"Чаму так, скажэце, жывецца на свеце?"
Матчын дар і Купала
Вяртанне і вечнасць
"I я плыву сваёй ракой,
Жыццём якую хтось назваў…".
Адбітак
Дзіўлюся я на ззянне ясных зораў, –
I сумна-сумна так, што я ня разам з імі,
Што жыць ня лёс мне ў вышыне нагорнай
I сцежкамі хадзіць па небе залатымі.
Сярод нязнаных мне, ня бачаных прастораў
Раўнінай той, што звецца Бесканечнасць,
Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай
I, можа б, там пазнаў цябе, Адвечнасць.
Дзіўлюся я на зораў ясных ззянне,
На сцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам,
I сумна гэтак мне, і родзіць сум пытанне:
Нашто пачаўся я ад Бога – чалавекам?
* * *
Брацця, к агульнаму шчасцю
Трэба жыццё кіраваць.
Роўнасць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асвятляць.
Згоднай, вялікай сям’ёю
Пойдзем к дзянькам залатым,
З думаю ў сэрцы святою,
З нашым жаданнем адным.
Крыўды людской нам ня трэба,
Слёз не бажаем ніч’іх,
Хочам, каб з яснага неба
Сонца свяціла для ўсіх.
Досыць было панавання
Квотнікаў злых, махляроў,
Досыць для нас гаравання,
Новых паклічам майстроў.
Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!
Будуць для ўсіх там палацы,
Стане на ўсіх там цяпла,
Ў панстве братэрства і працы,
Вольнасці, хлеба й святла.
Вецер
Вее вецер вольны,
Хмары шыбка гоніць;
З вадой, зямлёй, лесам
Зюкае-гамоніць!
Прыляцеў да рэчкі,
Прылёг, прытуліўся,
Крышачку па яснай
Віхрам закруціўся,
Сказаў слоўца ласкі,
Свіснуў і падняўся
I за хмаркай лёгкай
Пырхнуў і пагнаўся.
Зноў прымчаў да лесу:
"О, здароў, мой браце!"
I пайшоў між хвоек
Ён дурэць, гуляці:
Адну пацалуе,
З другой пасмяецца,
Кіне слоўца, пару,
Да трэйцяй бярэцца...
Годзе ўжо у лесе!
Зноў увыш падняўся,
Пакруціўся крыху
Ды удаль падаўся.
Задаў гону, пылу
I уніз ён рынуў,
Прыпаў да зямліцы,
Быццам дзесь загінуў.
"Ах, мая матуля,
Як я нагуляўся!
Бачыў сонца, месяц,
Ў рэчачцы скупаўся.
Хораша на свеце!
Колькі ў ім прастору:
Шыбаеш па рэчцы,
Прыпадзеш да бору...
Я хацеў бы болей
Ў свеце пагуляці, –
Адпусці ж, матуля,
Яшчэ палятаці!"
Пэўне, што пусціла
Вецер маць гуляці,
Бо падняўся ў неба
I пачаў спяваці...
Вось – нянацкам скончыў
Спяваці гуляка,
Гікнуў і панёсся
Ўдаль хутчэй за птака.
Дзяўчаці
Цябе спаткаў і сам ня знаю,
Ад сэрца шчырага кажу,
Якую, дзеўча, думку маю
I спеў аб тым які злажу.
Здаецца, нешта ўскаланула
Ў душы маёй ты неўзнарок,
Былога струны закранула, –
Звіняць ледзь чутна аддалёк.
Ці ж будзе час, што нам спаткацца
Яшчэ раз здарыцца калі
I струны сэрца разбрымяцца
У тыя песні, што былі?
Ніхто ня скажа! Толькі знаю
I не ўтаюся ад цябе:
Няхай цябе я не спаткаю, –
Пакінеш след ты па сабе.
I ў час, калі гадзінай шарай,
Сярод бязлюддзя, пустаты,
Нуда абляжэць чорнай хмарай,
Праменнем сонца будзеш ты!
Ідуць гады
Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод, бясконца,
Што ў небе зорачкі вядуць
Ля месяца, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць –
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць
І сцежкамі якімі?
"Няведама мне, скуль усё і што я;
Няведама мне сама сцежка мая,
Няведама мне, і куды я іду.
Пытання ня маю, ці што там знайду,
Ня ведаю жыццё, ці шчасце, ці не, –
Пачалося гэта, браток, не на мне".
Ідуць гады, ідуць гады,
І з імі ўсё на свеце.
Сягоння ты, а йшлі дзяды,
А заўтра пойдуць дзеці.
Ідуць гады, і ты ідзеш
Ўздагон за імі, з імі.
Нашто, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?
"З аднэю я думкай у свеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і свет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасць сябе і другім".
Мая люба
У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,
Губкі вішнёвыя;
I шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная, –
Грудкі пуховыя;
I голас у любай, як ў лесе звінючай, бліскучай крынічанькі
Спевы адвечныя;
А ўсмешка каханай – ў зялёным аксаміце лугу мурожнага
Перлы сланечныя;
Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю,
Ціха ступаючы;
Заўсёды ўсміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную
Песню спяваючы;
Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: "Плывіце вы
Разам з вадзіцаю!
Скажэце каханаму: станем прад Богам мы параю шлюбнаю,
Хоць бы з грамніцамі".
А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду ранняя,
Будзе і станецца.
Над нашым каханнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўластныя –
Хай жа мінаюцца.
Салавейка
Салавейку ўзялі ды з гаю,
Пасадзілі у клетку за краты?
У маю
Тэй страты
Найцяжэйшай дазнаў салаўюшка.
Распусціўся лісток на дубочку,
Апранулась зямелька у краскі;
А ў ночку,
А з ласкі
Не спявае ніхто над рачушкай.
Ой, чаму ж, салавейка, ты болі
Чараўнічых спявоў не счыняеш?
Што волі
Ня маеш
I спяваці ня будзеш ніколі?
* * *
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.
Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у свеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.
Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцвіла, закацілась.
Не змяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.
А чаму? Ты ня здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п’яніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.
Светлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць не пушчалі.
Хто хацеў, той і смеў рабаваці,
Без прыпросу зязджаліся госці –
Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косці.
Можа б, ты і памёр і загінуў,
Каб ня вешчая мова Баяна.
Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?
Як жа так, што яшчэ не забрана?
Бо што бачылі госцікі-герцы –
І зямлю, і лясы, і кілімы, –
Ўсё забралі. А мову у сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы.
Дык шануй, Беларус, сваю мову –
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!
Песня-звон
Гэй ты, маці, родна мова,
Гэй ты, звон вялікі, слова,
Звон магучы,
Звон бліскучы,
З срэбра літы,
З злота збіты,
Загрымі ты,
Загрымі!
Гэй, званар, званар, мой пане,
Бій у звон, як змогі стане,
Без спачынку,
Безупынку,
Потам зліты,
Ім умыты, –
Бій, звані ты,
Бій, звані!
Гэй, гусляр, пясняр, мой браце,
Грай, спявай у полі, ў хаце,
Дзе гарота,
Дзе галота,
Дзе нясыты,
Дзе няўмыты.
Ім спыні ты,
Жаль спыні!
Струны хай грымяць і рвуцца,
З болю, з гневу. Хай смяюцца
Разам зь імі,
Не чужымі,
Голас чысты,
Залацісты,
З імі злій ты,
З імі злій!..
* * *
Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў
I кінуў ў рэчку і з вадой
У даль няведаму пагнаў, –
Плыву сабе. Рака мая – жыццё,
Па ёй плывуць і кветкі і смяццё.
Я раз спытаўся у вады:
– Скажы, адкуль ты прыцякла?
Яна сказала: – З-пад грады
Каменных гораў уцякла.
– Куды ж бяжыш? – Цяпер бягу над спад
У мора сіняе. – А вернесся назад?
– Над мной закон – колазварот.
Плыву я з мора ў акіян
I стуль збіраюсь ў паварот,
Калі узьнімецца туман
I ўзляжа ноч. Лячу хутчэй тагды,
Цячы ракой з-пад горнае грады.
Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў,
I я плыву сваёй ракой,
Жыццём якую хтось назваў.
Нясець яна і кветкі і смяццё...
А ты ж скажы, ці вернесся, жыццё?