ГРОДНА, 7 вер – Sputnik, Іна Грышук. У найбліжэйшыя выхадныя Гродна адзначыць 895 гадоў з дня заснавання горада.
Гараджан і гасцей горада запрашаюць далучыцца да свята: паўдзельнічаць у традыцыйным фестывалі сыру, фэсце вулічнага мастацтва, байк-фэсце, а ўвечары паслухаць выступленне расійскага рок-музыканта Аляксандра Маршала.
Свята пачнецца ў пятніцу
Святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў пятніцу, 8 верасня.
У гэты дзень пройдзе цырымонія ўскладання кветак каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку Жылібера. На пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра "Гродна" на "Алеі кіно" адкрыюць памятную пліту, прысвечаную серыялу "Покушение", які здымаўся ў Гродне. У цырымоніі прыме ўдзел рэжысёр карціны Аляксандр Яфрэмаў.
Увечары ў абласной філармоніі адбудуцца канцэрт і ўрачыстае адкрыццё свята. Трапіць туды можна толькі па запрашальных квітках. Падчас канцэрта будуць названы імёны гараджан, якія ў гэтым годзе ўключылі ў "Кнігу славы" Гродна, і тых, хто атрымае званне "Ганаровага грамадзяніна Гродна" і "Чалавека горада Гродна".
9 верасня – дзень фестываляў
Адной з галоўных падзей у асноўны дзень свята стане фестываль сыру, які пройдзе з 12:00 да 18:00 на плошчы Савецкай. У рамках сырнага фэсту гараджане змогуць паўдзельнічаць у дэгустацыі прадукцыі, канцэртна-забаўляльных праграмах, майстар-класах, даведацца пра сырныя навінкі беларускіх малочных заводаў.
На фестывалі можна не толькі купіць, але і папярэдне пакаштаваць фермерскі сыр
© Sputnik / Марина Серебрякова
Яшчэ адзін фестываль вулічнай творчасці разгорнецца на вуліцы Савецкай. Тут можна будзе ўбачыць жывыя скульптуры, мімаў, выступленне танцораў.
Навінкай гэтага года стане байк-фестываль, які збярэ каля сотні байкераў. Ён будзе праходзіць на вуліцы Дзяржынскага – на ўчастку ад скрыжавання з вуліцай Ажэшкі да плошчы Тызенгаўза.
Фестываль у Гродне
© Sputnik / Вероника Тризно
Яшчэ адна навінка – фестываль прыгажосці, які разгорне працу на пляцоўцы па вуліцы Дзяржынскага ад плошчы Тызенгаўза да вуліцы 1 Мая. Тут на працягу дня будуць праходзіць модныя паказы, майстар-класы па візажы, нанясенні татуіровак, розыгрышы, а таксама выстава-продаж адзення.
На плошчы Тызенгаўза будзе працаваць пляцоўка "Арт-фестываль кветак", якая ў мінулым годзе спадабалася гараджанам і абяцае стаць традыцыйнай на свяце горада.
Саюзная сям’я і шмат забаў
Сутыкнуцца з культурамі розных краін і даведацца больш пра гарады Расіі і Беларусі можна будзе на святочнай пляцоўцы каля культурнага цэнтра "Фестывальны" на вуліцы Тызенгаўза. Тут збяруцца прадстаўнікі дыяспар розных краін, якія жывуць у Гродне. Канцэртная праграма запланавана да 19:00.
У 13:00 у культурным цэнтры адкрыецца выстава фатаграфій пад назвай "Саюзная 7я: разам мы – сіла", прысвечаная гарадам Беларусі і Расіі.
Сувеніры на свяце ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Вялікай забаўляльнай пляцоўкай на дзень стане тэрыторыя парку Жылібера. Каля летняй эстрады свае працы прадставяць рамеснікі, у Швейцарскай даліне разгорне працу рыцарскі лагер і пройдуць выступленні гістарычных клубаў.
Каля тэатра лялек чакаюць аматараў кніг – тут адбудзецца бібліятэчны фестываль, у рамках якога пройдуць сустрэчы з гродзенскімі аўтарамі, а гасцям прапануюць тэматычныя забавы.
Шмат канцэртаў і салют
Плошча Леніна па традыцыі стане музычна забаўляльнай пляцоўкай. Тут з 12 дня і да паўночы будзе працаваць рэстаран пад адкрытым небам, а вечарам пройдзе фестываль кавер-груп.
На плошчы Савецкай пасля заканчэння фестывалю сыру таксама адбудзецца некалькі канцэртаў. Галоўны з іх – гэта выступленне расійскага рок-музыканта Аляксандра Маршала, якое пачнецца ў 21:00.
Апоўначы над горадам прагрымяць залпы салюту.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Копія Каложскай царквы будуецца ў Гродне
З’езд малых гарадоў Расіі і Беларусі пройдзе ў Гродзенскай вобласці
Каралеўскія інтэр’еры: што паглядзець у новых залах Старога замка ў Гродне