Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Багатыроў: не хапае сумесных карцін кінематаграфістаў Беларусі і Расіі

Расійскі рэжысёр прывёз у Мінск сваю новую карціну "Легенда о самбо" і не супраць папрацаваць разам з беларускімі кінематаграфістамі.
Sputnik
МІНСК, 30 кас – Sputnik. Зараз не хапае карцін, якія зроблены сумесна кінематаграфістамі Беларусі і Расіі, заявіў рэжысёр Андрэй Багатыроў на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
"Не хапае нейкіх гістарычных тэм і ўвогуле, можа быць, зусім новых нейкіх тэм не абавязкова гістарычных, якія б і аб’ядноўвалі, і давалі магчымасць беларускім кінематаграфістам выказацца, рэалізавацца", - сказаў Багатыроў.
Ён адзначыў, што гатоў і адкрыты да сумесных праектаў. У рэжысёра вельмі шмат задумак і яшчэ не рэалізаваных сцэнарыяў.
"Ёсць славянскі жудзік, які, напрыклад, адсылае да такога сярэднявечча Русі", - падзяліўся Багатыроў.
На яго думку, ёсць вялікая колькасць цікавых персанажаў са славянскіх казак і міфалогіі. Пры гэтым у японцаў склаўся свой жанр "жахаў", але няма такой жа з’явы, да прыкладу, на базе беларускай і рускай міфалогіі.

Куды рухацца

Багатыроў нагадаў, што ёсць вялікая кніжная спадчына савецкай фантастыкі, але кіно такога напрамку ў СССР рабілі недастаткова добра. Гэты жанр тады не склаўся.
"Калі ў нас ёсць імкненне ў будучыню, чаму б нам не толькі гаварыць аб нашым мінулым, але і гаварыць аб нашай будучыні, куды мы рухаемся?", - задаў рытарычнае пытанне кінематаграфіст.
"Вельмі шмат праектаў, вельмі шмат задумак, і мы б, безумоўна, з вялікай радасцю, без усялякага фармалізму гавару, супрацоўнічалі б з Беларуссю", - падкрэсліў Багатыроў.

"Легенда о самбо"

У Мінску рэжысёр Андрэй Багатыроў выступіў на прэм’еры свайго новага фільма "Легенда о самбо" ў адным са сталічных кінатэатраў. Ён падкрэсліў, што гэта быў самы першы паказ, які можна назваць сусветнай прэм’ерай.
"Гэта была, уласна, прэм’ера, уласна, самая што ні на ёсць афіцыйная. І ўжо потым будзе ў Маскве", - растлумачыў рэжысёр.
У шырокі пракат кінастужка, як чакаецца, выйдзе толькі 16 лістапада. Аўтары фільма спадзяюцца, што тэма самба блізкая многім людзям, бо гэтым адзінаборствам займалася вялізная колькасць жыхароў як Беларусі, так і Расіі.
Аднак далёка не ўсе ведаюць аб тых, хто стварыў гэты від адзінаборстваў. Фільм, на думку аўтараў, закрывае гэты прабел.
Аднаго са стваральнікаў самба і аўтара назвы гэтага віду адзінаборстваў іграе Дзмітрый Паўленка. Ён займаўся рознымі відамі барацьбы, у тым ліку і самба. Мае чорны пояс па Такемусе Айкідо.
"Кансультанты, зразумела, у нас былі, і мы трэніраваліся, і былі каскадзёры. Без іх нікуды, таму што, акцёраў часам трэба і паберагчы, і дзесьці нас трэба крыху замяніць… Але рабілі, у асноўным, самі трукі", - патлумачыў Паўленка на прэс-канферэнцыі ў МПЦ Sputnik.

Хто стварыў "самбо"

Назва адзінаборства расшыфроўваецца як "самозащита без оружия". Барацьба была распрацавана ў 1920 – 1930 гадах.
Адзін з заснавальнікаў – Віктар Спірыдонаў, які ў царскай арміі даслужыўся да штабс-капітана, а ў савецкай сістэме сілавых органаў быў загадчыкам Маскоўскіх акруговых курсаў інструктараў спорту і дапрызыўнай падрыхтоўкі, а таксама адным са стваральнікаў спартыўнага таварыства "Динамо". Менавіта ён і прыдумаў тэрмін "самбо".
Самба застаецца папулярным відам адзінаборстваў у сучаснай Беларусі. На днях, 27-29 кастрычніка, у Мінску адбыўся буйны юнацкі турнір "Лига Самбо", на які прыехалі самбісты з Расіі і розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Казахстана. Турнір праходзіў пры падтрымцы пасольства Расіі і прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
"Легенда о самбо" зараз у Беларусі – відэа
Япрынцаў: самба дапамагае адарваць дзяцей ад гаджэтаў
Як у Саюзнай дзяржаве звязаны спорт і гістарычная спадчына – відэа