МІНСК, 1 лют – Sputnik. Імпарт тавараў у Беларусі па выніках мінулага года перавысіў пастаўкі на экспарт, вынікае з даных Белстата.
Аб’ём імпарту ў доларавым эквіваленце склаў амаль 40,3 млрд. Гэта прыкладна на 3 млрд больш за экспарт.
Для параўнання – у 2022 годзе сумы імпарту і экспарту амаль супадалі. Розніца на карысць імпарту была толькі 99,6 млн.
Калі ўлічваць толькі тавараабарот з краінамі СНД, то дэфіцыту знешняга гандлю не было ні ў 2023 годзе, ні ў 2022 годзе.
У мінулым годзе Беларусь прадала ў краіны Садружнасці на 2,9 млрд больш, чым купіла. У 2022-м сальда склала 2,3 млрд долараў. Пры гэтым на СНД прыпадае больш за палову ўсяго экспарту рэспублікі.
Статыстыка па гандлі таварамі з краінамі па-за СНД зусім іншая. Экспарт тут склаў крыху менш за 13 млрд долараў. Імпарт дасягнуў амаль 19 млрд – пры тым, што ў 2022 годзе гэтыя сумы адпаведна, былі 12,3 млрд і 14,7 млрд. Гэта значыць Беларусь стала закупляць больш тавараў у далёкім замежжы.
Аптымістычна выглядаюць вынікі за 11 месяцаў мінулага года, калі ўлічыць і тавары, і паслугі. Экспарт большы за імпарт на 2,56 млрд долараў.
Звестак за ўвесь 2023 год па знешнім гандлі таварамі і паслугамі пакуль што няма.
Як растлумачылі ў Мінэканомікі Беларусі, адна з прычын росту імпарту – увоз новага абсталявання для пераўзбраення вытворчасці. У міністэрстве лічаць, што ў будучыні гэта павысіць экспарт.
"Рост імпарту спажывецкіх тавараў абумоўлены адкладзеным попытам, а таксама ростам рэальных даходаў беларусаў", - таксама адзначылі ў міністэрстве.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"