Лекавая кулінарыя супраць зімовых хвароб, або Гатуем з хрэну

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, што раілі есці нашы бабулі, каб хвароба не прычапілася, і прапануе прафілактычныя і смачныя стравы з хрэну.
Sputnik
Штогод пасля Грамніц, якія абвяшчаюць "зіме палавіцу", сэрца пачынае салодка ныць у прадчуванні хуткага надыходу вясны і, каб яе паскорыць, цягне апрануцца не па сезоне. А гэтая легкадумнасць можа давесці да хваробы.

Замова ці гародніна?

Калісьці з частымі зімовымі хваробамі змагаліся лазняй, зёлкамі і парадамі дасведчаных народных лекараў, якія не забываліся падмацаваць фітаэфект дымам ад "чароўнай" свечкі, асвечанай у царкве падчас Грамніц, і словамі замоў.
Не апошняе месца ў барацьбе з хваробамі займала і сезонная кухня. Кожная гаспадыня ведала, што калі сям’ю карміць правільна, выкарыстоўваючы найбольш карысныя для гэтага часу прадукты, то ўсе будуць здаровыя.
Тварог і смятана дапамагаюць справіцца з хваробамі
Каб хвароба не прычапілася, нашы бабулі раілі есці кіслае малако (кефір, ёгурт, ражанку, варанец, прастаквашу, сыроватку), тварог і смятану, якія на іх думку ўмацоўвалі арганізм і давалі яму сілу справіцца з хваробамі.
З гародніны выдзялялі капусту, бульбу, моркву, буракі, гарбуз, рэпу і кабачкі. Калі кагосьці з сямейнікаў замучыў насмарк, то гатавалі стравы з кабачкоў.
Стравы з кабачкоў паляпшаюць абменныя працэсы
Яны лёгка засвойваюцца, паляпшаюць абменныя працэсы і выводзяць з арганізма лішнюю вільгаць, а бурачны сок капалі ў нос нават дзецям.
З садавіны, акрамя насушаных пладоў шыпшыны, рабіны, чорных парэчак і маліны, народныя лекаркі асабліва выдзялялі вішні, якія давалі хворым пры прастудах, анеміі, артрытах. Ну і, вядома ж, у кожнай добрай гаспадыні заўсёды ў склепе былі прыпасы з чорнай рэдзькі, рэпы і хрэну.
Бурачны сок капалі ў нос нават дзецям
Нягледзячы на такую разнастайнасць лекавай гародніны, продкі верылі, што нароўні з ёй хвораму можа дапамагчы старажытная замова, якая пачыналася са слоў:

"Зара-зараніца,
Божая памачніца,
памагала Богу, памажы і мне…
".

Замовы – замовамі, але ёсць некаторыя правераныя часам кулінарныя рэцэпты, якія могуць спатрэбіцца і сёння, як, напрыклад, з хрэну.

"Хрэнавая" кулінарыя

Стомленаму чалавечаму арганізму ад хрэну вялікая карысць. Народная медыцына раіць ужываць яго: вонкава – пры падагры і рэўматызме ў выглядзе гарчычнікаў, а таксама ўнутр – як узмацняючы сродак пры разумовых і фізічных нагрузках, захворваннях печані, горла, зубной болі, як мачагонны, адхаркваючы сродак, для паляпшэння стрававання і пры іншых захворваннях.
Вялікая каштоўнасць хрэну не толькі ў тым, што ў ім змяшчаецца вялікая колькасць вітаміну С (а яго ў хрэне ў пяць разоў болей, чым у лімоне!). Свежы сок з каранёў расліны мае чароўны лізацым – рэчыва, якое здольна разбураць абалонкі бактэрыяльных клетак.
Хрэн выкарыстоўваецца ў традыцыйнай кулінарыі і сёння
Хрэнам лечаць авітамінозы, а калісьці з-за сваёй даступнасці ён быў важным сродкам супраць цынгі.
Гэтая карысная расліна і дагэтуль шырока выкарыстоўваецца ў традыцыйнай кулінарыі – у якасці соусу да мясных і рыбных страў. Да таго ж хрэн паляпшае апетыт, страту якога заўсёды лічылі сімптомам хваробы.

Буракі з хрэнам

З чаго гатаваць:
100 г буракоў,
2 ст. л. соусу з хрэну,
30 г смятаны (або 15 г алею),
5 г кропу (або пятрушкі).
Як гатаваць. Зварыць бурак і натаркаваць, перамяшаць з прыгатаваным загадзя соусам з хрэну, заправіць смятанай або алеем.
Перад падачай на стол пасыпаць зелянінай.
Апетытныя бурачкi

Салата з хрэну і морквы

З чаго гатаваць:
100 г морквы,
10 г смятаны,
20 г соусу з хрэну,
15 г зеляніны,
цукар,
соль.
Як гатаваць. Буйна нацерці моркву і перамяшаць з соусам з хрэну, заправіць смятанай, дадаць соль, цукар па смаку, перамяшаць.
Перад падачай на стол пасыпаць зелянінай.

Галубцы з буракамі і хрэнам

З чаго гатаваць:
60 г капусты,
60 г буракоў,
20 г хрэну,
30 г смятаны,
5 г кропу (або пятрушкі),
соль (па смаку).
Як гатаваць. Капуснае лісце абдаць кіпятком, начыніць пасоленай сумессю старкаваных буракоў і кораня хрэну, укласці ў каструлю і заліць смятанай, патушыць. Пасыпаць сечанай зелянінай перад падачай на стол.

Салата з кабачкоў і морквы з хрэнам

З чаго гатаваць:
120 г кабачкоў,
40 г морквы,
20 г хрэну,
10 г зеляніны кропу,
30 г смятаны,
соль (па смаку).
Моркву трэба буйна натаркаваць
Як гатаваць. Кабачок і моркву буйна натаркаваць, перамяшаць са здробненым хрэнам. Заправіць смятанай і соллю.
Пасыпаць перад падачай сечанай зелянінай.
Спадзяюся, што рэцэпты прыйдуцца вам да спадобы! І ўсё ж, ужываючы хрэн, варта памятаць, што есці яго раюць з асцярожнасцю хворым на гастрыты, язвавую хваробу, каліты, а таксама людзям з хваробамі печані і нырак.
Смачна есці і не хварэць!
Чытайце таксама:
Глог – лекі і старадаўнія ласункі, або Гісторыя на смак
Вясна на кухні, або Малачай – лекі, ласунак і ежа
Бурачнае застолле, або Сонца ў "ажагу" – час абедаць!