МІНСК, 21 жні – Sputnik. Міністэрства адукацыі Беларусі зацвердзіла вучэбную праграму новага факультатыву, гэта прадугледжана ведамаснай пастановай №103 ад 12 жніўня, якая афіцыйна апублікавана ў сераду на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Факультатыўныя заняткі называюцца "Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму" і разлічаны на вучняў 8-х ці 9-х класаў.
Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў была распрацавана "ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой".
Навучальная праграма складаецца з 35 гадзін, заняткі будуць праводзіцца адзін раз на тыдзень.
Мяркуецца, што шэсць гадзін будзе прысвечана такой тэме, як "Сціпласць, пакора, лагоднасць", яшчэ шэсць – "Міласэрнасць, спачуванне", пяць гадзін адведзена на тэму "Дабрыня", па чатыры гадзіны – на "Сумленнасць, праўдалюбства" і "Сумленне, раскаянне". Шэсць гадзін адвядуць на тэму "Служэнне, мужнасць, гонар " і яшчэ чатыры – на "Духоўнае краязнаўства. Шанаванне святых і святынь роднай зямлі. Захаванне і памнажэнне духоўнай спадчыны як выказванне любві да Радзімы”.
Згодна з пастановай, мэтай гэтага факультатыву з’яўляецца садзейнічанне духоўнаму развіццю школьнікаў, фарміраванне ў іх маральнай культуры і патрыятызму "на аснове выкарыстання патэнцыялу хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцей беларускага народа".
Таксама з дапамогай заняткаў плануецца сфарміраваць у вучняў духоўнасць, маральнасць, грамадзянскую і патрыятычную свядомасць, паспрыяць іх імкненню да духоўнага росту, выхоўваць пачуццё маральнага абавязку, чалавекалюбства і міласэрнасць.
Сярод задач факультатыва – сфарміраваць адказныя адносіны да ваеннай службы і грамадзянскага служэння як свяшчэннага абавязку, уменне адстойваць хрысціянскія ідэалы і каштоўнасці, а таксама стварыць матывацыю для сацыяльнага служэння і ўдзелу ў дабрачыннай дзейнасці.
Таксама ў Мінадукацыі мяркуюць, што з дапамогай факультатыўных заняткаў будзе ажыццяўляцца прафілактыка залежнасцяў і негатыўных праяў у паводзінах.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"