Вядомы беларускі скульптар і архітэктар Валянцін Занковіч напярэдадні трагічнай даты ў беларускай гісторыі распавёў карэспандэнту Sputnik Тамары Бяляевай, як працаваў над стварэннем мемарыяльнага комплексу "Хатынь".
Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост – Валянціну Паўлавічу ў мінулым годзе споўнілася 85 гадоў, ён поўны творчых сіл і марыць аб тым, што будзе ўзведзена другая частка мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", а яшчэ – што ў Беларусі паставяць помнік Пятру Машэраву.
Мы сустрэліся з архітэктарам у майстэрні. Валянцін Паўлавіч у джэмперы і белай кашулі, пад якой ярка вылучалася цяльняшка, перш за ўсё расказаў, што ў юнацтве хацеў стаць мараком, але жыццё павярнулася так, што стаў скульптарам і архітэктарам.
© Sputnik / Дмитрий Марков
Занковіч стварыў шэраг манументальных збудаванняў у сааўтарстве з калегамі-архітэктарамі, якія сталі знакавыя для Беларусі. Сярод іх – стэла "Мінск – горад-герой", мемарыяльныя комплексы "Кацюша" ў Оршы, "Брэсцкая крэпасць-герой", "Партызанам Палесся" ў Пінску.
Сярод яго аўтарскіх работ – манументальна-дэкаратыўная кампазіцыя "Бег" на стадыёне "Дынама", "Зіма" на праспекце Пераможцаў у Мінску і іншыя.
© Sputnik / Дмитрий Марков
Праца над мемарыяльным комплексам "Хатынь" пачалася ў 1967 годзе. У конкурсе на яго стварэнне перамог калектыў аўтараў: скульптар Сяргей Селіханаў, архітэктары Юрый Градаў, Леанід Левін і Валянцін Занковіч.
Вёска Велье
Валянцін Паўлавіч расказаў не толькі пра агульнавядомыя факты: напрыклад, што ідэю ўвекавечання Хатыні курыраваў асабіста першы сакратар Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. Так, паводле яго слоў, першапачаткова планавалі ўвекавечыць не спаленую Хатынь, а невялікую вёску Велье пад Віцебскам. Ён успомніў, што гэта было прыкладна ў 1965 годзе – пасля заканчэння вайны ўжо прайшло 20 гадоў, але там па-ранейшаму можна было ўбачыць астанкі спаленых вёсак.
"Мы паехалі туды, на месца, паглядзелі – стаяць спаленыя печы, трубы тырчаць. Растуць яблыні, вішні. Я зрабіў праект помніка спаленай вёскі, але ён не быў ажыццёўлены", - распавёў Занковіч.
Беларускі скульптар і архітэктар Валянцін Занковіч у сваёй майстэрні
© Sputnik / Дмитрий Марков
І потым, праз пару гадоў, калі Машэраў прыняў рашэнне аб тым, што будзе ўшанавана памяць Хатыні, малады архітэктар Занковіч прадставіў сваю гатовую ідэю.
"Паколькі ў мяне ўжо быў гэты праект на вёску Велье, я вырашыў: калі там не ажыццявілі, трэба пакласці яго ў аснову Хатыні", - сказаў ён.
Жудасная цішыня Хатыні
Калі было прынята рашэнне, што менавіта на месцы спаленай Хатыні з’явіцца мемарыяльны комплекс, творчая група паехала на месца трагедыі.
"Я памятаю свае першыя ўражанні ад Хатыні. Мяне ўзрушыла абсалютная цішыня. Ну, проста жудасная цішыня", - распавёў Занковіч.
Паводле яго слоў, потым ён часта ездзіў на месца спаленай вёскі – каб паглядзець, дзе размясціць званы, трубы хат, дзе ўстанавіць цэнтральную скульптуру. Але менавіта тое першае адчуванне звінячай цішыні вызначыла асноўную канцэпцыю будучага мемарыяльнага комплексу "вогненнай вёскі".
Званы Хатыні
Гаворачы аб канцэпцыі "Хатыні", Занковіч адзначыў: нягледзячы на савецкія атэістычныя часы, у аснову была пакладзена праваслаўная сімволіка – у першую чаргу, званы.
Званы Хатыні
© Sputnik / Виктор Толочко
"Я ўзяў за ўзор праваслаўную царкву, архітэктуру храма Божага. Я падумаў: павінны быць званы, якія зазываюць народ у царкву. Павінен быць гук у Хатыні… Не прапусцяць, так не прапусцяць – але званы будзем рабіць", - успамінае ён і расказвае з вялікімі паўзамі аб тым, як нялёгка ішла праца.
Потым прыйшла ідэя і пра тое, што павінна быць цэнтральная фігура, якая і лагічна, і візуальна замкне на сабе ўсю ідэю мемарыяльнага комплексу.
"Калі выспелі асноўныя ідэі па Хатыні, начальства, у тым ліку і Машэраў, глядзелі эскізы, шмат разоў прыходзілі ў майстэрню на Плошчы Перамогі. Працавалі над праектам амаль кругласутачна, бо дробязей у такой справе няма – усё вельмі важна", - расказаў ён.
Скульптура Камінскага
Занковіч распавёў, што пытанняў аб тым, якой стане цэнтральная скульптура, не было, ён адразу прыняў рашэнне – гэта будзе Іосіф Камінскі, адзіны дарослы, які выжыў у дзень спалення Хатыні 22 сакавіка 1943 года.
Адзіны жыхар Хатыні Іосіф Камінскі, які застаўся ў жывых
© Sputnik / Мирослав Муразов
/ "Мы не адзін раз сустракаліся з Камінскім. Мужчына шмат разоў расказваў пра трагедыю, як ён, пасля таго, як пайшлі карнікі, пачуў з-пад цел голас свайго сына: "Тата, тата". Як падняў яшчэ жывога на рукі, як панёс, як цягнуліся па зямлі яго кішачкі", - успамінае, крыху адвярнуўшыся ад камеры, Занковіч, каб не было відаць слёз.
Занковіч паказаў пластылінавы эскіз, які тады ляпіў з Камінскага. Гэта невялікая скульптура 40 см вышынёй стаіць ля акна ў яго майстэрні ўжо больш за 50 гадоў.
У цэнтры комплексу – бронзавая скульптура "Непакораны чалавек" вышынёй больш за шэсць метраў
© Sputnik / Виктор Толочко
Аб сустрэчах з Машэравым
Занковіч падчас размовы часта ўспамінаў пра Машэрава – у яго майстэрні ёсць некалькі эскізаў помніка першаму сакратару ЦК КПБ. "Прыгожы быў мужык, з пачуццём уласнай годнасці, я яго такім і вылепіў", - кажа ён.
У майстэрні Занковіча некалькі скульптур Пятра Машэрава
© Sputnik / Дмитрий Марков
"Мне неяк Машэраў падчас адной з нашых гутарак сказаў, што задума скульптуры Камінскага – надзвычайная. І калі яна будзе выканана годна, гэта будзе мацней, чым у Пірчупісе. А тады помнік у Пірчупісе грымеў на ўвесь Савецкі Саюз", - успамінае Занковіч.
Паводле яго слоў, тады для ўвекавечання Хатыні было 10 прапаноў, але Машэраў выбраў менавіта гэтую ідэю. І не памыліўся.
Пётр Машэраў у Мемарыяльным комплексе "Хатынь" суправаджае кіраўніка Рэспублікі Куба Фідэля Кастра, 1972 год
© © НАРБ
Фурцавай не спадабалася
Гэта зараз мемарыяльны комплекс "Хатынь" уключаны ў спісак гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, скульптура Камінскага стала класікай, а 50 гадоў таму не ўсе прынялі гэту ідэю.
Занковіч расказаў: калі аўтарскі калектыў, які працаваў над "Хатынню", вылучалі на Ленінскую прэмію, міністр культуры СССР Кацярына Фурцава была не ў захапленні ад мемарыяла.
"Прыехала Фурцава, убачыла фатаграфію гэтага старога і кажа: "Ну навошта вы такую недарэчнасць зрабілі? Навошта яму ў рукі гэтага хлопчыка сунулі? Не маглі даць у рукі кулямёт ці аўтамат хаця б", - узгадвае Занковіч.
Мемарыяльны комплекс "Хатынь", мітынг-рэквіем "Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы"
© Sputnik / Виктор Толочко
У той год адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Леніна, і Ленінскія прэміі далі ўсім траім намінантам – за Мамаеў Курган, Саласпілс і Хатынь.
Ён успомніў, што з нагоды ўручэння прэміі быў банкет у Георгіеўскай зале ў Крамлі, за доўгім сталом насупраць архітэктара сядзела Фурцава са сваёй сяброўкай спявачкай Людмілай Зыкінай.
"Вось і выйшла мне з імі чокацца. І з паэтам Расулам Гамзатавым. А Чынгіз Айтматаў такія словы казаў пра нашу Хатынь, што ў мяне цяклі слёзы", - успамінае Занковіч.
© Sputnik / Дмитрий Марков
Валянцін Паўлавіч па-філасофску ставіцца да жыцця – як і кожны чалавек, які пражыў доўгае жыццё і бачыў шмат розных людзей, спазнаў славу і расчараванне.
Ён расказаў, што за ганарар, атрыманы за скульптуру Камінскага, купіў "Жыгулі", а Ленінская прэмія пайшла непрыметна.
"Ленінскую прэмію атрымалі і прагулялі ў Маскве. На зваротны шлях пазычаў. Не хапала грошай, каб даехаць да Мінска. Колькі Ленінская прэмія? 10 тысяч. Тады гэта грошы вялікія былі", - сказаў Валянцін Паўлавіч.
Памяць аб вайне
Успамінаючы аб "Хатыні", Валянцін Паўлавіч некалькі разоў згадваў аб сваёй ідэі стварыць музей аб зверствах фашызму.
Па яго словах, з гэтай ідэяй ён выходзіў і на Міністэрства культуры, на саюзныя структуры. У 2019 годзе ён разам са студэнтамі БДУІР распрацаваў такі праект, ён быў прэзентаваны на конкурсе "100 ідэй для Беларусі".
Эскізы манумента ў Брэсцкай крэпасці Валянціна Занковіча
© Sputnik / Дмитрий Марков
А яшчэ легендарны скульптар і архітэктар марыць, што яго ідэя пра другую частку мемарыяльнага помніка ў Брэсцкай крэпасці будзе таксама ўвасоблена ў жыццё.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Музей, капліца, новае падсвятленне – як змянілася "Хатынь" пасля рэканструкцыі
МЗС Беларусі праводзіць акцыю "Свечка памяці"
Год працы: як выглядае мемарыял у Хатыні пасля рэканструкцыі – відэа
Лукашэнка аб трагедыі Хатыні: у нацызму няма нацыянальнасці
Рэквіем па Хатыні: фотагісторыя мемарыяла