У мінулым годзе падчас маштабнага вывучэння летапіснага Менска навукоўцы раскрылі драўляныя клеці з дубу, якія ў Х стагоддзі ўзвялі для абароны горада.
У бягучым палявым сезоне канструкцыі разабралі і адправілі на кансервацыю. Гэта таксама дазволіла зрабіць некалькі сенсацыйных адкрыццяў, пра якія мы ўжо пісалі раней.
Гакі і штэхелі
Цяпер падчас раскопак перад разабранымі дубовымі клецямі ўдалося выявіць яшчэ адну лінію абароны, аб наяўнасці якой навукоўцы і не меркавалі.
"Для Х стагоддзя для дадзенай тэрыторыі былі характэрны абарончыя збудаванні ў выглядзе клецей, якія тут ужо даследавалі", - распавёў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч карэспандэнту Sputnik.
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яго слоў, па меры таго, як даследавалася тэрыторыя ад клецей у бок ракі, была знойдзена яшчэ адна лінія зрубаў, выкананых у класічнай традыцыі з гакамі, якія ўмацоўваюць вонкавую сцяну.
"Яна не была звязана з асноўнымі клецямі, але за ёй была адкрыта яшчэ адна лінія бярвення, якія ўмацаваны гакамі, а кароткія бярвёны, каб іх не зрушылі з месца, змацаваны драўлянымі штэхелямі", - звярнуў увагу гісторык.
Тэхналогіі дойлідства
Андрэй Вайцяховіч растлумачыў, што гэта ўжо зусім іншая тэхналогія, адрозная ад традыцыйных клецей, якая больш характэрна для заходніх славян, а не ўсходніх.
"Гэта ўнікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый узвядзення абарончых збудаванняў. Гэта значыць, што жыхары горада на Менцы былі ў курсе самых сучасных на той момант тэхналогій абарончага дойлідства. Пэўна, у работах бралі ўдзел як мясцовыя майстры, так і прыезджыя, якія і дапамагалі будаваць яшчэ адну лінію абароны", - мяркуе археолаг.
© Sputnik / Виктор Толочко
Пры гэтым ён зрабіў акцэнт, што ўпершыню ў гісторыі археалогіі ва Усходняй Еўропе выяўлена такое спалучэнне драўляных канструкцый.
"Гэта новая старонка ў гісторыі абарончага дойлідства", - упэўнен Андрэй Вайцяховіч.
Упершыню ў археалогіі
"Гэты нацыянальны здабытак, таму што гэта ўнікальны помнік, падобнага якому нідзе няма", - канстатаваў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН.
Цяпер і гэтыя драўляныя канструкцыі будуць разабраны і адправяцца на кансервацыю ў Гомель, дзе ўжо знаходзяцца клеці з дуба Х стагоддзя.
© Sputnik / Виктор Толочко
Па словах навукоўца, наступнае важнае пытанне – гэта музеефікацыя знаходак. Трэба вырашыць, ці патрэбен асобны музей або знаходкі будуць перададзены ў дзеючы. Магчыма, удасца знайсці рашэнне, якое дазволіць захаваць кампазіцыю вала і фартыфікацыйныя збудаванні вернуць на месца, каб пакінуць гістарычны кантэкст.
"Ніякія вядомыя ў Беларусі драўляныя абарончыя збудаванні па складанасці і па магутнасці з імі несупаставімы", - падкрэсліў археолаг.
Андрэй Вайцяховіч заўважыў, што ў асноўным старажытнарускія гарадзішчы даследаваліся на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Тады рабіліся проста разрэзы вала, ніхто не даследаваў такія вялікія плошчы, як цяпер у Беларусі, гэта ўпершыню ў гісторыі айчыннай археалогіі.
Раскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
*Гак – драўляны крук. У дадзеным выпадку ў драўлянай канструкцыі такі крук змацоўваў яе звонку.
**Штэхель – гэта драўляны цвік, або нагель. У дадзенай канструкцыі ён убіваўся ў адтуліны ў бярвенні, забяспечваючы дадатковае мацаванне.
Гак і нагель – словы, запазычаныя з галандскай мовы. Штэхель – гэта нямецкі аналаг нагеля.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"