МІНСК, 6 сак – Sputnik. Адноўлены крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай будзе дастаўлены ў Віцебск для пакланення, паведамілі ў Віцебскай праваслаўнай епархіі.
"З 8 сакавіка па 15 сакавіка ў Віцебску ў Свята-Успенскім кафедральным саборы будзе знаходзіцца крыж святой прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай", - распавялі Sputnik у епархіі.
Па словах свяшчэннікаў, сустрэнуць святыню 8 сакавіка ў 12:00, урачысты ад’езд адбудзецца 15 сакавіка ў 13:00. Гэтымі днямі перад Крыжам будуць чытацца акафісты.
У праваслаўных у цяперашні час праходзіць Вялікі пост, хутка настане Крыжапаклонны тыдзень, калі ў сярэдзіну храма вынясуць крыж для пакланення.
Гісторыя Святыні
Напрастольны Крыж-каўчэг, у якім былі закладзены часціцы праваслаўных святынь, быў выраблены ў 1161 годзе па благаславенні святой ігуменні Еўфрасінні майстрам-ювелірам Лазарам Богшам для Спаскай царквы Полацкага манастыра.
Крыж уяўляў сабой каўчэг, у якім былі змешчаны часціцы некалькіх вялікіх хрысціянскіх святынь – часціца Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй Крыві Збавіцеля, часціцы камянёў Труны Гасподняй і Труны Божай Маці, часціцы мошчаў мучаніка Стэфана, лекара Панцеляймона, а таксама кропля крыві велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага.
У даваенныя часы ваяўнічага атэізму Еўфрасіннеўскі Крыж захоўваўся то ў музеі, то ў будынку Магілёўскага абкама партыі.
У 1941 годзе, калі нямецка-фашысцкія войскі занялі Магілёў, сейф з музейнымі каштоўнасцямі эвакуіраваць не паспелі, і Еўфрасіннеўскі Крыж бясследна знік.
Існуюць розныя версіі адносна далейшага лёсу Полацкай святыні, аднак яе месцазнаходжанне і да сённяшняга дня застаецца невядомым.
У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі было прынята патрыяршае рашэнне ўзнавіць Крыж-каўчэг, Уладыка Філарэт з паломнікамі паехаў на Святую Зямлю, каб прывезці часціцы гэтых святынь. У складзе дэлегацыі быў і беларускі скульптар Мікалай Кузьміч, які потым узнавіў Крыж.
У 1997 годзе адноўлены Ефрасіннеўскі Крыж быў урачыста прынесены ў Полацкі Спаскі манастыр, яго асвяціў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ, які прыбыў з візітам у Беларусь.
Святы Сінод БПЦ у 1998 годзе заснаваў ордэн Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які ўпершыню быў уручаны Найсвяцейшаму Алексію ІІ.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Еўфрасіння Полацкая: 10 цікавых фактаў пра першую беларускую асветніцу
Вялікі пост: што можна есці, а што – нельга
Памятка поснікам: чым замяніць скаромныя прадукты