МІНСК, 20 сак – Sputnik. Беларускія лётчыкі адвялі самалёт, у якога перастаў дзейнічаць рухавік, ад населенага пункта падчас выканання навучальна-трэніровачнага палёту, паведамілі ў Мінабароны.
"У мяне быў кантрольны палёт з інструктарам, перастаў дзейнічаць рухавік, мы пасадзілі яго (самалёт) на аэрадром. Я быў цалкам упэўнены ў сваім інструктары", - сказаў курсант авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Уладзіслаў Цвірко, відэафрагмент з яго каментарыем апублікаваў Telegram-канал беларускага абароннага ведамства.
Лётчык-інструктар I класа Дзяніс Шкарэнда растлумачыў, што рухавік перастаў дзейнічаць на 10-й хвіліне вучэбна-трэніровачнага палёту, пасля чаго экіпаж распачаў спробу яго запусціць.
"Каб не марнаваць часу, прынялі рашэнне, як любы прафесіянал. Робім сваю працу і робім яе не дзеля ўзнагарод, а дзеля нашых людзей, дзеля краіны", - адзначыў інструктар.
У Мінабароны не ўдакладнілі, калі і дзе адбыўся інцыдэнт. Тым часам, лётчыкаў, якія трапілі ў нестандартную сітуацыю, узнагародзіў у панядзелак, 20 сакавіка, міністр абароны Віктар Хрэнін. Інструктар узнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць", а курсант – медалём "За адзнаку ў воінскай службе".
Акрамя гэтага, кіраўнік абароннага ведамства ўручыў дзяржузнагароды вайскоўцам Узброеных сіл. Медалём "За выратаванае жыццё" ўдастоены прапаршчык Віталь Скарынка, які ў красавіку 2022 года выратаваў суседзяў ад пажару. У беларускай арміі гэта восьмы выпадак, калі вайсковец атрымлівае падобную ўзнагароду.
Крушэнне самалёта ў Баранавічах
Нагадаем, 19 мая 2021 года самалёт Як-130 разбіўся пад Баранавічамі падчас выканання навучальна-трэніровачнага палёту. У выніку авіяцыйнага інцыдэнту загінулі маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.
Пілоты лідскай авіябазы сутыкнуліся ў небе над раённым цэнтрам з праблемай, калі перасталі дзейнічаць сістэмы кіравання, але дзякуючы прафесіяналізму і дакладным дзеянням змаглі адвесці шматтонную машыну ад жылой забудовы.
Самалёт упаў паміж дамамі, і ў выніку ўдалося пазбегнуць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва. Катапультаванне лётчыкаў адбылося адначасова з ударам аб зямлю, таму, на жаль, вайскоўцы загінулі.
У маі 2022-га на месцы трагедыі быў адкрыты мемарыял загінулым лётчыкам, а пілотам пасмяротна прысвоілі званне "Герой Беларусі".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Стала вядома, пра што казалі пілоты Як-130 перад крушэннем у Баранавічах
Генштаб УС пасля тэракта ў Мачулішчах праверыў ахоўныя аб’екты
Кубракоў: ва ўнутраных войсках і ў спецназе ўжо з’явіліся ўдарныя дроны