МІНСК, 19 вер – Sputnik. Беларускія дэпутаты прынялі рашэнне прыпыніць дзеянне Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі, перадае карэспандэнт Sputnik з Авальнай залы парламента.
Адпаведны законапраект быў распрацаваны па ініцыятыве МЗС Беларусі і на пачатку верасня ўнесены ў Палату Прадстаўнікоў. Дакумент у ніжняй палаце парламента ў аўторак, 19 верасня, прадставіў намеснік міністра замежных спраў рэспублікі Яўген Шастакоў.
"Праект закона падрыхтаваны ў мэтах забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і прыпыняе выкананне беларускім бокам абавязацельстваў па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе <…> у адносінах да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі", - адзначыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, дагавор прадугледжваў абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і ваеннай тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмы праверкі захавання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і інспекцыі).
"ДЗУСЕ з’яўляецца адным з ключавых пагадненняў у сферы кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе і краевугольным каменем еўрапейскай бяспекі. Дагавор адыграў сваю знакавую ролю ў зніжэнні ваеннай канфрантацыі і стварэнні новай архітэктуры бяспекі на еўрапейскім кантыненце ў перыяд пасля заканчэння Халоднай вайны за кошт беспрэцэдэнтнага скарачэння ўзбраенняў, тэхнікі і асабовага складу (узброеных сіл. – Sputnik)", - падкрэсліў Шастакоў.
Ён нагадаў, што Беларусь у поўным аб’ёме выконвае абавязацельствы па ДЗУСЕ. Пасля ўступлення дагавора ў сілу ў 1992 годзе ў рэспубліцы былі знішчаны 1 773 баявыя танкі, 1 341 баявая браніраваная машына, 130 баявых самалётаў.
Прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ з Польшчай і Чэхіяй у практычным плане будзе азначаць тое, што Мінск не будзе даваць Варшаве і Празе інфармацыю, якая датычыцца звычайных узбраенняў і тэхнікі. Пры гэтым у адносінах да іншых дзяржаў-удзельніц Беларусь будзе працягваць выконваць ДЗУСЕ.
Меры ў адказ
Нагадаем, у жніўні 2022 года Чэхія папярэдзіла беларускія ўлады аб тым, што перастане выконваць палажэнні дагавора ў адносінах да нашай рэспублікі. Афіцыйная Варшава паступіла аналагічным чынам у сакавіку бягучага года.
Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе быў падпісаны 19 лістапада 1990 года ў Парыжы паміж 16 краінамі з блока НАТА і шасцю дзяржавамі з Арганізацыі Варшаўскага дагавора. Дакумент набыў моц 9 лістапада 1992 года.
У 1999 годзе на саміце АБСЕ ў Стамбуле быў падпісаны абноўлены варыянт дагавора. Аднак яго ратыфікавалі толькі чатыры краіны – Расія, Беларусь, Казахстан і Украіна.
У 2007 годзе Расія прыпыніла ўдзел у міжнародным дагаворы "да таго часу, пакуль краіны НАТА не ратыфікуюць Пагадненне аб адаптацыі і не пачнуць добрасумленна выконваць гэты дакумент". У маі бягучага года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб дэнансацыі Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Польшча парушае Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе – Мінабароны
Лукашэнка сабраў Савет бяспекі
Хрэнін: прамое сутыкненне з НАТА магчыма ў будучыні