МІНСК, 14 кас – Sputnik. Бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Беларусі ў 2024 годзе будзе бездэфіцытны, вынікае з апублікаванага законапраекта аб бюджэце ФСАН.
Праект закона ўжо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў і прадугледжвае выдаткі больш за 27,7 млрд рублёў пры даходах 28,2 млрд. Асноўная крыніца паступленняў у фонд, як і раней, – узносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне.
Каля 1,7 млрд рублёў пры гэтым дададуць з іншых бюджэтаў, каб выплаціць дзярждапамогі на дзяцей, пенсіі вайскоўцам і гэтак далей. У цэлым на розныя віды пенсій хочуць патраціць больш за 22 млрд, што на 17% больш за суму, закладзеную на 2023 год.
На бальнічныя лісты, розныя віды дзіцячай дапамогі, дапамогі на пахаванне, таксама дапамогі па доглядзе інвалідаў I-й групы рэзервуюць амаль 5,3 млрд рублёў. Гэта крыху менш, чым закладвалі на бягучы год (амаль 5,5 млрд).
У адным пакеце з праектам бюджэту ФСАН традыцыйна ў парламент унесены папраўкі ў Падатковы кодэкс і праект рэспубліканскага бюджэту на наступны год. Напрыклад, плануецца ў дзесяць разоў павялічыць транспартны падатак для ўладальнікаў "транспартных сродкаў павышанай камфортнасці".
Бюджэт краіны на 2024 год, як і раней, плануюць дэфіцытны. Розніцу паміж даходамі і расходамі закрыюць, у асноўным, бюджэтнымі астаткамі і знешнімі запазычаннямі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Мінпрацы растлумачыла, ад чаго залежыць памер пенсіі і як яе налічваюць
На што атрымальнікі трацяць сямейны капітал, распавялі ў Мінпрацы
Колькі беларусаў падтрымлівае асабістае накапленне пенсіі, падлічыў Нацбанк