МІНСК, 11 ліп – Sputnik. Легендарныя танкі Т-34 правязуць па гарадах Беларусі падчас акцыі "Марш Перамогі", паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны рэспублікі.
У ведамстве растлумачылі, што запускаюць акцыю "ў сувязі з небывалай цікавасцю беларусаў і гасцей краіны да рарытэтных узораў ваеннай тэхнікі, якія бралі ўдзел у ваенным парадзе ў Дзень Незалежнасці".
У яе рамках бронетэхніка наведае гарады, якія вызначыліся ў барацьбе з нацыстамі і атрымалі ў лютым гэтага года вымпелы "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".
"У спіску ўладальнікаў такога вымпела з’явіліся Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея", - нагадалі ў прэс-службе.
Беларусы акрамя самой тэхнікі змогуць убачыць выступленні лепшых вайсковых творчых калектываў, спецыялістаў кіналагічнага цэнтра са службовымі сабакамі. Таксама ў гарадах будуць арганізаваны выставы рарытэтнай і сучаснай тэхнікі.
"Першымі "Марш Перамогі" сустрэнуць жыхары Дзятлава і Любані. Легендарныя 34-кі прыбудуць у горад 12 ліпеня. Плануецца, што акцыя працягнецца да 20 ліпеня", - удакладнілі ў Мінабароны.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"