МІНСК, 2 вер – Sputnik. Барацьба за сусветнае тэхналагічнае лідарства, як і гонка ўзбраенняў, падвяла свет да краю прорвы, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі ВНУ Віцебскай вобласці.
Прэзідэнт адзначыў, што рэспубліка павінна ў паскораным фармаце правесці новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю, пакуль яе не ўцягнулі ў ваеннае супрацьстаянне.
"Толькі ў такіх умовах з’явіцца шанс захавацца як дзяржава і не дапусціць вялікай вайны на нашай зямлі", - цытуе яго БелТА.
Прэзідэнт растлумачыў, што зараз у свеце ідзе барацьба за лідарства ў тэхналогіях. Такое ж супрацьстаянне назіралася ў другой палове XX стагоддзя – за перавагу ў галіне ўзброеных сіл. На яго думку, гэтая сітуацыя падвяла свет да краю прорвы.
"У той ці іншай частцы свету ўжо іскрыць, дзесьці супрацьстаянне ідзе са зброяй у руках", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Неакаланіялізм у чыстым выглядзе
Лукашэнка лічыць, што краіны Захаду зробяць усё, каб не даць ведам і тэхналогіям распаўсюдзіцца ў дзяржавы, якія развіваюцца. Беларускі лідар упэўнен, што заходнія дзяржавы не дазволяць гэтага зрабіць, бо яны, паводле яго слоў, з’яўляюцца тэхналагічнымі манапалістамі.
"Для калектыўнага Захаду гэтыя краіны (якія развіваюцца - Sputnik) – пастаўшчыкі рабочай сілы і рынкі збыту. Нешта падобнае на неакаланіялізм у чыстым выглядзе", - адзначыў ён.
Жыць бядней, але не ваяваць
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь працягвае развівацца, нягледзячы на знешні націск у выглядзе "незаконных варварскіх санкцый". Паводле яго слоў, толькі дзякуючы выбудаваным добрым адносінам з шэрагам краін, "атрымоўваецца балансаваць".
"Заўсёды гавару: лепш жыць бядней, чым ваяваць", - канстатаваў Лукашэнка.
На яго думку, усё тое, што ёсць у Беларусі, ствараецца агульнымі намаганнямі яе грамадзян. Сітуацыя ў эканоміцы палепшыцца, калі аддача ад кожнага беларуса будзе большая, удакладніў прэзідэнт.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"