Выставу аб Гагарыне ў Мінску наведалі ўжо больш за тысячу чалавек

У беларускую сталіцу прывезлі некаторыя асабістыя рэчы першага касманаўта ў гісторыі чалавецтва, а таксама рэдкія фотаздымкі з яго сямейнага архіва.
Sputnik
МІНСК, 9 кра – Sputnik. Выставу "Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для свету" за паўтара месяца работы ў Мінску наведалі больш за тысячу чалавек, распавяла Sputnik намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў па творчай працы Алеся Іншаземцава.
Паводле яе слоў, выстава карыстаецца попытам у першую чаргу сярод навучэнцаў, паколькі гэты праект добра адгукнуўся ў вучэбна-выхаваўчай рабоце.
"Каля тысячы чалавек ужо дакладна прайшлі праз гэтую выставу", - паведаміла яна.
На выставе "Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для свету"
Экспазіцыя складаецца з трох сэнсавых блокаў. У першым прадстаўлены фатаграфіі Юрыя Гагарына з розных публічных мерапрыемстваў, а таксама з яго прыватнага жыцця. Некаторыя з іх былі перададзены расійскім музеем-запаведнікам Юрыя Гагарына, яшчэ адну частку прывезла асабіста пляменніца касманаўта Наталля Барысаўна.
Акрамя фатаграфій, на выставе можна паглядзець і асабістыя рэчы Юрыя Гагарына – ліхтарык, складаны нож, шахматную дошку.
Ліхтарык Юрыя Гагарына на выставе "Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для свету"
Другі блок экспазіцыі – партрэты Гагарына і карціны аб космасе. Свае работы даслалі навучэнцы са шматлікіх школ Беларусі і Расіі, а таксама прафесійныя мастакі.
Яшчэ адной часткай выставы з’яўляецца інтэрактыўная акцыя, узяць удзел у якой можа любы. Трэба зафіксаваць сваю ўсмешку на фоне помніка ці мемарыяльнай дошкі Юрыя Гагарына і выслаць у Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Пасля чаго фатаграфіі ў электронным фармаце пакажуць падчас працы выставы.
"Гэта перарасло ў сапраўдную народную акцыю. Цяпер нам даслалі фатаграфіі з больш як 30 краін", - адзначыла Іншаземцава.
На выставе "Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для свету"
Міжнародны выставачны праект "Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для свету" прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння першага ў свеце касманаўта. Экспазіцыя будзе працаваць да 21 красавіка.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі
Шэдэўры ў "лічбе" з Рускага музея выстаўлены ў Мінску