Жывучы ў вёсцы, часта лаўлю сябе на думцы аб праўдзівасці назіранняў мудрых продкаў, занатаваных у народным календары. Верасень пачаўся з цёплага і сухога надвор’я – і таму падаецца, што лета працягваецца. І ўсё ж за вакном восень.
Усё часцей чуваць у небе як пераклікаюцца паміж сабой гусі, адлятаючы ў вырай, ды зранку густы туман засцілае белым покрывам агароды. У палісадніку чырванеюць кусты каліны, нагадваючы, што надышоў час нарыхтоўкі каштоўных ягад, якія здаўна шырока выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне і кулінарыі: з каліны гатуюць кісялі, кашы, сокі, жэле, павідла, разнастайныя начынкі для пірагоў, робяць наліўкі, з кветак запарваюць гарбату, а з насення вараць нават сурагат кавы!
Згодна з народным календаром ад 11 верасня, калі святкавалі Калінавік, а Царква шанавала дзень памяці Адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля, можна пачынаць збіраць журавіны і шукаць у лесе зараснікі кустоў каліны, калі яна не расце пад плотам каля хаты.
Каліна паспела
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Лепш за цытрусавыя!
Каліну, як моцны полівітамінны сродак ўжываюць у ежу здаўна. І хоць у народзе ёсць прымаўка, што "каліна не маліна", – па сваёй каштоўнасці горкая на смак ягада перавышае салодкую маліну. Так, вітаміну С і жалеза ў пладах каліны ў 1,5-2 разы больш, чым у малінах. Многія нашы продкі не маглі дазволіць сабе ўжываць апельсіны, мандарыны і лімоны, але ў іх была каліна, якая ўтрымоўвае вітамін С і полівітамін А значна больш за згаданую садавіну. Не канкурэнты каліне цытрусавыя і па наяўнасці фосфару, якога ў ёй у 4-6 разоў болей.
Лекавыя якасці каліны былі заўважаны даўно. У народнай медыцыне да гэтага часу выкарыстоўваюць практычна ўсю расліну, а дакладней ягады, кару, карэнне, кветкі, маладыя парасткі і насенне. Калінай продкі лячылі нервы, сасуды, пухліны, галаўны боль, прастуды, цукровы дыябет, хваробы страўніка (гастрыт і язву) і скуры, ды іншыя захворванні.
Цікава, што збіраюць ягаду, калі яна перастае быць цвёрдай і напаўняецца сокам. Менавіта таму сок пладоў каліны, а таксама адвар і настой яе кветак, ужывалі як апетытны сродак. Дарэчы, у свежым выглядзе каліна захоўваецца доўгі час, зберагаючы найбольшую колькасць вітамінаў, якія часткова губляюцца пры глыбокай тэрмічнай апрацоўцы.
Гронкі каліны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А вось каб пазбавіцца горкага смаку, які хаваецца ў скурцы, каліну замарожвалі. У даўніну гэта рабілі двума спосабамі:
гронкі каліны, сабраныя ў пукі, падвешвалі на гарышчы ці ў халодных сенцах, дзе яна прамярзала,
спелыя ягады засыпалі ў бочку, залівалі вадой і таксама замарожвалі.
Такім чынам ягады станавіліся салодкімі, утрымліваючы пры гэтым максімум вітамінаў. І ўжо пасля гэтага іх і ўжывалі ў ежу.
Гатуем з каліны
Народная кухня захавала нямала цікавых кулінарных рэцэптаў з каліны. Так, напрыклад, гатуючы ў хатняй печы крупяную або гарбузовую кашу, дадавалі туды ягады каліны і мёд. Акрамя таго, з калінавых костачак варылі сурагат кавы, бо ў іх засяроджана вельмі шмат тлустага алею. Нездарма ж калінавыя рэцэпты – адны з самых любімых у беларускай кухні!
Сок каліны звычайнай
З чаго гатаваць:
1 л соку каліны,
125 г цукру.
Як гатаваць. Пасля першых прымаразкаў сабраць кошыкі з ягадамі, памыць, абабраць, выдаліць пладаножкі. Ягады ўсыпаць у паліваную каструлю, заліць вадой так, каб вадкасць толькі пакрывала ягады.
Варыць да мяккасці, пасля чаго раздушыць драўлянай лыжкай. Адціснуць сок праз марлю, дадаць у яго цукар або ксіліт. Нагрэць на малым агні да поўнага распускання цукру. Працадзіць сіроп праз 4 слаі марлі, нагрэць да кіпення, разліць у стэрылізаваныя слоікі і закаркаваць стэрылізаванымі металічнымі накрыўкамі.
Каліна ў мёдзе
З чаго гатаваць:
гронкі каліны (па патрэбе),
мёд.
Гронкі каліны трэба абмакваць у вадкі мёд
© Sputnik / Сергей Лескеть
Як гатаваць. Гронкі каліны прамыць і высушыць. Падагрэць мёд, каб ён стаў цякучы, абмакваць у яго гронкі і абсушваць.
У такім выглядзе каліна захоўваецца каля шасці месяцаў.
Кісель з каліны
З чаго гатаваць:
0,5 шк. соку каліны,
0,5 шк. цукру,
90 г бульбянога крухмалу,
2 л вады.
Як гатаваць. Крухмал развесці ў невялікай колькасці вады, уліць у гарачы сок, разведзены вадой, дадаць цукар, мяшаючы, давесці да кіпення.
Падаць гарачым або халодным.
Параная каліна на кісель
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Каша манная з калінай
З чаго гатаваць:
1 шк. манных круп,
2 шк. марожаных калінавых ягад,
4 шк. вады разам з сокам,
1 шк. цукру,
2 шк. вяршкоў.
Як гатаваць. Каліну прамыць, адціснуць сок. Жмых заліць вадой, праварыць, працадзіць. У адвар дадаць цукар і давесці да кіпення. Манныя крупы разбавіць калінавым сокам, уліць у кіпячы сіроп і зварыць густую кашу.
Гарачай пакласці на бляху, астудзіць, нарэзаць кавалкамі і падаць з вяршкамі.
Тварог з калінавым жэле
З чаго гатаваць:
30 г калінавага жэле,
100 г тварагу,
1-2 ст. л. вяршкоў,
мёд (да смаку).
Для гэтай стравы лепш выкарыстоўваць вясковы тварог
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Тварог перамяшаць з жэле, дадаць мёд (цукар) і заправіць вяршкамі.
Начынка для пірага з каліны і тварагу
З чаго гатаваць:
ягады каліны,
тварог,
мёд (да смаку),
1 жаўток.
Як гатаваць. Колькасць інгрыдыентаў залежыць ад аб’ему пірага. Тварог перамяшаць з калінай, мёдам (цукрам) і жаўтком да атрымання аднароднай масы. Выкласці на цеста.
Гарбата з кветак каліны і глогу
З чаго гатаваць:
0,5 ч. л. кветак каліны,
0,5 ч. л. кветак глогу,
250 г вады,
1 ч. л. мёду
Кветкі каліны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Сухія кветкі каліны і глогу заліць шклянкай кіпеню, настаяць 5 хв.
Піць з мёдам (цукрам) 2 разы ў дзень пры прастудзе і галаўных болях.
"Кава" з насення каліны
З чаго гатаваць:
насенне каліны,
вада (па патрэбе).
Як гатаваць. Калі гатуюць сок або жэле, застаецца шмат насення, якое звычайна выкідаюць, але дарэмна, бо з яго можна прыгатаваць сурагат кавы.
Насенне трэба адмыць, высушыць на паветры, абсмажыць у печы (духоўцы) да карычневага колеру і змалоць.
Варыць, як каву, рэгулюючы колькасць парашку да смаку.
Смачна есці!
Каліна – старажытная ягада з беларускіх лясоў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Трэці Спас – частавацца арэхамі час", або Містычнае і кулінарнае падарожжа ў край ляшчыны
"Радасць гор" у продкавым кубку, або Варым напіткі з духмянай мацярдушкі
"Што Бог дасць у дар", або Гатуем багатую "бацвінню" на Ціхана