Дзень Перамогі

Музей, капліца, новае падсвятленне – як змянілася "Хатынь" пасля рэканструкцыі

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу з’явіўся музей, а таксама пабудаваны праваслаўны храм, які будзе асвечаны напярэдадні 80-годдзя з дня знішчэння Хатыні.
Sputnik
МІНСК, 20 сак – Sputnik. Беларускія будаўнікі правялі маштабную рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу "Хатынь", год таму такое даручэнне даў кіраўнік дзяржавы. Рэканструкцыя і стварэнне музея памяці на тэрыторыі комплексу праводзіліся да памятнай журботнай даты – 80-годдзя з дня трагедыі Хатыні, якая разам з жыхарамі была спалена карнікамі 22 сакавіка 1943 года.
У гэтым годзе ў Хатыні 22 сакавіка пройдуць памятныя мерапрыемствы. Карэспандэнты Sputnik за некалькі дзён да гадавіны пабывалі ў комплексе і паглядзелі, як зроблена рэканструкцыя і ідуць фінальныя падрыхтоўкі.

"Да гэтага праводзіліся прыватныя рэканструкцыі мемарыяла, але такая маштабная і глабальная рэканструкцыя "Хатыні" была праведзена ўпершыню", - распавёў Sputnik майстар будаўніча-мантажных работ БУ 711 Аляксандр Міхальчанка.

Паводле яго слоў, уся рэканструкцыя доўжылася амаль год. Былі заменены старыя бетонныя канструкцыі, але ўвесь граніт, які першапачаткова быў у "Хатыні", застаўся.
"Увесь матэрыял, які заўсёды прысутнічаў на мемарыяле, акрамя бетону, ляжыць так, як і ляжаў", - падкрэсліў Аляксандр Міхальчанка.
Ён адзначыў, што ў час рэканструкцыі была поўнасцю заменена падсвятленне, пры дапамозе спецыяльнай пескаструменнай тэхнікі ачышчаны ўсе бетонныя канструкцыі комплексу.
"На мемарыяльным комплексе былі зроблены работы па пескаструі сцяны канцлагераў, труб дамоў, усіх бетонных канструкцый", - сказаў ён, растлумачыўшы, што гэта было зроблена для выдалення моху і іншых адкладаў, якія за дзесяцігоддзі ўтварыліся на паверхні.
Таксама была абноўлена частка комплексу, дзе знаходзіцца Вечны агонь. Уся металічная паверхня, якая акантоўвае Вечны агонь, была ачышчана і пафарбавана.
"Медныя пласціны, якія знаходзяцца на Вечным агні, былі зняты. Фундамент пад ім таксама быў дэманціраваны і ўкладзены новы. Пліты былі адшліфаваны, прыведзены ў належны выгляд і назад зманціраваны", - расказаў спецыяліст.
Акрамя гэтага, была рэканструявана і тая частка комплексу, дзе размешчаны магілы спаленых вёсак. Паводле слоў Міхальчанкі, спачатку былі дэманціраваны могілкі, затым заменены кубы – колбы, у якіх знаходзіцца зямля з амаль 200 спаленых беларускіх вёсак.
"Таксама рэканструяваўся дах хлява, дзе былі спалены людзі, Вянок памяці", - сказаў суразмоўца агенцтва.
Ён таксама паведаміў, што прайшла рэканструкцыя цэнтральнага помніка комплексу – статуі адзінага жыхара Хатыні, які засатўся жывы, Іосіфа Камінскага з паміраючым сынам на руках.
Расказваючы аб тым, як ішла рэканструкцыя, будаўнік адзначыў, што стаяла галоўная задача – максімальна захаваць усё, што было першапачаткова ў мемарыяльным комплексе. Як раней паведамлялася, кіраўнік дзяржавы, даручаючы правесці работы па абнаўленні комплексу, падкрэсліў: каб не было "ніякага еўрарамонту".
Аляксандр Міхальчанка расказаў, што былі дэманціраваны некаторыя прыўнесеныя элементы, якія не ўпісваліся ў канцэпцыю мемарыяла.
"Заменены поручні на ўсіх парапетах, якія былі з нержавеючай сталі. Паколькі гэта комплекс, які сімвалізуе смутак, не павінна быць нічога, што блішчыць. Усё было заменена на цёмнае", - сказаў ён.
Па словах спецыяліста, да 80-годдзя Хатыні на тэрыторыі мемарыяла пабудавана капліца, якая будзе асветлена за некалькіх дзён да гадавіны.
Акрамя таго, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу завершана стварэнне музея.
Падчас карнай аперацыі ў Хатыні, якую правялі нацысты 22 сакавіка 1943 года, загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Трагічны лёс Хатыні напаткаў не адну беларускую вёску. Падчас Другой сусветнай вайны было спалена больш за 600 беларускіх сёл.
У памяць аб вёсках, знішчаных нямецка-фашысцкімі акупантамі, у студзені 1966 года было прынята рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылося 5 ліпеня 1969 года, у 2004 годзе была праведзена яго рэканструкцыя.
Мемарыял "Хатынь" уключаны ў дзяржаўны спісак гісторыка культурнай спадчыны Беларусі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Ніякага еўрарамонту – Лукашэнка аб рэканструкцыі Хатыні
Лукашэнка аб трагедыі Хатыні: у нацызму няма нацыянальнасці
Рэквіем па Хатыні: фотагісторыя мемарыяла