МІНСК, 16 лют – Sputnik. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы спыняе ўзаемадзеянне з мытнымі і пагранічнымі службамі Беларусі па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу і павелічэнні прапускной здольнасці аўтадарожных пунктаў пропуску, аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Пагранкамітэта.
Прычыны спынення ўзаемадзеяння ў апавяшчэнні не пазначаны. Адзначаецца, што Літва робіць гэта ў аднабаковым парадку.
Супрацоўніцтва праводзілася на падставе дакумента, падпісанага бакамі 4 лістапада 2019 года.
Як заявіў афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі, такім чынам па ініцыятыве Літвы спыняецца супрацоўніцтва паміж пагранведамствамі па недапушчэнні ўтварэння чэрг на мяжы.
"Гэта – недружалюбны, неканструктыўны крок з боку Літвы, які можа негатыўна адбіцца на сітуацыі з рытмічнасцю перасячэння мяжы асобамі і транспартнымі сродкамі. Па сутнасці ён накіраваны на тое, каб не мець абавязацельстваў перад беларускім бокам у частцы бесперабойнасці і рытмічнай работы пунктаў пропускаў", - сказаў Бычкоўскі.
Чэргі на мяжы
Нагадаем, што літоўскі напрамак быў лідарам па частцы чэрг у пунктах пропуску на мяжы ў мінулым годзе. У гэтым годзе пальма першынства ў гэтым пытанні перайшла да Польшчы.
Тым не менш, пасля таго, як польскі бок паведаміў аб закрыцці аднаго з дзеючых ПП на мяжы з Беларуссю, Дзяржпагранкамітэт прагназіруе павелічэнне патоку ў літоўскім кірунку.
Цяпер на мяжы Беларусі і Літвы стаіць больш як 50 легкавых аўто (больш як 10 – у "Лошы", і больш як 40 – у "Прывалцы"). З фурамі сітуацыя больш напружаная – на літоўскіх ПП знаходзіцца больш за 450 грузавікоў. Больш за 120 фур стаіць у "Каменным Лозе", больш за 110 у "Беняконях" і больш за 220 у "Прывалцы".
На польскім напрамку чэргі з легкавушак у пункце пропуску "Брэст" (больш за 120), і грузавікоў у "Казловічах" (больш за 40).
На мяжы з Латвіяй чэргі толькі ва "Урбанах" – там стаіць больш за 50 велікагрузаў.
Напярэдадні таксама стала вядома, што рух грузавых цягнікоў з Беларусі ў Літву праз пункт пропуску "Стасілас" будзе прыпынены, такое рашэнне прыняў Вільнюс. Рух у другім пагранпераходзе "Кена" – "Гудагай" захаваецца.
Для бесперапыннага патоку?
Нагадаем, 4 лістапада 2019 года мытныя і пагранічныя ведамствы Беларусі і Літвы падпісалі дакумент, які прадугледжвае іх парадак узаемадзеяння. Як адзначалі тады бакі, гэта было зроблена для "забеспячэння бесперапыннага патоку транспартных сродкаў і павышэння прапускной здольнасці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы".
У беларускім пагранічным камітэце лічылі, што падпісанне дакумента стане "чарговым дзейсным крокам на шляху да ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой".
Чакалася, што яго рэалізацыя палепшыць умовы для перамяшчэння цераз мяжу людзей і транспарту, а таксама "павысіць станоўчы імідж дзвюх краін на міжнароднай арэне".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Маравецкі: Польшча можа закрыць усе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
Дзве новыя зоны чакання для фур пабудуюць на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам
Пагранічны збор, уведзены ў Беларусі, не трэба плаціць расіянам – дэпутаты