"Цымпаперам" па рондалі, або Сустракаем жалезны тыдзень з пружанскай кухняй

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, якія продкавыя сродкі могуць дапамагчы дбайна пачысціць жалезныя кухонныя прылады, і прапануе прыгатаваць рулет са свіной галёнкі ды бурачкі з грыбамі па даўніх рэцэптах з Пружан.
Sputnik
Сёлетні кастрычнік больш падобны да верасня. І ўсё ж восень упрата крочыць да зімы. Задажджыла, а кастрычнік – багаты на зменлівае надвор’е – паказвае свой халерычны характар: зранку дождж, у абед сонца, а ўвечары можа быць і снег, які хутка знікае.
Згодна з народным календаром 8 кастрычніка адзначаюць прысвятак Сяргей, а гэта значыць, што ў гэты дзень прынята віншаваць з імянінамі ўсіх Сяргеяў.
Даўней казалі, што "з Сяргея пачынаецца зіма". Што ж, пабачым. А пакуль што ад 8 кастрычніка пачынаецца асаблівы тыдзень, які ў народзе атрымаў назву "жалезны", калі па даўняй завядзёнцы чысцяць і змазваюць жалезныя рэчы, каб цэлы год не ржавелі і не ламаліся.
Кухоннае начынне

Ад тавоту да лугу

На двары з кожным днём усё халадней – і ўсё часцей хочацца прытуліцца да гарачай печы. Але жывучы ў вёсцы, няма месца гультайству. Тым больш, што ў пачатку кастрычніка ў гаспадароў работы яшчэ хоць адбаўляй. Ды і абібокам адзін сказ:
"Лень жуе чалавека як іржа жалеза!"
Валадарства гаспадыні – кухня. Тут працы столькі, што без дапамогі не абысціся – асабліва там, дзе акрамя газавай пліты ёсць яшчэ і дрывяная печ. Трэба пачысціць да бляску чыгункі і патэльні, вілкі і качэргі, трыногі і ёмкі, нажы і відэльцы, міскі, лыжкі і г.д. Карацей кажучы, усё дагледзець і спарадкаваць, каб прадметы добра служылі і былі даўгавечныя. У горадзе таксама не грэх на працягу тыдня перагледзець усе жалезныя прадметы, якія маюцца ў гаспадарцы, і, магчыма, выкінуць непатрэбнае.
Старая жалезная тарка
Зразумела, што сёння можна зайсці ў гаспадарчую краму і набыць любы сродак для догляду за металам, а прадавец-кансультант яшчэ і патлумачыць, што да чаго. Век прагрэсу! Але цікава: чым і як чысцілі рэчы з розных металаў нашы продкі? Магчыма іх вопыт у гэтай справе будзе нам не лішні.
Так, матуля казала, што дзед змазваў рухомыя металічныя дэталі тавотам (старая назва салідолу). Пячныя прылады і чыгункі бабуля чысціла пяском пры дапамозе вехця, які скручвала з хвашчу або інакшай жорсткай травы, відэльцы чысціла попелам або "цымпаперам" (папера накшталт наждачнай), рабіла мыючы сродак з попелу і гарачай вады, які называўся луг. Вядома ж, усё гэта рабілася не ў адзін дзень, але калі ўсё было зроблена і прылады з посудам зіхацелі, гатаваць на прыбранай кухні было яшчэ больш прыемна.
Вілкі і чапяла

Пружанскія заедкі

Люблю той момант, калі ў печы трэба зачыніць юшку. Як толькі металічны кружок зачыняе адтуліну, водар смачных страў адразу б’е ў нос і пачынаецца таямніца спажывання страў! Асабліва такіх цікавых, як заедкі па рэцэптах народнай кухні Пружаншчыны.

Рулет са свіной галёнкі

Страва гатуецца паводле рэцэпта пружанскай гаспадыні Веры Тарасевіч.
З чаго гатаваць:
1 свіная галёнка,
3-5 гарошын перцу духмянага,
молаты перац (па патрэбе),
каляндра (па патрэбе),
2 шт. лаўровага лісця,
3-4 зубкі часнаку,
3-3,5 л вады,
соль (да смаку).
Галёнка вараная да рулету
Як гатаваць. Галёнку з косткай варыць 1,5 гадзіны разам з духмяным перцам, лаўровым лістом і соллю.
Як зварыцца, злёгку ахаладзіць і акуратна выдаліць костку. Пасыпаць мяса тоўчаным часнаком, перцам і каляндрай, скруціць у рулет, плотна абвязаць марляй, пакласці на талерку пад гнёт і паставіць на холад на 8-10 гадзін.
Мясны рулет

Паштэт пячоначны

Гэтая і наступная стравы гатуюцца паводле рэцэпта ад Яўгеніі Салапуры з аграгарадка Шэні.
З чаго гатаваць:
500 г свіной печані,
150 г свежага сала,
2 морквіны,
2 цыбулі,
3 яйкі,
перац молаты (па патрэбе),
соль (да смаку).
Смачны паштэт
Як гатаваць. Зварыць печань да паўгатоўнасці. Нарэзаць сала кубікамі і падсмажыць да мяккасці, дадаць туды натаркаваную моркву і дробна нарэзаную цыбулю, накрыць накрыўкай і тушыць 5-8 хв.
Печань і сала ахаладзіць, перакруціць некалькі разоў праз мясарубку. У атрыманую масу дадаць злёгку ўзбітыя яйкі, соль і перац. Усё добра перамяшаць і выкласці на змазаную тлушчам бляху слоем у 3-5 см. Уставіць у печ або духоўку і запякаць 40-50 хв.
Страву падаваць халоднай з хлебам і зелянінай кропу (пятрушкі).

Бурачкі з грыбамі

З чаго гатаваць:
2-3 буракі,
5-6 зубкоў часнаку,
80 г сухіх грыбоў,
3-4 ст. л. алею,
3-4 ст. л. хлебнага квасу,
перац молаты (па патрэбе),
соль (да смаку).
Грыбы ў чыгунку
Як гатаваць. Замачыць на некалькі гадзін грыбы, пасля адварыць іх у падсоленай вадзе.
Асобна зварыць буракі, астудзіць і нарэзаць паўкольцамі. Лустачкі буракоў перасыпаць дробна накрышаным часнаком, соллю, перцам, апырскаць квасам і паліць алеем.
Пакінуць страву ў халодным месцы на некалькі гадзін. Перад падачай да буракоў падаць дробна пакрышаныя сухія грыбы. Страву можна ўжываць як самастойную.
Смачна есці!
Гатуем у вясковай печы
Чытайце таксама:
"Лета канчаецца, як сявок у вянкі сплятаецца…", або Гатуем з цыбулі на продкавай кухні
Сустракаем Багач, або Гарбузовыя стравы на вераснёвым стале
"Чарнушкі – вон, а бялушкі – у хату…", або Робім раслінныя прыпасы на бабіна лета