Не шукай
Не шукай ты мяне
Каля жытніх палёў,
Не шукай,
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў,
Не шукай…
Не кажы ты мне слоў,
Што не грэюць цяплом,
Не кажы…
Калі сэрца тваё
Не палае агнём,
Не кажы…
Не спявай пад акном
Ты мне песні сваёй,
Не спявай…
Калі ў сэрцы не я
Буду песняй тваёй
Не спявай…
Не шукай ты мяне
У цішы вечароў,
Не шукай…
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў
Не шукай…
Толькі з табою
Толькі з табою мне хочацца быць,
Толькі з табою,
Радасць і шчасце з табою дзяліць
Толькі з табою.
Ранняй часінай к табе я лячу,
Позняй парою.
Толькі к табе прыхіліцца хачу
Сэрцам, душою.
Выйсці у поле, дзе нівы шумяць,
Там, за ракою.
Першую зорку на небе спаткаць
Толькі з табою.
Гэтак не страшны цяжкія пуці
Будуць з табою,
Гэтак ісці неразлучна ў жыцці
Толькі з табою.
Мой край
Куды ні глянь – лясы шумяць,
цвіце за полем гай,
а поле – вокам не абняць.
I гэта ўсё – мой край.
Пшаніца, жыта на палях,
усюды ураджай,
стагі, як горы, на лугах.
I гэта усе – мой край.
Жыве, працуе мой народ
ці ў снежань, ці ў май,
і харашэе з году ў год
мой родны, вольны край.
Куды ні глянь – лясы шумяць,
за полем рачка, гай.
I ў сэрцы песні не стрымаць
пра мой любімы край.
Лясная песня
Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую
Тваю песню лясную
Ды ўспомню былыя гады.
Ды ўспомню пажары,
І варожыя хмары,
І завеі халодных снягоў,
І слату, і нягоды,
І начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў.
Край любімы мой, родны,
Ты на свеце свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі
Ты не быў у няволі,
Каб чырвонымі кветкамі цвіў.
Адышлі тыя годы,
Адгрымелі паходы,
Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцці не забыць.
Бывайце здаровы, жывіце багата!
Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.
У вашам калгасе
Шырокае поле,
Няхай жа на шчасце
Цвіце ваша доля.
На рэчках на вашых
Бурлілі каб воды,
Каб плавалі з крыкам
Гусей карагоды.
Каб жыта ў полі
Трубою вілося,
Каб сала ў хаце
Кубламі вялося.
Штодзень у капусце
Каб плавала шкварка,
Да шкваркі часінай
Вялася б і чарка.
Яшчэ вам жадаем
Прыбытку ў хаце
Ні мала, ні многа –
Штогод па дзіцяці.
Ня будзем у крыўдзе
Яшчэ і на тое,
Калі пашанцуе –
На год і па двое.
Дарогу ж мы знаем
Да вас, ягамосці
I ездзіць мы будзем
Да вас часта ў госці.
Эй, хто на адведы,
Эй, хто на радзіны –
Вазіць караваі
Па дзве паўасьміны.
Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.