Бургеры і пельмені: з 1 верасня ў школах будзе новае харчаванне

Пілотны праект па харчаванні прайшоў у гэтым годзе ў больш як 20 беларускіх школах, спецыялісты высвятлялі, якія стравы больш за ўсё падабаюцца вучням.
Sputnik
МІНСК, 30 чэр – Sputnik. Абноўленае меню з’явіцца ў школах краіны з 1 верасня 2023 года, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт Sputnik.
Ён нагадаў, што пілотны праект па харчаванні стартаваў 15 снежня мінулага года ў больш як 20 школах на падставе рашэння ўрада. Міжведамасная камісія з профільных ведамстваў на працягу паўгода высвятляла смакавыя перавагі вучняў.
"Вынікі гэтага пілотнага праекта (мы правялі адпаведнае апытанне педагогаў, дзяцей, бацькоў) гавораць, што больш як 90% падтрымліваюць новае харчаванне", - сказаў ён на нарадзе ў Саўміне.
Паводле яго слоў, дзякуючы ўкараненню новых страў у школьнае меню ўзровень адходаў знізіўся да 10-20% (раней ён складаў 50-60%). Эксперымент па харчаванні прызнаны эфектыўным і дае магчымасць гаварыць аб тым, каб "распаўсюдзіць гэты пілот на ўсе навучальныя ўстановы".

Усюды, але не адразу

Петрышэнка ўдакладніў, што частка ўстаноў пяройдзе на новае школьнае меню з 1 верасня гэтага года, наступная частка ў залежнасці ад рэгіёна і пошуку дадатковых фінансавых сродкаў – з 1 студзеня 2024 года.
"І адпаведна наступны этап у нас запланаваны з 1 верасня 2024 года", - канстатаваў ён.
Пасля чаго дадаў, што кожны раён будзе вызначаць для сябе графік уводу новага меню. Напрыклад, у Віцебскай вобласці больш як 70% школ пяройдуць на новае харчаванне для школьнікаў ужо з пачатку гэтага навучальнага года.
"У іншых рэгіёнах – 30-40% устаноў, у адпаведнасці са ступенню гатоўнасці. На непадрыхтаваных установах, вядома, мы не будзем эксперыментаваць", - запэўніў Петрышэнка.
Паводле яго слоў, працэс пераходу школ на новае харчаванне ўрад будзе актывізаваць, магчыма, ён адбудзецца і раней. Пакуль жа ў некаторых установах неабходна дааснасціць школьныя кухні спецыяльным абсталяваннем і вырашыць пытанне ў сталовых з размяшчэннем дзяцей. На гэтыя мэты з бюджэту дадаткова выдзеляць каля 35 млн беларускіх рублёў.

Пельмені, хот-догі і бабка: чым будуць карміць школьнікаў

У новым школьным меню будзе каля 230 новых страў, праінфармаваў віцэ-прэм’ер.
Сярод страў, якія былі апрабаваны ў рамках пілотнага праекта, ёсць бульбяная бабка, пельмені, бургеры, хот-догі, запечаная курыная галёнка і многае іншае.
Нагадаем, школьным харчаваннем беларускі ўрад заклапаціўся ў лістападзе 2022 года пасля таго, як прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка раскрытыкаваў стравы, якія падаюць у сталовых.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Урад Беларусі мяняе правілы школьнага харчавання
Пытанне вырашана: урад вызначыў, як будуць харчавацца настаўнікі ў школах
Галоўчанка назваў школьнае харчаванне нясмачным і аднастайным