Першыя літаратурныя крокі
Вяртанне і выгнанне
Творчасць, напоўненая каханнем
* * *
Душа мая тужлівая –
Лілея між балот.
Яна ўзрасла, маўклівая,
Між багны сонных вод.
Ёй сніцца неба сіняе,
Дзе сонечна вясна,
І песняй салаўінаю
Атручана яна.
І нешта патаёмнае
Шапоча родна ціш,
І ў ночы цёмна-цёмныя
Чаруе зорна выш.
Наўкол жа ціна брудная,
І плесня, й гадкі пах,
Чыесь ўздыханні трудныя,
Нуда і нейкі жах.
І штось незразумелае
Шуміць-пяе чарот,
Чаго не пойме белая
Лілея між балот.
* * *
Зацвілі твае вочы між тлуму,
І, здаецца, твой стан мільгануў,
Перарваліся ніткаю думы,
Даўны смутак ціхутка крануў.
Быццам ветрык, збудзіліся згадкі,
Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль;
Закружыліся лёгка, без звадкі,
І памкнулі ў блакітную даль.
Стала дзіўна, што годы так шпарка
Прашумелі, бы ўвосень лісты,
Жоўтым лісцем, алеямі парку
І ляглі, як смуга, на кусты.
Нагадалася даўняя казка…
Збаіў нехта дарэшты яе.
Але з попелу дзён кволай ласкай
Памяць даўняга міла ўстае.
Нібы сонцам зямля пасля буры,
Я асвечан маім пачуццём,
Нікне хмарнасць на твары панурым,
І вясёлкай я звязан з жыццём.
Як вясенняе ранне без суму,
Далікатны настрой агарнуў…
А ўсяго: твае вочы між тлуму
І твой стан, мне здалось, мільгануў.
* * *
Каханню нічога не трэба,
Каханне нічога не просе, –
Так радуе сіняе неба,
Так цешыць валошка ў калоссі.
Каханне, як песні пра зоры,
Лятункам заўсёды высока,
І шчасцем у свет, у прасторы
Каханка расквітвае вока.
І нат у затоенай скрусе
Тваіх нераздзеленых пешчаў,
К жалобе ніхто не прымусе
Надзею, што зрушана плешча.
Каханая, любая, квеце!
У палоне вясёлае долі
Ёсць песняй аб кім летуцеці,
І сэрцу даволі, даволі.
І сэрца бясхмарнае ясней
Схіляецца постаццю спелай,
Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,
Каб дбаці аб кім яно мела.
Цяжэй ланцугоў
Цяжэй ланцугоў летуценні,
Іх знішчыць мне сіл не прымець.
Як вязень у доўгім вязенні,
Ўтаміўся я песняй звінець,
Як горыч атруты пякучай,
Як тонкая злая страла,
Так горкая радасць сугуччаў
Смяротна мяне працяла.
І вось ужо блытана споведзь
Заўсёды хвалюе ў грудзях,
І нельга няшчыра прамовіць
У верша нязвязных радках.
І вось ужо ў дзеях і чынах,
І справах будзённых, людскіх,
Я ўзрушаным сэрцам няўпынна
Шукаць хараства не прыціх.
І сэрцу не ймецца, што трэба
Хаваць аб высокім тугу,
І родныя кветы і неба
Ніяк раскахаць не магу.
І блізкае гэтак далёка,
Са мной не па сіле цяжар –
Як вецер дыхлівы, жарстока
Смяецца мне розум у твар.
* * *
Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;
Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
"Дабрыдзень!" – прывітацца з ім;
Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай,
З панурым радам сумных хат
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;
Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?