МІНСК, 30 чэр – Sputnik. Праект закона аб далучэнні Беларусі да дагавораў ШАС прынялі сёння ў адным чытанні дэпутаты, перадае карэспандэнт Sputnik.
Як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да праекта Закона, ён падрыхтаваны ў рамках работы па ўступленні Беларусі ў ШАС.
Праект закона "аб далучэнні Беларусі да міжнародных дагавораў ШАС" быў унесены ў Палату прадстаўнікоў урадам па даручэнні прэзідэнта.
Як сказаў журналістам кіраўнік камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, прыняцце гэтага закона "дазволіць паскорыць уступленне Беларусі ў ШАС".
Як адзначыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч, прадстаўляючы праект закона ў Авальнай зале, краіна плануе ўступіць у ШАС у паскораным фармаце – не за два гады, а за адзін.
"Уступленне Беларусі ў ШАС дасць магчымасць ёй умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне", - падкрэсліў ён.
Неабходнай умовай для ўступлення нашай краіны ў ШАС з'яўляецца далучэнне да цэлага шэрага дагавораў, прынятых да нашага ўступлення ў гэтую арганізацыю, сказаў Амбразевіч. Паводле яго слоў, у мэтах паскоранага ўступлення Беларусі ў ШАС беларускім бокам падпісаны мемарандум аб абавязацельствах атрымання статусу дзяржавы-удзельніцы ШАС.
"Завяршэнне падпісання гэтага мемарандума ўсімі астатнімі ўдзельнікамі арганізацыі плануецца ў ходзе чарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС, якое адбудзецца ў ліпені 2023 года ў Індыі", - сказаў Амбразевіч.
Як раней казаў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік, узаемадзеянне з ШАС будзе прысвечана пытанням супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам.
Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі краіны Аляксандра Вальфовіча, членства ў арганізацыі "ўмацуе і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, і імідж рэспублікі Беларусь".
Партнёрам па дыялогу ШАС Беларусь з’яўляецца з 2010 года. Праз пяць гадоў яна атрымала статус назіральніка.
У 2021 годзе Беларусь заявіла аб тым, што гатова ўступіць у ШАС як паўнапраўны ўдзельнік, у 2022 годзе пачалася працэдура прыёму рэспублікі ў члены арганізацыі.
Згодна са статутам, каб уступіць у арганізацыю, трэба падпісаць і ратыфікаваць мемарандум, а потым далучыцца да шэрага дакументаў.
ШАС – міжнародная структура, заснаваная ў 2001 годзе. У ёй бяруць удзел Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Пакістан і Узбекістан. Краіны-назіральнікі – Афганістан, Беларусь, Іран і Манголія, краіны-партнёры – Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Беларусь разлічвае ў бліжэйшы час атрымаць новы статус у ШАС
Вальфовіч: Беларусь будзе прынята ў ШАС у гэтым годзе
Расія робіць крокі для больш хуткага прыняцця Беларусі ў ШАС – Лаўроў