МІНСК, 9 сту – Sputnik. Сістэма барацьбы з кібермахлярамі пачне дзейнічаць у Беларусі з 1 сакавіка 2024 года, паведаміў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Іван Судніковіч, перадае карэспандэнт Sputnik Беларусь.
"На жаль, сёння кібермахлярства – гэта праблема нацыянальнага маштабу", - адзначыў прадстаўнік Следчага камітэта.
Ён падкрэсліў, што працуюць цэлыя транснацыянальныя групы. Штогод адбываюцца некалькі тысяч злачынстваў падобнага роду, выкрадаюцца дзесяткі мільёнаў рублёў.
Пры гэтым асноўная задача злачынцаў – гэта вывад грошай за мяжу. Для гэтага яны могуць выкарыстоўваць падстаўных асоб (дропаў), або канверсаваць грошы ў крыптавалюты праз нелегальных мянял. Калі схема пабудавана добра, вывад грошай за межы краіны можа займаць некалькі гадзін ці нават некалькі хвілін.
"Калі вы дапамаглі кібермахлярам, перадалі ім у карыстанне свае банкаўскія карты і рахункі, або аказалі паслугу вываду крыптавалюты за мяжу, рыхтуйцеся – мы прыйдзем да ўсіх", - папярэдзіў Судніковіч.
Падазроныя транзакцыі
Як растлумачыла ў сваю чаргу начальнік упраўлення абароны інфармацыі Нацбанка Іна Лягчылава, банкі будуць выяўляць нетыпічныя паводзіны кліентаў.
Напрыклад, адной з прыкмет падазронай аперацыі можа быць анлайн-плацеж з выкарыстаннем аднаго IP-адраса, а праз дзесяць хвілін – іншага. Калі ёсць некалькі такіх прыкмет, аперацыю прыпыняць на двое сутак. На працягу гэтага часу банк зможа звязацца з кліентам і ўдакладніць, ці сапраўды ён робіць гэтую аперацыю.
Будуць і аперацыі, якія адназначна прыпыняць – калі банку паведамяць, што гэта сапраўды незаконная транзакцыя.
Начальнік аддзела рэагавання на камп’ютарныя пагрозы Упраўлення абароны інфармацыі Нацбанка Дзмітрый Курыла дадаў, што чатыры разы на суткі ў банкі будуць накіроўваць даныя аб скампраметаваных атрымальніках.
Аўтаматычная сістэма
Нагадаем, што ў жніўні 2023 года быў падпісаны ўказ аб новай сістэма барацьбы з кібермахлярамі.
У тым ліку будзе наладжаны абмен інфармацыяй аб несанкцыянаваных плацежных аперацыях і спробах іх учынення. Даныя будуць перадаваць адзін аднаму праваахоўныя органы і банкаўскі сектар. Для гэтага ствараецца аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі інцыдэнтаў Нацбанка (АСАІ).
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"