МІНСК, 27 сак – Sputnik. Міністэрства адукацыі зацвердзіла даты экзаменаў у 9 класе, рэкамендацыі па правядзенні выпускных экзаменаў апублікаваны на нацыянальным адукацыйным партале.
Навучальныя заняткі ў выпускных класах – 9-х і 11-х – у гэтым годзе будуць заканчвацца 25 мая, ва ўсіх іншых класах – 31 мая.
Што да экзаменаў, то дзевяцікласнікаў чакае чатыры выпрабаванні:
беларуская мова (1 чэрвеня),
руская мова (5 чэрвеня),
матэматыка (7 чэрвеня),
гісторыя Беларусі (9 чэрвеня).
Фармат здачы экзаменаў будзе наступны: з гэтага часу па мовах дзевяцікласнікі будуць пісаць пераказ (раней быў дыктант), па матэматыцы, як і раней, кантрольная работа, па гісторыі Беларусі – вусная здача па білетах.
Па мовах і матэматыцы адводзіцца 4 астранамічныя гадзіны, па гісторыі Беларусі – 30 хвілін на падрыхтоўку да вуснага адказу па білеце.
На нацыянальным адукацыйным партале ўжо адкрыта рубрыка "Практычныя заданні для выпускнога экзамену", дзе размешчаны арыенціровачныя экзаменацыйныя пытанні.
Экзамены будуць пачынацца ў 9 раніцы. Тэксты і заданні да іх аб’явяць па тэлебачанні і радыё, таксама яны будуць размяшчацца ў дзень правядзення экзаменаў на сайце Мінадукацыі.
Тыя, хто не зможа здаць экзамены ва ўстаноўленыя тэрміны, напісаць іх змогуць у рэзервовыя даты – з 21 па 25 жніўня.
Экзамены ў 11 класе
У Мінадукацыі нагадваюць, што з гэтага года выпускнікі школ замест выпускных экзаменаў здаюць два цэнтралізаваныя – па рускай ці беларускай мове і другім любым прадметам на выбар (матэматыцы, фізіцы, біялогіі і гэтак далей).
Асноўныя тэрміны здачы "моўных" экзаменаў – 14 мая, рэзервовыя – 23 мая. Калі не атрымліваецца ні ў адну з гэтых дат, апошні тэрмін – 21 жніўня.
Па іншых прадметах асноўныя тэрміны – 21 мая, рэзервовая дата – 25 мая. Апошняя – 23 жніўня.
Апошні званок і выпускныя вечары
У гэтым годзе апошні званок для навучэнцаў 9 класаў (а таксама 10-х, у якіх навучаліся вучні з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі) і 11-х, праводзіцца 25 мая.
Выпускныя вечары для 11 класаў Мінадукацыі рэкамендуе правесці 10 чэрвеня 2023 года (субота).
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Акадэмія кіравання зацвердзіла план набору ў 2023 годзе
Прыём заявак на навучанне ў Расіі па квотах працягнулі да 2 красавіка
Паступіць у ВНУ МНС можна без экзаменаў – вось спісак спецыяльнасцей