МІНСК, 26 вер – Sputnik. Прэзентацыя першага тома Зборніка твораў класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага адбылася сёння ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, перадае карэспандэнт Sputnik.
Збор твораў у 12 тамах выдае "Беларуская навука", зборнік падрыхтаваны Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
У першы том увайшлі творы, напісаныя класікам беларускай літаратуры ў 1921–1925 гадах.
Дырэктар Цэнтра акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка на прэзентацыі першага тома павіншаваў калектыў з завяршэннем вялікай працы і падзякаваў тым, хто найбольш вылучыўся.
Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел літаратары, вучоныя і грамадскія дзеячы краіны, завяршылася адкрыццём кніжнай выстаўкі "Кузьма Чорны: пра чалавека, пра беларускае, пра галоўнае".
Алена Васілевіч з першым томам Зборніка твораў Кузьмы Чорнага
© Sputnik / Юрий Иванов
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) – адзін з заснавальнікаў жанру беларускага рамана, нацыянальнай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы. Яго творы ўключаны ў праграмы агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, папулярны за мяжой. Іменем пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку, а таксама школа ў Цімкавічах, дзе працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"