На гэтых выхадных у многіх беларускіх музеях пройдуць цікавыя вячэрнія, а дзе-нідзе і начныя мерапрыемствы ў рамках міжнароднай акцыі "Ноч музеяў".
Арганізатары ўпэўнены, што акцыя стане сапраўдным святам і для даўніх прыхільнікаў мастацтва, і для тых, хто раптам вырашыў да яго дакрануцца. Яна дазволіць не толькі акунуцца ў "музейную магію", але і праз музыку, пастаноўкі, незвычайныя квэсты, майстар-класы і забавы стаць крыху бліжэй да высокага мастацтва.
Якія музеі плануюць прыняць удзел у акцыі "Ноч музеяў" і чым яны парадуюць сваіх гасцей – у матэрыяле Sputnik.
Музейны квартал
У гэтым годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі (НММ) Беларусі "начная" акцыя пройдзе 20 мая пад назвай "Музейны квАРТал".
Мерапрыемствы там пачнуцца а 16:15 з выступлення хору Polifonica. Затым запланавана адкрыццё выставы Станіслава Жукоўскага пад назвай "Пункт прыцягнення – сядзіба".
Акрамя таго, удзельнікі акцыі змогуць наведаць адразу некалькі лекцый: па кітайскім жывапісе, каліграфіі, ксілаграфіі, а таксама па гісторыі кітайскага касцюма. Можна будзе прыняць удзел у майстар-класе па пляценні кітайскіх традыцыйных вузлоў, па лінагравюры і па ігры на розных музычных інструментах. А яшчэ Арцём Лапіцкі плануе прачытаць лекцыю "Захавальнікі поглядаў. Гісторыя мастацкіх музеяў".
Калі пайсці на "Ноч музеяў" у НММ вырашана ўсёй сям’ёй, то дзецям таксама будзе там чым заняцца: для іх – гульня "Будуем горад" і квэст па музеі з падарункамі.
У музеі будзе іграць імправізаваны аркестр ад адной са студый музычнага навучання, а ў вячэрні час пройдзе яшчэ некалькі канцэртаў – ансамбля музыкі барока, джазавай музыкі, адбудзецца таксама паэтычны перфоманс ад акцёра Аляксандра Міцкевіча.
Каб прыняць удзел у акцыі, неабходна купіць білет, кошт якога для дарослых складае 15 беларускіх рублёў, а для дзяцей – 8 рублёў.
Для спакою душы
Побач з НММ ёсць яшчэ адзін музей – Нацыянальны гістарычны, дзе ў суботу, 20 мая, пройдзе мерапрыемства пад дэвізам "Ноч міру і стварэння".
Па словах арганізатараў, тут усё будзе накіравана на тое, каб кожны наведвальнік здабыў душэўны спакой. Разуменне адпачынку ва ўсіх рознае, таму тым, хто прыйшоў, прапануюць некалькі варыянтаў. Напрыклад, можна будзе правесці таямнічы вечар у шляхецкім палацы ці павесяліцца пад гукі бадзёрых песень, адчуць сябе сапраўдным рыцарам ці прыдворнай дамай, або напісаць ліст незнаёмцу.
У рамках акцыі пройдзе некалькі майстар-класаў, можна будзе таксама паназіраць за працай ганчара.
Для дзяцей Нацыянальны гістарычны падрыхтаваў гульню "Уключыся ў музей!", якая дапаможа не толькі раскрыць таямніцы музейных экспанатаў, але і здзейсніць падарожжа ў часе.
"Ноч музеяў" у Нацыянальным гістарычным музеі
© Sputnik
Адным словам, гасцей чакае цікавая культурная праграма.
Кошт агульнага ўваходнага білета – 12 беларускіх рублёў, для школьнікаў, навучэнцаў і пенсіянераў – 6 рублёў.
З незвычайнага
Музей скейтбордынгу не раз прымаў удзел у міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" і 2023 год не стаў выключэннем.
Мерапрыемствы ў гэтай незвычайнай музейнай прасторы пройдуць таксама ў суботу, з 18:00 да 00:00.
Для наведвальнікаў – цікавая начная экскурсія, майстар-клас, арыгінальная фотазона, прэзентацыя новых экспанатаў, фотавыстава, скейт-выстава і мурал ад бразільскага скейтара. А яшчэ там можна будзе ўбачыць скейт-гігант, які з нагоды акцыі арганізатары мерапрыемства паабяцалі падсвятліць асаблівым чынам.
Адзначым, што гэтую начную праграму трэба браніраваць загадзя. Дарэчы, для груп ад 10 чалавек прадугледжаны спецыяльныя ўмовы.
У свеце жывёл
Заалагічны музей БДУ вырашыў вызначыцца і назваў сваё мерапрыемства "(не) Ноч у музеі БДУ". Пройдзе яно 20 мая з 11:00 і да 20:00.
Праўда, назва – гэта адзінае, чым вызначыўся музей, у астатнім – усё досыць банальна. У рамках акцыі прадугледжаны толькі аглядныя экскурсіі па экспазіцыі музея, стаць іх удзельнікам можна ў 12:00, 14:00, 16:00 і ў 18:00. Працягласць кожнай – 45 (60) хвілін.
Варта ўлічваць, што музей знаходзіцца за МКАД і дабірацца да яго не так проста, апошні аўтобус ад прыпынку побач з музеем адыходзіць у 20:15.
Што да кошту квіткоў, то для школьнікаў цана вызначана ў 6 беларускіх рублёў, для студэнтаў – 6 рублёў 50 капеек, а для іншых наведвальнікаў – 7 рублёў. Ёсць і тыя, каму за ўваход плаціць не давядзецца, – гэта дашкольнікі, студэнты і супрацоўнікі БДУ, супрацоўнікі іншых музеяў, навучэнцы школ-інтэрнатаў, удзельнікі ВАВ і інваліды.
І яшчэ адзін нюанс – аплата толькі наяўнымі, а дарослым пры сабе трэба абавязкова мець пашпарт.
Дарэчы, гэта не адзіны музэй БДУ, які вырашыў далучыцца да міжнароднай акцыі. Музей землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі гэтага ўніверсітэта ўпершыню расчыніць свае дзверы для жыхароў і гасцей сталіцы ў рамках "начнога" мерапрыемства.
Арганізатары прапануюць адправіцца ў незабыўнае падарожжа ў краіну самацветаў і загадкавы свет акамянеласцей. Гасцей музея чакаюць не толькі захапляльныя экскурсіі, але і прэзентацыі, майстар-класы, тэматычныя выставы. Яшчэ адным прыемным бонусам стануць цікавыя сустрэчы з геолагамі і калекцыянерамі.
Школьнікам уваход у музей абыдзецца ў 5 рублёў і 50 капеек, студэнтам – у 6 рублёў, а для іншых наведвальнікаў цана ўваходнага білета складае 6 рублёў і 40 капеек. Аплата таксама прымаецца толькі гатоўкай.
Містычная ноч у замку
20 мая ў 19:00 Нясвіжскі палац запрашае ўсіх жадаючых здзейсніць захапляльнае і таямнічае апусканне ў містэрыю замка.
Як адзначаюць арганізатары, праграма гэтай музейнай ночы перанясе ўсіх гасцей палаца ў рамантычны і натхняльны свет гісторыі. Але будзьце гатовы да нечаканых сустрэч – па палацавых калідорах будуць блукаць цікавыя асобы, а калі ўзгадаць легенды Нясвіжа, то, магчыма, сярод іх можа сустрэцца і нехта з былых гаспадароў палаца.
Нясвіжскі палац
© Sputnik / Виктор Толочко
Акрамя містычнай экскурсіі і незвычайнага маршруту па вячэрнім палацы, гасцей чакае выступленне творчых калектываў, якія выканаюць музычныя творы.
Кошт уваходнага білета для дарослых складае 24 рублі, а для дзяцей – 16 рублёў.
Яшчэ адзін замак "па суседстве" – Мірскі – таксама адчыняў свае дзверы для "начных" наведвальнікаў, але, мабыць, каб гасцям не прыйшлося выбіраць паміж Нясвіжам і Мірам, правёў гэтае незвычайнае мерапрыемства загадзя – 18 мая. Так што ў суботу, 20 мая, замак будзе працаваць у звычайным рэжыме – з 10:00 да 18:30.
На любы густ
Усяго да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" сёлета далучыліся больш за 120 музеяў па ўсёй Беларусі.
Сярод іх не толькі буйныя мастацкія музеі, але і галерэі асобных майстроў: галерэя Леаніда Шчамялёва, музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, музей-майстэрня Заіра Азгура, музей Марка Шагала, галерэі Міхаіла Савіцкага і Гаўрылы Вашчанкі.
Таксама свае дзверы адчынілі для "начных" наведвальнікаў і літаратурныя музеі, якія прысвечаны такім дзеячам беларускай літаратуры, як Петрусь Броўка, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Янка Купала і Адам Міцкевіч.
Акрамя Мірскага і Нясвіжскага замкаў, да акцыі далучыліся Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў, Гальшанскі замак, Лошыцкая сядзіба, Лідскі замак, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і музей-сядзіба "Пружанскі палацык", уваход у які будзе абсалютна бясплатным.
Некалькі музеяў і паркаў гісторыі – "Вялікае княства Сула", "Дудуткі", "Родны кут Сабалi" і "Беларуская хатка" – таксама ўдзельнічаюць са сваёй праграмай у акцыі "Ноч музеяў".
Не засталіся ў баку ад "начных" мерапрыемстваў і тэматычныя музеі. Сярод іх музей гісторыі беларускай літаратуры, гісторыі медыцыны Беларусі, гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, прыроды і экалогіі. На незвычайныя экскурсіі запрасілі гасцей у рамках акцыі "Ноч музеяў" піўзавод "Аліварыя", музеі архітэктурных мініяцюр, займальных навук і лялек.
Далучыліся да яе і гістарычныя і краязнаўчыя музеі невялікіх гарадоў Беларусі, прапанаваўшы арыгінальныя праграмы для сваіх наведвальнікаў. Так што стаць удзельнікам "Ночы музеяў" можа кожны і для гэтага зусім не абавязкова ехаць у абласны цэнтр ці ў сталіцу.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Скульптар Фінскі: джаз – гэта і ёсць мая малая пластыка, гэта свабода і экспромт
Каралеўскія інтэр’еры: што паглядзець у новых залах Старога замка ў Гродне
Пяцьдзесят пяць прыступак у свет тэатра і музыкі