У Мар’інай Горцы, якая па праве лічыцца сталіцай беларускага вайсковага спецназа і дзе ўжо больш за 60 гадоў дыслацыруецца 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння, сёння таксама было шмат дэсантнікаў.
Сотні дэмбеляў розных гадоў у кампаніі жонак, дзяцей, сяброў і саслужыўцаў прыйшлі ў часць паглядзець, як сёння вучаць дэсантнікаў-разведчыкаў гэтага элітнага злучэння. Карэспандэнты Sputnik таксама далучыліся да галоўнага свята "блакітных берэтаў".
Чыстага неба і пабольш грошай
Вітаючы адзін аднаго, суровыя мужчыны ў цяльняшках і берэтах, з зялёна-блакітнымі сцягамі ў руках магутна выкрыквалі "Слава ПДВ", а ў адказ атрымлівалі традыцыйнае "Ніхто, акрамя нас".
Дэмбелі са стажам удараліся ва ўспаміны: гаварылі пра Афган, пра хлопцаў, якія не вярнуліся, і заводзілі дыскусіі наконт сучаснага стану Узброеных сіл Беларусі. Маладзейшыя здзіўляліся новай экіпіроўцы спецназаўцаў, аглядалі выставу ўзбраення і будавалі актыўныя планы на вечар.
Намеснік камандуючага сіл спецыяльных аперацый Дзмітрый Собаль
© Sputnik / Виктор Толочко
Намеснік камандуючага сіл спецыяльных аперацый Дзмітрый Собаль, звяртаючыся з трыбуны да вайскоўцаў і ветэранаў гэтага роду войск, пажадаў чыстага і мірнага неба, а таксама заставацца дэсантнікамі не толькі на святы.
"Помніце, таварышы, словы легендарнага камандуючага ПДВ Васіля Піліпавіча Маргелава: "Дэсантнік – гэта мужнасць найвышэйшага класа, адвага першай катэгорыі і баявая гатоўнасць нумар адзін". Цяпер гэтыя словы як ніколі актуальныя. Наша з вамі задача – быць гатовымі да ўсяго", - падкрэсліў ён.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы начальнік Генштаба Узброеных сіл краіны Алег Белаконеў адзначыў, што ў кожнага вайскоўца свой шлях прыходу ў сілы спецыяльных аперацый: кагосьці адабралі ў ваенкамаце па стане здароўя, хтосьці скончыў факультэт ваеннай разведкі, хтосьці прыйшоў адразу служыць па кантракце.
"Я калісьці таксама гаварыў "Ніхто, акрамя нас", а цяпер кажу "Ніхто, акрамя вас". Вы – лепшыя. Хачу пажадаць вам аптымізму і дастойнай грашовай узнагароды. Цяпер дзяржава вельмі шмат робіць для ваеннаслужачых", - канстатаваў Белаконеў.
Так працуюць ССА
Пасля ўсіх урачыстых прамоў на пляцы брыгады раздаліся выбухі. Разведчыкі зладзілі паказальныя выступленні, спрытна і метадычна абыходзячыся са зброяй і нажамі.
Асаблівую радасць гэта давала дзеткам, якія, куляючыся па траве, нязграбна спрабавалі паўтарыць рухі спецназаўцаў.
Потым былі скачкі з парашутам з верталёта Мі-8, пасля чаго перад гасцямі выступіў ваенны аркестр.
Дзень дэсантніка ў Мар'інай Горцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Вялікай папулярнасцю карысталася выстава ўзбраенняў, якую разгарнулі каля вайсковага пляца.
Можна было ўзяць у рукі рознакаліберную стралковую зброю, ацаніць поспехі айчыннага ваенпрама ў галіне стварэння беспілотнікаў і пасядзець за рулём кітайскіх браневікоў.
Цэнтральнымі экспанатамі стала прадукцыя віцебскага "Дысплея" – ударныя дроны і беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія з нядаўняга часу стаяць на ўзбраенні ў брыгадзе.
Дзед Мароз ПДВ
Многія з тых, хто прыйшоў сёння ў частку, як ужо гаварылася вышэй, былыя афганцы.
Юрый Петруковіч родам з беларускага Белазерска, у 1985-1987 гадах праходзіў службу ў Афгане. Пасля вучэння ў Ташкенце трапіў кулямётчыкам у 668-ы атрад спецыяльнага прызначэння, які стаяў на мяжы з Пакістанам.
Віктар Петруковіч у 1985-1987 праходзіў службу ў Афгане
© Sputnik / Виктор Толочко
"Рабілі засады, знішчалі банды, караваны, якія перавозілі наркотыкі і зброю з Пакістана. У радыусе 100 км была ў нас тэрыторыя дзеяння", - успамінае былы вайсковец.
Некаторыя бацькі і дзяды, якія служылі ў ПДВ у савецкі час, прывялі на свята дзяцей, каб яны з малых гадоў прасякаліся атмасферай дэсантнага адзінства.
Дзень дэсантніка ў Мар'інай Горцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Аляксандр Сяргеевіч прызываўся ў 1972 годзе яшчэ пры Маргелаве. Усё жыццё ён праслужыў у 5-й брыгадзе – і тэрмінова, і на кантракце. Свае пагоны старэйшага прапаршчыка і форму "кавунка" з медалямі ён апранае толькі 2 жніўня.
Аляксандр Мароз усё жыццё праслужыў у 5-й брыгадзе
© Sputnik / Виктор Толочко
"У мяне прозвішча знакамітае на ўвесь свет – Мароз. Унучкі мае так мяне і называюць – Дзед Мароз. Свята адзначаем усёй сям’ёй – жонка, дачка, унучкі побач. Самы душэўны дзень", - прызнаўся дэсантнік.
Каб далучыцца да дэсантнага братэрства, камусьці прыйшлося нават узяць адгул на працы. Аляксандр і Віктар кожны год на працягу вось ужо 19 гадоў прыязджаюць у "пяцёрку".
Аляксандр і Віктар кожны год прыязджаюць у "пяцёрку" на Дзень дэсантніка ўжо на працягу 19 гадоў
© Sputnik / Виктор Толочко
"Адгулы бяром на працы. Мы так і сустракаемся – раз на год. Я са Свіслачы, вось ён (паказвае на Віктара - Sputnik) з Быхава, - кажа Аляксандр. – Хтосьці з Гомеля прыязджае, хтосьці з Мінска. Тым для размоў у нас дастаткова. Але ў першую чаргу мы святкуем!".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Дэсантнікі адзначаюць сваё свята ў Мар’інай Горцы – відэа
Лукашэнка павіншаваў дэсантнікаў
Са стрэламі і выбухамі: віцебскія дэсантнікі адзначылі дзень ПДВ – відэа