* * *
Люблю я ціхую паэзію,
Дзе не крычаць і не шумяць.
Удумліва, а не гарэзліва
Душу умее высвятляць.
Люблю я ціхую… Разважліва
Яна вядзе душэўны лад.
I слова кожнае узважвае,
Як россып залатых зярнят.
I словы пачуццём яднаюцца:
Іх вывярае дзень пры дні.
Яны пакорна прачынаюцца
I не маўчаць у цішыні.
Здаецца, сам такою дыхаю,
I верна ёй хачу служыць.
Дык хто ж яе абразіў: ціхаю
Назваць таго, хто не крычыць.
Прырода давярае чалавеку
Здаецца, пасвятлела у бары,
Пабагацелі тоні, азярыны.
I нават асцярожныя бабры
Валтузяцца спакойна на плаціне.
Над лугам росным зведзены кругі –
Знаходзяць качкі завадзь лугавую,
Ніжэюць недаверу берагі –
Дамоўленасць разумная пануе.
I гэтаму яднанню, дабраце
Накукавалі шмат вякоў зязюлі.
Гняздзечка грэе пташка у кусце,
Зубры на поплаў выгналі касуляў.
Чысцеюць плёсы возера, ракі,
Спакоем, цішынёй прырода дыша.
На чыстай гладзі плаваюць чыркі,
He ломяць крыллем спуджаную цішу.
Спяваюць птушкі, не баіцца звер,
Як бы не чулі выстралаў спрадвеку.
Забыўшыся на страх і недавер,
Прырода давярае чалавеку.
* * *
Адыходжу я ад вёскі, адыходжу.
Як падумаю,
Дык сэрца зашчыміць.
Гэту страту адчувае, мусіць, кожны,
Гэта страта, мусіць, кожнаму баліць.
Хоць любоў мая да вёскі не старэе,
Толькі ўсё ж мае гады не там бягуць.
Прыязджаю,
Калі мама прыхварэе
I пляменнікі у армію ідуць.
Для цябе я –
Адыходнік твой нязлоўны,
Прызнаюся табе, вёска, не хлушу…
Заглядаю я у вёску, як у слоўнік,
Каб упэўніцца, што правільна пішу.
Ёсць матчына любоў
Ёсць матчына любоў,
Яе не зблытай
З ніякай, бо няма нідзе такой –
Пяшчотнай, бескарыслівай, адкрытай.
Шчаслівы ты, пакуль яна з табой.
Ёсць матчына любоў.
Яна будзіла
На золку, каб радоўку не праспаць.
I невядома мне, якая сіла
Магла з пасцелі цёплай падымаць.
Ёсць матчына любоў.
З ёй забываеш
I крыўду, і бяду, і гузакі.
Яе цяпло да скону адчуваеш,
Як дотык добрай ласкавай рукі.
Ёсць матчына любоў.
Яна спрадвеку
Была, як спадарожніца жыцця.
Ці прыгажун ты будзеш, ці калека –
Ты для яе – любімае дзіця.
Ёсць матчына любоў.
Ты ёй аддзячыш.
Яна табе душу ўсю аддае.
З дзявочаю, мужчынскай і дзіцячай
Ніколі ты не зблытаеш яе.
Ёсць матчына любоў.
Яна нам свеціць
I ў блізкай, і ў далёкай старане.
I колькі б я ні жыў на гэтым свеце,
Любі адною – матчынай! – мяне.
Словы
У нас сваiх хапае слоў
Крамяных, росных, васiльковых
Ад мурагоў i ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваiх
(Іх пазычаць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбiнi улетку неба.
Сваiх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклiкаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такiх
Чысцюткiх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку i каханне.
Хапае слоў i гаманкiх,
I мяккiх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.
У нас хапае рэдкiх слоў,
I палюбi ты iх бязмежна.
Яны ад чысцінi снягоў
I ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралi звон крынiц,
Шум лесу i дыханне ночы…
Ад лiўняў i ад навальнiц –
Грымяць, iскрацца i шапочуць.
Журыцца ўмеюць i звiнець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Iх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.
Лес прачынаецца на досвітку
Лес прачынаецца на досвітку
Ад хрусту шышак пад нагой.
I аж сцінаецца ад дотыку
Нажа да крохкасці грыбной.
Спаткайся з раніцаю сіняю,
Калі туман у верасах.
Спяшайся сцежкаю ласінаю,
Калі грыбны адчуеш пах.
Лес добры.
I да ўсіх ён – з літасцю.
He возьме грубасці рубеж.
Ён дзеліць скарб па справядлівасці:
Руплівым – больш,
Санлівым – менш.
Настроіць лес
Цябе на музыку
Баравіковаю парой,
Калі ты сам –
Карэньчык вузенькі
Яго сістэмы карнявой.
* * *
Далёка мы ад дому. Хоць бы слова
Пачуць і супакоіцца душой.
Прыснілася:
He чую роднай мовы,
Мне цяжка гаварыць не на сваёй.
Хачу спытаць,
Адкуль такое гора.
Як на збавенне да людзей бягу.
Яны ж – праходзяць міма, не гавораць,
Спрабую закрычаць, ды не магу…
Прачнуўся.
Быццам вымерла прастора.
Заслухаўся начною цішынёй.
Стамлёна не ўздыхае нават мора,
Іскрыцца толькі зорка над гарой.
Нагрэтая зямля адпачывае.
Дачушка спіць.
Што сніцца ёй, малой?
Як рад я, што са мной душа жывая
Карэньчык роду, нацыі маёй!
Рачная калыханка
Рачулка, я хачу пачуць
Тваё імя.
Маўчыць лясная.
Нібы забыла, як завуць.
I, мусіць, трудна ўспамінае.
А колькі год табе, скажы?
He адказала мне нічога.
Булькоча штосьці і бяжыць,
Хапае клопату рачнога.
Відаць, што ёй не да мяне,
Каменне мякка абцякае,
I не злічыць яго на дне,
Нібы насыпана вякамі.
Я падышоў яшчэ бліжэй.
Маленькіх – шмат і менш – вялікіх,
Усе каменні беражэ,
I кожны у яе на ўліку.
Усіх кранулася, хаця
На дне ніхто іх не турбуе.
Каменьчык кожны, як дзіця,
Перамываючы, цалуе.
А думкі ткуцца у цішы
I грэюць ласкаю сваёю.
Ляжаць спакойна галышы,
Паспавіваныя вадою.
Занята імі дацямна.
I што яны жывыя, верыць.
Булькоча песню ім яна
На мове жвіру і аеру.
Яна не ўмее спачываць.
Як маці, з вечара да ранку
Ім не стамляецца спяваць
Рачную песню-калыханку.