перадапошняя.
"Яна была зроблена ў жніўні 2020 года. Тады быў каронавірус, і мы бераглі мітрапаліта", - успамінае яна.
"Уладыка выйшаў у свой епархіяльны садок, ён быў яшчэ дастаткова бадзёры тады. Я зрабіла некалькі фатаграфій. Уладыка, як заўсёды пасля здымкі, на развітанне даў мне шакаладку", - распавядае Аксана і падкрэслівае значнасць моманту, як для яе самой, так і для гісторыі.
Аксана Кнаўс зрабіла тысячы фатаграфій, па якіх краіна ведае Уладыку Філарэта
"Тое, як Уладыка праводзіў свае апошнія дні, важна для мяне самой, але важна і тое, што гэта засталося ў нашай гісторыі з дапамогай маёй здымкі", - адзначае Кнаўс.
Яна расказала, што на адным з апошніх фота Уладыка Філарэт побач з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
Уладыка Філарэт і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін
Але самыя апошнія прыжыццёвыя фота Уладыкі Філарэта яна яшчэ не апублікавала. "Чакаем зручнага моманту", - сказала фатограф і паказала фота на сваім смартфоне.
Выстава ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе да 10 лютага.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Вуліца Мітрапаліта Філарэта можа з'явіцца яшчэ ў адным беларускім горадзе
Лукашэнка адкрыў помнік мітрапаліту Філарэту
Любімы архіпастыр беларускага народа. Уладыка Філарэт на архіўных фатаграфіях
Белыя ружы ад прэзідэнта: у Жыровічах ушанавалі памяць мітрапаліта Філарэта
Патрыярх Кірыл ацаніў уклад мітрапаліта Філарэта ў развіццё БПЦ