Русальны тыдзень: гісторыя і традыцыі народнага свята

Пачынаючы з Духава дня русалкі выходзяць з азёр і рэк, гушкаюцца на галінках бяроз, гуляюць у полі і нават заходзяць у вёскі.
Sputnik
Нашы продкі верылі, што праз восем тыдняў пасля Вялікадня, калі пачынае красаваць жыта, трэба асабліва сцерагчыся русалак. Чаму гэта так, як адагнаць ад сабе тапельніц і чым можна задобрыць русалку, чытайце ў даведцы Sputnik.

Адкуль бяруцца русалкі

Па народных паданнях, у русалак ператвараюцца маладыя тапельніцы-самазабойцы, а таксама немаўляты, якіх праклялі ўжо ва ўлонні маці і якія нарадзіліся мёртвымі або былі ўтопленыя пасля нараджэння, а таксама памерлі да хрышчэння.
Але ўбачыць русалку-немаўля не ўдасца, таму што пасля смерці душа дзіцяці сем гадоў блукае па свеце і просіць, каб яе пахрысцілі. Існуе меркаванне, што калі нехта пачуе гэты енк і вымавіць: "Хрышчу цябе у імя Айца і Сына і Святога Духа", душа будзе выратавана, у адваротным выпадку па сканчэнні сямі гадоў ператворыцца ў русалку.
У русалак ператвараюцца маладыя тапельніцы-самазабойцы

Як русалкі выглядаюць

Звычайна, як сведчыць беларускі фальклор, русалкі прадстаюць перад вачамі ў выглядзе маладой жанчыны або дзяўчыны з доўгімі русымі ці зялёнымі валасамі і прыгожымі блакітнымі вачамі, якія, аднак, калі падыйсці да русалкі блізка, становяцца ашклянелымі, як у нябожчыка.
Скура ў іх вельмі светлая, амаль празрыстая, адзення русалкі не носяць ніякага, а жывуць пад вадой у палацах, пад уладай Вадзяніка.
Калі тапельніца памерла пахрышчанай, з адлегласці 9 крокаў можна разгледзець след крыжа ў яе на грудзях.
Як сведчыць беларускі фальклор, русалкі прадстаюць перад вачамі ў выглядзе дзяўчат

Дзе можна сустрэць русалку

Продкі лічылі, што русалкі селяцца ў азёрах і рэках і не адыходзяць ад іх далёка – па народных уяўленнях, русалка можа заставацца на паветры, толькі пакуль не высахнуць валасы. Але на восьмы тыдзень з Вялікадня гэта абмежаванне здымаецца: пачынаючы з Духава дня русалкі могуць хадзіць па палях і лясах і нават заходзіць у вёскі.
Існавала таксама павер’е, што, калі хтосьці адважыцца злавіць русалку і прывесці яе ў хату, тая можа служыць гаспадару на працягу года, але не будзе размаўляць і ежы не будзе браць ніякай, акрамя той, якую пакідаюць дзядам-нябожчыкам.
Пачынаючы з Духава дня русалкі могуць заходзіць нават у вёскі

Ці варта сцерагчыся русалак

Здаўна беларусы меркавалі, што русалкі завабліваюць у ваду люзей любога полу і ўзросту, але больш за ўсё любяць яны маладых хлопцаў. Калі русалка закахаецца ў юнака і прывабіць яго да сабе, будзе ахоўваць яго і лашчыць, а старога і непрыгожага мужчыну выпхне на бераг. Дзяўчынка, якую ўдалося заманіць у ваду, сама ператвараецца ў русалку.
Таксама русалкі вельмі зайздросцяць закаханым парам, і, калі тыя гуляюць каля рэк і азёр, імкнуцца неяк нашкодзіць ім.
Русалкі вельмі зайздросцяць закаханым парам
Каб выратавацца ад нападзення русалкі, трэба заўсёды насіць пры сабе жалезную булаўку або шпільку. Нават калі русалак некалькі, дастаткова ўкалоць адну з іх, каб астатнія таксама спужаліся і зніклі.

Як святкуюць Русальны тыдзень у Беларусі

З даўніх часоў на Русальны тыдзень існавала забарона на ўсялякія палявыя працы. Акрамя таго, сяляне імкнуліся не хадзіць у лес і не пушчалі туды дамашнюю скаціну. Таксама ні ў якім разе нельга было купацца – асабліва апоўдні і апоўначы, гэты час здавён лічыўся спрыяльным для ўсіх нячысцікаў.
Жанчыны не займаліся на гэтым тыдні ткацтвам і шыццём, не мылі бялізну і не бялілі лён.
Маладыя дзяўчаты на Русальны тыдзень гарэзвалі
Маладыя дзяўчаты на Русальны тыдзень гарэзвалі: апраналі кашулі, завешвалі твар валасамі і хаваліся ў гушчары, каб выскачыць і напужаць прахожага. Дзяцей яны таксама лавілі і казыталі, як сапраўдныя русалкі.
У канцы Русальнага тыдня жанчыны ладзілі абрад "провады русалкі". Каб ушанаваць і задобрыць русалак, яны развешвалі на галінках дрэў і кустоў, якія растуць каля вады, палотны на кашулі і ўласна вопратку. У гэты ж час спявалі адмысловыя русальныя песні. Пасля садзіліся за святочную вячэру.
У канцы Русальнага тыдня сяляне ўдзельнічалі ў святочнай вячэры
Русалка маглі аддзячыць жанчыне, якая падарыла ёй сарочку, або, калі гэта дзіця, прыкрыла яго пялюшкай. Калі яна дакранецца да ахвяравальніцы, у той уся праца будзе рабіцца скора ды ладна.
Русалкі з даўніны лічыліся таксама і ахоўнікамі пасеваў, таму людзі імкнуліся іх не крыўдзіць.
Провады русалкі
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Пачастунак для Русалкі і земляны снядак: гатуем сыр па беларускіх рэцэптах
Русальны тыдзень на Любаншчыне ў фотаздымках
"Провады русалкі", або Як атрымаць добры ўраджай капусты