МІНСК, 15 сак – Sputnik. Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў павіншаваў грамадзян рэспублікі з Днём Канстытуцыі.
У віншаванні, якое паступіла ў рэдакцыю Sputnik Беларусь, адзначаецца, што прыняцце Асноўнага закона ў 1994 годзе азнаменавала новы этап развіцця прававой і палітычнай сістэмы беларускай дзяржавы.
Гэты дакумент, паводле слоў пасла, стаў асновай для бясспрэчных дасягненняў Беларусі ў самых розных сферах – ад эканомікі да культуры, а таксама "ў справе пашырэння міжнародных сувязей і рэалізацыі інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы і за яе межамі".
"Прынцыпова важна, што вектар далейшага ўдасканалення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь заўсёды вызначала воля народа, цвёрда і адназначна выяўленая на рэферэндумах", - асабліва адзначыў пасол.
Ён нагадаў, што трэці па ліку рэферэндум па пытанні ўнясення паправак у Канстытуцыю адбыўся 27 лютага 2022 года (першы прайшоў у 1996 годзе, другі – у 2004-м – Sputnik) і атрымаў высокую ацэнку міжнародных назіральнікаў, якія адзначылі, што ён адпавядаў усім міжнародным стандартам.
"Што ж тычыцца сутнасці канстытуцыйных рэформ, то ацэньваць іх можа выключна беларускі народ як адзіная крыніца ўлады і носьбіт суверэнітэту", - асабліва падкрэсліў Барыс Грызлоў.
Кіраўнік расійскага дыппрадстаўніцтва таксама падкрэсліў, што расіяне "заўсёды віталі і падтрымлівалі дасягненні нашых братоў і сяброў".
"Адзінства і згуртаванасць нашых народаў у рамках Саюзнай дзяржавы сталі дастойным адказам на самыя сур’ёзныя сучасныя выклікі і знешнія пагрозы", - сказаў Барыс Грызлоў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь