Беларускім медыкам павышаюць зарплату

Памер заработнай платы медыцынскаму персаналу ў Беларусі карэкціруюць на рэгулярнай аснове – у снежні мінулага года ўрачы атрымлівалі 153% да сярэдняй ЗП па краіне.
Sputnik
МІНСК, 4 мая – Sputnik. Міністэрства аховы здароўя ўзгадніла павышэнне зарплат медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, адпаведная пастанова апублікавана на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, урачы-спецыялісты і сярэдні медперсанал (фельчары, лабаранты, акушэры, памочнікі ўрача і іншыя) будуць атрымліваць надбаўку ў памеры 30% акладу.
Для фельчараў брыгад хуткай дапамогі, якія выязджаюць на выклік без урачоў, памер даплаты ўстаноўлены са 110% да 160% акладу.
Урачам-ардынатарам і клінічным ардынатарам, якія праходзяць падрыхтоўку ў ардынатуры ў вочнай форме, даецца даплата ў выглядзе 40% базавай стаўкі. Для тых, хто вучыцца ў ардынатуры на завочцы, даплата складзе 20% базавай стаўкі.
Нагадаем, памер базавай стаўкі для аплаты працы ў бюджэтнай сферы апошні раз у Беларусі мяняўся 1 студзеня 2024 года і цяпер складае 250 рублёў.
Таксама пастановай прадугледжана даплата кіруючым работнікам і спецыялістам, якія праходзяць стажыроўку – 20% базавай стаўкі за кожны дзень стажыроўкі.
Дакумент набыў моц 1 мая 2024 года.

Колькі зарабляюць медыкі ў Беларусі?

У снежні мінулага года ў Мінздароўя паведамілі, што заробкі ва ўрачоў у Беларусі даведзены да ўзроўню 153% ад сярэдняй па краіне. Аднак па сярэднім медперсанале на той момант не ўдалося выйсці на сярэдні ўзровень зарплат па рэспубліцы.
Згодна са статыстыкай Белстата, у сакавіку 2024 года сярэдняя ЗП у ахове здароўя склала 1 723,7 руб.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй паездкі ў Гродна заўважыў, што некаторыя ўрачы ў нашай краіне зарабляюць да 10 тыс руб.
Кіраўнік Мінздароўя Аляксандр Хаджаеў у сваю чаргу агучыў сярэднюю зарплату па краіне, якую сёння маюць урачы – 2 800 руб.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Лукашэнка даручыў зрабіць медыцыну даступнай для ўсіх