Гульня атрымалася ўпартай: Вудкрафт аб перамозе "Дынама" над "Спартаком" у КХЛ

Дзякуючы перамозе над маскоўскім "Спартаком" "зубры" здолелі падняцца на сёмае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.
Sputnik
МІНСК, 8 лют – Sputnik. Галоўны трэнер мінскага хакейнага клуба "Дынама" Крэйг Вудкрафт лічыць, што такая перамога, якую атрымалі "зубры" над маскоўскім "Спартаком", аб’ядноўвае каманду, паведамілі ў прэс-службе "дынамаўцаў".
Мінскае "Дынама" абыграла "чырвона-белых" у дамашнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі з лікам 3:1.
"Як і чакаў, гульня атрымалася ўпартай. "Спартак" гуляў з поўнай самааддачай, хутка і жорстка. У першым перыядзе мы дапусцілі памылку, і гэтым скарыстаўся сапернік, але мы працягвалі гуляць правільна, часта кідалі", - пракаменціраваў трэнер ход гульні.
Вудкрафт распавёў, што ў першым перапынку ён спрабаваў данесці гульцам у раздзявалцы, што трэба кантраляваць шайбу не па перыметры, а ў цэнтры. "Так і закінулі дзве шайбы. У трэцім перыядзе зрабілі некалькі тактычных змяненняў, не змяншалі абароты, гулялі ў сілавы і хуткі хакей. Не далі саперніку ствараць шмат галявых момантаў. Коласаў правёў выдатны матч, часта выручаў", - адзначыў ён.
Настаўнік лічыць, што такія перамогі аб’ядноўваюць каманду. "І гэта яшчэ раз даказвае: калі гуляем па нашай сістэме правільна – можам дабівацца поспеху. Наш характар, які праявіўся, наша здольнасць вярнуцца ў гульню прыўнясуць больш упэўненасці і дапамогуць у далейшым", - падкрэсліў Вудкрафт.

Барацьба за месца ў плэй-оф

Трэнер "зуброў" таксама падзяліўся меркаваннем, што плей-оф для каманды пачаўся яшчэ на пачатку студзеня. "Мы змагаемся за сваё месца ў васьмёрцы. Матч за матчам каманда становіцца толькі лепшай, ёсць, вядома, нюансы, якія мы разбіраем з рабятамі, але мы развіваемся і стараемся гэта рабіць у кожнай сустрэчы", - сказаў ён.
Акрамя таго, Вудкрафт лічыць, каманда яшчэ не дасягнула свайго максімальнага патэнцыялу. "Такая сітуацыя, калі вымушаны змагацца за месца ў плэй-оф, дапамагае нам набываць упэўненасць, што можам выходзіць са складаных сітуацый і перамагаць. Гэта дапаможа нам і цяпер, і на працягу наступных трох тыдняў", - сказаў ён.
Цяпер "зубры" ўзняліся на сёмае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. На рахунку ў каманды 63 ачкі пасля 61 гульні. Следам за "бела-сінімі" ідзе "Северсталь", цяпер у каманды 61 бал, але згулялі чарапаўчане пакуль што 60 матчаў.

Складаныя гульні

Цяпер "зубры" адпраўляюцца на выезд з чатырма камандамі Усходняй канферэнцыі, якія працягваюць бароцца за месцы ў плэй-оф.
"Гэтыя каманды не толькі вядуць барацьбу за плей-оф, але і за месцы вышэй. Гульні, вядома, будуць цяжкімі для нас, але і дапамогуць падрыхтавацца да накаўт-раунда і паказаць свой лепшы хакей. Да кожнай сустрэчы будзем падыходзіць як да асобна ўзятай. Будзем рухацца крок за крокам", - паабяцаў галоўны трэнер "Дынама".
Наступны матч падапечныя Вудкрафта правядуць у чацвер, 9 лютага, у гасцях – супраць чэлябінскага "Трактора".
Дарэчы, калі камандзе ўдасца перамагчы гэтага саперніка ці нават проста ўвайсці ў авертайм і зарабіць за гульню хаця б адно ачко, то "Дынама" адзначыцца ўнікальным дасягненнем. Справа ў тым, што раней яшчэ ніколі не было, каб каманда брала ачкі з усімі сапернікамі лігі, а "зубрам" для гэтага дасягнення толькі і засталося, што зарабіць ачкі ў гульні супраць чэлябінскага "Трактора".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Якасны матч: Вудкрафт аб перамозе "Дынама" над "Куньлунем"
Авечкін пабіў рэкорд Грэцкі
"Дынама" паказала характар: Вудкрафт аб перамозе над "Северсталью"