Згодна з народным календаром 18 студзеня завяршаецца святкаванне Каляд, як кажуць "Каляда ад’язджае". Гэты час, калі дзень святочны, поўдзень рабочы (свята святам, ды "карміцца" трэба), а вечар чароўны, носіць назву Вадзяная Каляда. І нездарма такая Каляда стаіць побач з Вадохрышчам, якое крочыць следам.
Каляда ад'язджае, Вадохрышча набліжаецца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вадохрышча – свята народнага календара, звязанае з культам вады і яе асвячэннем. У хрысціянскай традыцыі ў гэты дзень адзначаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем. А гэты факт асабліва шануецца ў народзе, бо існуе павер’е, што ў гэтай ночы ёсць пэўная хвіліна, калі вада ў рэках ператвараецца ў віно. Аднак не кожнаму шанцуе на яе патрапіць.
Ёсць показка, як аднаму мужычку пашанцавала. Апоўначы ён пайшоў да ракі па ваду і раптам пабачыў, што яна ператварылася ў віно. Кінуўся ён да хаты па другое вядро, каб набраць віна паболей, але як прыбег другім разам да ракі, то віна ў рацэ ўжо не было. Такая вось поўная народнага гумару вадохрышчанская гісторыя!
Святая вадзіца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"На Хрэшчэнскую каляду…"
Як і многія іншыя народныя святы, вечар напярэдадні Вадохрышча мае некалькі назваў: Вадзяная Каляда, Пісаная, Пабед-Каляда і Піскуха. Кожная з назваў нясе пэўны сэнс. Так, Каляда Вадзяная – таму што гаспадары акраплялі вадой будынкі, а Пісаная – таму што на іх сценах "пісалі хрэст". Уласна такая дзея і ставіла кропку на святкаваннях, адсюль яшчэ і "Пабед-Каляда"!
Але ж ставіліся гэтыя "храсты" знарок, бо такім чынам засцерагалі дом і гаспадарку ад уздзеяння нячыстай сілы. Адбывалася гэта так: гаспадар хаты ставіў крэйдай крыжыкі над варотамі, дзвярыма, вокнамі і асабліва над уваходам у хлеў. Сціраць такія ахоўныя знакі можна было толькі праз два тыдні, не раней. Вандруючы па Беларусі, такія дзверы давялося пабачыць у Валожынскім раёне. Рухавая гаспадыня з нязвыкла зычным для амаль стогадовага чалавека голасам, ахвотна распавяла:
"Хрэсты ставілі, і яны патом стаяць дзве нядзелі. Тады можна змыць іх. А знаеце нашто ставілі хрэсты? Анціхрысты штобы, чэрці не хадзілі, нячыстая сіла…".
Як і астатнія калядныя дні, Вадзяная Каляда калісьці была насычана прыкметамі і абрадавымі дзеямі. Галоўная з іх адбывалася ўвечары, калі асвячалі ваду ў крыніцах і рэках. Усе імкнуліся пабываць у царкве на богаслужэнні.
І перад гэтым нічога не елі, бо дзень гэты посны. З гэтай нагоды у Лёзненскім раёне казалі:
"На Хрэшчэнскую каляду, пака вады свянцонай не пап’ець, ні даўжон ніхто нічога есць. Як прынясеш ету ваду – самі вып’ем і ў хляве пасвяцім, усюду і штоб ета вада была ў цябе год. І вада ета нікагда не бывае мутнай".
Каторая дзеўка першая прымчыць вядро вады дамоў, тая першая і замуж пойдзе
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Напіўшыся на марозе сцюдзёнай вады, беглі да цёплай хаты, каб сесці за святочны стол, частавацца Куццёй і прасіць мароз, каб не марозіў нівы.
Калі б можна было зазірнуць у мінулае, то ў вясковай хаце і каля яе мы б пабачылі ўсялякія дзівосы. У гэты дзень вараць Куццю, якую называюць "вадзянкай". Дык вось, калі гаспадыня вымала звараную Куццю з печы, усе, хто быў у хаце, пачыналі квохкаць, як курыца квактуха. Асабліва гэта падабалася дзецям, якія, седзячы пад сталом, "кукарэкалі" і "клявалі" семкі, што кідала ім маці. Гэта рабілася для таго, каб куры "вяліся" ў гаспадарцы, часцей несліся і выводзілася шмат куранят.
Дзяўчаты чакалі позняга вечара і варажылі на вадзе на замужжа. Яны падвешвалі вядро ў калодзежы і зачынялі на замок калодзежную скрыню. Ноччу павінен быў прысніцца суджаны, які сустрэнецца дзяўчыне ўвесну. Каб зацвердзіць поспех у варажбе, дзяўчаты пілі перад сном гарбату з мацярдушкі. Зрэшты, калі нічога путнага не прыснілася, то карысць ад выпітых зёлак застанецца і так. Ды й раптам без варажбы пашанцуе сустрэцца з добрым хлопцам!
У халодны перыяд года, які на Беларусі цягнецца ад позняй восені да пачатку мая, самы час спажываць нарыхтаваныя ўлетку дзікарослыя плады і ягады, садавіну, а таксама лекавыя водарныя расліны. На вёсцы з іх традыцыйна гатавалі розныя напіткі: узвар, кісель, квас, морс, кулагу, саладуху і іншыя напоі. Усе яны здольны падтрымаць імунітэт.
Лекавыя водарныя расліны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, вось некалькі рэцэптаў такіх вясковых напіткаў, якія і цяпер любяць гатаваць беларускія гаспадыні.
Гарачыя напіткі на Піскуху
Узвар – адзін з самых распаўсюджаных напіткаў беларускай вёскі. У адрозненні ад рускага ўзвару, які вараць з цыбулі, кіслай капусты, журавін і брусніц і падаюць да мяса і рыбы, беларускі ўзвар падобны да сучаснага кампоту, бо старадаўні кампот – гэта нешта зусім інакшае, пра што распавяду іншым часам. А вось беларускі ўзвар гатуюць з сушанай садавіны або ягад, але без цукру, замест якога дадаюць мёд, каб падкрэсліць смак узвару. У залежнасці ад пары года яго ўжываць як халодным, так і гарачым. Таксама на аснове ўзвару робяць фруктовы квас.
Узвар па-капыльску
З чаго гатаваць:
1 л вады,
40 г ігруш,
20 г яблыкаў,
20 г вішань,
40 г сліў,
100 г мёду.
Як гатаваць. Садавіну памыць, заліць гарачай вадой і варыць да мяккасці. Ігрушы і яблыкі зварыць асобна. Злучыць звараную садавіну, дадаць мёд і гатаваную ваду да смаку.
Падаць з выпечкай.
Гарбата зельная
Жанчын, якія ведалі толк у лекавых зёлках, было няшмат. Іх называлі зяляркамі. Свае веды яны перадавалі ад пакалення ў пакаленне дочкам і ўнучкам. Да іх звярталіся ў складаных выпадках, калі хтосьці моцна хварэў. Астатнія ж да зёлак ставіліся з асцярогай. Маўляў, чаго не ведаеш, таго не бяры. На Капыльшчыне пра тое ўзгадвалі:
"Лекавых траў не збіралі, баба не збірала, гэта так, хто панімае, якія траўкі гэтыя ўсе…".
І ўсё ж звычайная гаспадыня не прапускала летніх дзянёчкаў, каб сабраць водарнае зелле, ды не столькі на лекі, як на гарбату. У кветніку маёй бабулі рос куст мяты і кануферу, у садзе каля плота месціўся маліннік ды палын, а на выгане за плотам ліловымі купкамі прывабліваў пчол чабор. Яго збіралі дзеці, пасучы кароў.
Чабарок
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Калі здаралася ўзімку каму захварэць, то, пакінуўшы сляды ў глыбокіх снежных сумётах, ламалі стары маліннік і запарвалі яго ў гаршчку. Барвовы напітак быў саладкаваты на смак і яго з задавальненнем пілі і дзеці, і дарослыя.
Мяту і чабор часам кідалі ў яблычны ўзвар, і тады ён станавіўся яшчэ смачнейшы. Ну, а палын запарвалі толькі пры хваробах жывата, хоць бабуля лічыла, што ён лечыць усё. Яно і зразумела – калі ў чалавека баліць жывот, то яму здаецца, што ён цалкам хворы.
Гатаваць зельную гарбату – цэлая навука! Тут як у любой важнай справе ёсць свае сакрэты. Вось адзін з варыянтаў ужывання лекавай гарбаты. Прыемную на смак гарбату п’юць месяц, пасля робяць перапынак на два тыдні і, калі трэба, працягваюць піць далей. Зразумела, абавязкова трэба раіцца са сваім лекарам, бо ўзгадаю, што зёлкі і іх перадазіроўка могуць прынесці не толькі карысць.
Шыпшына ўзімку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Гатуючы зельную гарбату, бяруць водарныя зёлкі, якія прыемныя на смак. Гарбату п’юць толькі свежай і добра настоянай напрацягу сутак! Калі ж заварка засталася, то яе прыбіраюць у лядоўку.
Варыянтаў прыгатавання зельнай гарбаты можа быць мноства. Але трэба памятаць аб разнастайнасці лекавых якасцей раслін і ўлічваць гэта пры складанні збору.
Напрыклад:
па 3 часткі мацярдушкі, святаянніка, мяты, па 1 частцы пялёсткаў і ягад шыпшыны;
па роўных частках лісця чорных парэчак, мелісы, сунічніку, чабару;
па роўных частках лісця чорных парэчак, мяты перцавай, лісця малін.
Класічнай лічыцца наступная мерка: 1 чайная лыжка сумесі на 1 шклянку вады.
Збіцень
Што нам вядома пра гэты старажытны славянскі напітак? Тое, што ён павінен быць гарачым, вострым і салодкім. Часам у збіцень дадаюць гарэлку, але гэта не абавязкова. Папулярны ў Беларусі ў 18-19 стагоддзі, збіцень у народнай медыцыне выкарыстоўвалі як моцны супрацьцынготны сродак.
Гатуючы збіцень, прытрымлівацца дакладных прапорцый вастрыні, мёду і зелля не абавязкова. Важна натхненне і настрой, з якім гатуеш гэты напой. Усё ж такі збіцень – напой крыху чароўны. Яго гатавалі на вясселлях, падчас Купалля, Каляд і іншых значных народных свят. Лепшага напою для месца, дзе сабралася добрая кампанія, не знайсці!
З чаго гатаваць неалкагольны збіцень:
1 шк. мёду,
6 шк. вады,
кавалачак свежага імбіру (1,5 см),
1-2 палачкі карыцы,
3 бутоны гваздзікі.
Як гатаваць. Мёд разбавіць у вадзе, дадаём вастрыню (згодна рэцэпту, але ж да вострых прыпраў належаць таксама гваздзіка, перац, кардамон і інш.) і варым каля 15 хв. на маленькім агні. Працэджваем і п’ём на здароўе!
З чаго гатаваць алкагольны збіцень:
7 л вады,
200 г зельнага збору (чабор, мацярдушка, мята, святаяннік і інш.),
7-10 бутонаў гваздзікі,
7-10 гарошын духмянага перцу,
мускатны арэх (на смак),
2-3 палачкі карыцы,
200-500 г мёду,
1 л гарэлкі.
Як гатаваць. Каб зелле не боўталася ў напоі, варта пакласці яго ў чысты палатняны мяшэчак і ў такім выглядзе пакласці ў гарачую ваду, варыць 15 хв. Як вада зробіцца цёмнага колеру, дадаём вастрыню і варым, пакуль не закіпіць. Трошкі пакіпела, знімаем з агню і крыху астуджаем. Цяпер самы час дадаць у гарачую ваду мёд і гарэлку.
Падаваць напой можна ў адзіным вялікім кубку, які пускаюць па коле, як гэта было прынята ў даўнія часы.
Кава з цыкорыі або дзьмухаўцоў
Якасць кавы залежыць ад умелага пражання. Цыкорыю або карані дзьмухаўцоў падрыхтоўваюць наступным чынам: пасля таго, як восенню выкапаюць з зямлі, карэнчыкі прамываюць, злёгку абскрабаюць і рэжуць на дробныя кавалкі. Потым сушаць у цеплаватай печы або духоўцы і ссыпаюць у гліняныя гаршкі ці скрыні, засланыя паперай.
Сушаная цыкорыя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
10 г парашку цыкорыі (на 200 мл напою),
200 мл вады.
Як гатаваць. Падрыхтаваныя карані цыкорыі дробна нарэзаць, падсмажыць у духоўцы. Размалоць і зварыць, як каву. Дадаць цукар і вяршкі па смаку.
Шчасліва святкаваць!
Чытайце таксама:
Вадохрышча-2023: афіцыйныя месцы купання ў адкрытых вадаёмах Мінска і раёна
"А ў пячы пірагі сядзелі…". Як правільна развітацца з Калядамі?
Ці можна змыць грахі ў палонцы: протаіерэй Шымбалёў аб свяце Вадохрышча
Посцім смачна: святкуем Вадзяную Каляду і гатуем гопу
Мароз і лёд: як прайшлі вадохрышчанскія купанні на Вячы – фота