МІНСК, 31 жні – Sputnik. Электразабеспячэнне адноўлена ў большасці населеных пунктаў, якія пацярпелі напярэдадні ад непагадзі, паведаміла прэс-служба Белэнерга ў афіцыйным Telegram-канале энергетычнага аб’яднання.
У некаторых рэгіёнах Беларусі спякоту змянілі моцныя дажджы з магутнымі парывамі ветру да 20-27 м/с. З-за неспрыяльных умоў надвор’я ў сераду, 30 жніўня, была зафіксавана значная колькасць адключэнняў у асноўнай і размеркавальнай сетцы энергасістэмы. Пры гэтым асноўная сетка энергасістэмы адпрацавала ўстойліва, адзначылі ў Белэнерга.
Па даных профільнага ведамства, больш за ўсё ад непагадзі пацярпелі рэгіёны Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей.
Асноўнымі прычынамі адключэнняў электразабеспячэння былі навальнічныя перанапружанні, павышаная ветравая нагрузка, падзенне галінак і дрэў, а таксама пашкоджанне апор і абрывы правадоў ліній электраперадачы.
"Першачарговая задача для энергетыкаў – аднаўленне электразабеспячэння спажыўцоў у максімальна кароткія тэрміны, таму 30 жніўня адразу пасля атрымання паведамленняў аб парушэннях спецыялісты аператыўна пачалі аднаўленчыя работы", - гаворыцца ў паведамленні Белэнерга.
Адзначаецца, што работы праводзіліся да глыбокай ночы і працягваюцца зараз.
Так, у цэлым па краіне з 6:00 30 жніўня па 6:00 31 жніўня электразабеспячэнне было адноўлена ў 909 населеных пунктах. Работы па ўстараненні наступстваў стыхіі працягваюцца яшчэ ў 223 населеных пунктах. Акрамя таго, аднаўляецца электразабеспячэнне на пяці фермах.
Усяго аднаўленчымі работамі займаюцца 650 чалавек у складзе аварыйных брыгад, таксама задзейнічана 269 адзінак спецыяльнай тэхнікі. У электрасеткавых філіялах на працоўныя месцы быў дадаткова выкліканы аператыўны і рамонтны персанал.
"Аб ходзе аднаўленчых работ будзе паведамлена дадаткова", - паабяцалі ў Белэнерга.
Сіноптыкі папярэджваюць
Нагадаем, што на сёння сіноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі. Гэта значыць, што ўмовы надвор’я ўяўляюць пагрозу.
Паводле прагнозаў Белгідрамета, у чацвер, 31 жніўня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя дажджы і навальніцы, днём магчымы град. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні 5-10 м/с, пры навальніцах парывы могуць дасягаць 14 м/с, месцамі – 15-20 м/с.
У Мінску таксама пройдзе кароткачасовы дождж (верагоднасць ападкаў 70-80%) і магчыма навальніца. Пры навальніцы парывы ветру будуць дасягаць 14 м/с.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
"Хілары" абрынуўся на Каліфорнію: трапічных штормаў тут не было 80 гадоў
Тэмпература павысіцца ў 2023-м і 2024-м гадах – чаму, растлумачыў кліматолаг
Выратавальная аперацыя і пошук зніклых пасля апоўзня ў Грузіі – відэа